Алесь Чумакоў прэзентуе сінгл «Вербы» з будучага альбома ірландскіх карчомных песень

У аснове кампазіцыі — верш пра каханне нобелеўскага лаўрэата Уільяма Батлера Ейтса.



Сінгл “Вербы” увойдзе ў сольны альбом удзельніка “Старога Ольсы” Алеся Чумакова, які атрымае назву “Праўда ў віне”. Песня пра першае каханне напісаная на верш класіка ірландскай літаратуры, нобелеўскага лаўрэата Уільяма Батлера Ейтса "Down By The Sally Garden", які пакладзены на традыцыйную ірландскую мелодыю. Пераклаў верш на беларускую мову Алесь Чумакоў.

"Праўда ў віне" — гэта альбом карчомных і гераічных ірландскіх песень у перакладзе на беларускую. Аранжыроўкі выкананыя на традыцыйных ірландскіх інструментах: акардэоне, скрыпцы, флейтах, вістлах, банджа, гітары ў ірландскім строі, баўране, барабанах і іншых.

У падтрымку выдання альбома Алесь распачаў краўдфандынг-кампанію на платформе ulej.by. Ужо сабрана больш за палову неабходнай сумы.

30 траўня ў клубе “Бруге” адбудзецца сумесны канцэрт Алеся Чумакова і грута Pawa. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!