Алена Анісім: У гэтым годзе плануем атрымаць ліцэнзію

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла пра тое, як ідзе працэс стварэння беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.



У сакавіку мінулага года ўніверсітэт прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю, а зараз ідзе праца па атрыманні ліцэнзіі. Выконвае абавязкі рэктара ўстановы Алег Трусаў.

Алена Анісім распавяла Радыё Рацыя:

— На гэты момант працягваем рыхтаваць дакументы, каб падаць іх на ліцэнзаванне. Тым часам, кожны тыдзень у нас праходзіць рэктарат, на якім падводзім вынікі таго, што ўжо зроблена, плануем, што неабходна зрабіць і ўдакладніць у дакументах.

Рэч у тым, пакуль няма ліцэнзіі, мы не можам браць людзей на сталую працу, хаця ўжо зараз заявак на супрацу назбіралася даволі шмат.

Дарэчы, зараз мы шмат ездзім па рэгіёнах, куды нас запрашаюць на курсы “Мова нанова”. Былі ў Гародні, Лідзе, Бабруйску, хутка адпраўляемся у Берасце, Рэчыцу і яшчэ некалькі гарадоў. Таму там мы таксама распавядаем пра будучы ўніверсітэт, праца ідзе па многіх накірунках.

— Ці атрымаецца ў гэтым годзе атрымаць ліцэнзію?

— Вельмі на гэта спадзяюся, хаця ў гэтым годзе наўрад ці атрымаецца набраць студэнтаў. Бо нават пасля атрымання ліцэнзіі патрэбен яшчэ як мінімум год для раскруткі ўстановы і набору абітурыентаў. Таму на гэты год задача такая: падаць дакументы і атрымаць ліцэнзію на дзейнасць універсітэта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!