Альбомы гурта Ulis з’явіліся на лічбавых пляцоўках

Сёння на лічбавых пляцоўках адбылося афіцыйнае лічбавае перавыданне пяці класічных альбомаў гурта Ulis: ад дэбютнага «Чужаніца» (1989) да апошняга на гэты момант дыска «Люстэрка» (2003).
Ulis – адзін з галоўных беларускіх рок-гуртоў, які быў заснаваны ў 1988 годзе шэрагам былых удзельнікаў гурта «Бонда». На пачатку 90-х калектыў быў вядомы не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Альбомы Ulis выдаваліся ў Маскве і Варшаве, музыкі гралі канцэрты ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Францыі, Эстоніі ды іншых краінах Еўропы.

Цягам часу шмат разоў змяняліся склад гурта і гучанне, але калектыў заўжды заставаўся выбітным прадстаўніком беларускай альтэрнатыўнай музыкі, які паўплываў на наступныя пакаленні айчынных рок-выканаўцаў. А кампазіцыя Ulis «Радыё Свабода» ў 2015 годзе трапіла ў топ-10 найвялікшых беларускіх песень усіх часоў, складзены TuzinFM паводле апытання 90 экспертаў.


Ад сёння на лічбавых пляцоўках дасяжныя альбомы “Чужаніца” (1989), “Краіна доўгай белай хмары” (1990), “Танцы на даху” (1993), “Падарожжа” (2000), “Люстэрка” (2003) – усе, якія раней выдаваліся на кампакт-дысках. Для большасці з іх – акрамя “Люстэрка” – гэта першы афіцыйны рэліз у лічбе.

Дзеля зручнасці створана адзіная спасылка на ўсе альбомы і пляцоўкі. Адначасова распачала працу Facebook-старонка, прысвечаная творчасці калектыва.

– Галоўнай ідэяй гурта Ulis заўсёды быў пастаянны эксперымент: музычны і тэкставы. Таму і альбомы атрымліваліся абсалютна рознымі, – кажа лідэр гурта Вячаслаў Корань. – На ранніх запісах гэта абвастралася жаданнем давесці сваю самастойнасць пасля сыходу з гурта “Бонда”. Яго хапіла на тры альбомы, пасля якіх нашы шляхі з тым складам разыйшліся. Далей ужо я паказваў, што хачу і магу ісці далей з іншымі музыкамі. Часам гэта былі сырыя, але цікавыя запісы, якія праз таксама можна будзе перавыдаць праз пэўны час. Фіналам гэтага шляху сталі альбомы “Падарожжа” і “Люстэрка”, да якіх я вырас як музыка і як гукарэжысёр. Я ўжо сам рабіў усё саўндпрадусаванне на дамашняй студыі.

Лічбавае перавыданне альбомаў Ulis здзейсніў беларускі лэйбл MediaCube Music, які сярод іншага ў сакавіку 2020 упершыню зрабіў дасяжным на лічбавых пляцоўках увесь класічны каталог N.R.M..


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: