У Мінску пройдзе патрыятычны метал-фэст

Тых, хто любіць Радзіму, цэніць метал і не цураецца фольку, запрашаюць на патрыятычны метал-фэст «Зважай! Крокам руш!», які адбудзецца ў клубе «Бруге» 21 сакавіка.

Музычны фестываль «Зважай! Крокам руш!» ладзіцца ўжо чацвёрты год запар. Яго ідэя ў тым, каб паказаць альтэрнатыўную металічную музыку ў самых розных яе галінах на беларускай мове, распавядае арганізатар фэсту, лідар гурта Znich Алесь Таболіч.


— У нас мала кажуць пра беларускамоўную альтэрнатыўную музыку. У Беларусі ўвогуле няма прамоўцыі, яе робяць тыя, хто займаецца музыкай, так не павінна быць, — мяркуе арганізатар.

Гэта адбываецца таму, што прамоўтары зазвычай працуюць з «хадавымі» гуртамі, на якіх можна зарабіць, перакананы музыка. А альтэрнатыўная музыка ў гэты крытэр — прынамсі, у Беларусі — не ўпісваецца.

— Усе буйныя фестывалі ў свеце прасоўваюць свае гурты, беларуская ж альтэрнатыва знаходзіцца нібы ў нейкім загоне. Хаця ні для каго не сакрэт, што на замежных фэстах нашыя гурты выступаюць. Той жа «Стары Ольса» даў сотні канцэртаў у Злучаных Штатах, не кажучы пра еўрапейскія фестывалі. Ці Irdorath, якія выступаюць у Германіі, Нідэрландах, Іспаніі. Нашы прамоўтары ўсё гэта ведаюць, але нікога не прасоўваюць, аргументуючы гэта тым, што ў нас метал-сцэна непапулярная. Хаця на шведскі гурт Sabaton ужо амаль усе квіткі прададзеныя.

Алесь Таболіч зазначае, што фестываль «Зважай! Крокам руш!» ствараецца не на фундатарскія грошы. Ён робіцца за ідэю і ўласныя сродкі арганізатараў. Тое, што вылучае фэст з шэрагу іншых — выразная патрыятычная накіраванасць.

— З усімі гэтымі інтэграцыйнымі працэсамі паўстае пытанне, ці будзе ўвогуле існаваць беларуская дзяржава. Таму ў грамадстве павінен быць здаровы патрыятызм. І мы спрабуем узняць у беларусах гэты дух, — тлумачыць Алесь Таболіч.


У сёлетнім фэсце ўдзел возьмуць усяго тры гурты: гомельская каманда Krumkač, метал-фолькавы праект Znich & Rutvica і трэш-метал гурт AQUAMORTA. Але, па сутнасці, яны адыграюць тры паўнавартасныя сэты, адзначае арганізатар. Да таго ж два з іх — Krumkač і Znich & Rutvica — прэзентуюць свае альбомы.

— Znich & Rutvica будуць прэзентаваць альбом «Рух сонца», будзем граць 1,5 гадзіны. З гэтай праграмай мы выступалі ў філармоніі, цяпер выдалі дыск. Яго канцэпцыя — архаічныя абрадавыя песні з розных рэгіёнаў Беларусі, яны звязаныя па коле раўнадзенства. Як сонца рухаецца па календары. У альбоме ёсць кампазіцыі і з музыкай, і традыцыйныя архаічныя спевы.

Першыя спробы спалучыць фольк з металам Znich рабіў напачатку 2000-х са спявачкай Наталляй Сухой (Валынец), але тады праект атрымаўся больш авангардным, стылізаваным. Тое ж, што атрымалася ў супрацы з Rutvica, — фактычна, чыстая архаіка. Удзельнікі праекта мараць пра тое, каб выйсці на еўрапейскія фестывалі. Але ўжо гэтым летам Znich & Rutvica будуць хэдлайнерамі на фэсце «Волынки мира» ў Маскве.

Дарэчы, для Znich эксперыменты з фолькам — не проста даніна модзе і цікавае гучанне. Алесь Таболіч некалі стаяў ля вытокаў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства — арганізацыі, якая ўжо больш за 20 гадоў займаецца захаваннем беларускай традыцыйнай культуры. Сам неаднаразова ездзіў у экспедыцыі і вывучаў старажытныя камяні. Таму такі музычны сімбіёз з Rutvica — своеасаблівае вяртанне да каранёў.

Адна з галоўных праблем у беларускай культуры — традыцыйнай ці альтэрнатыўнай — нават не фінансаванне, а адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы і засілле з боку рускай папсы. Але і недзяржаўную падтрымку знайсці таксама няпроста. Па словах Алеся Таболіча, яго каманду прынцыпова не запрашаюць выступаць на пляцоўках кшталту «Мова-фэсту» і канцэрта да Дня Волі, хаця там, кажа музыка, яны б з задавальненнем выступілі.

— Ніхто не можа быць па-за палітыкай, толькі ў труне, як сказаў адзін філосаф. З палітыкай звязана ўсё. Трэба людзей штурхаць і пастаянна даводзіць, што яны — беларусы, а не Польшча ці Северо-Западный край. Вось і паглядзім на фэсце «Зважай! Крокам руш!», дзе гэтыя патрыёты, якія любяць Беларусь і тысячамі ходзяць у «Пагонях» на канцэрты.

Квіткі на фэст «Зважай! Крокам руш!» можна набыць на сайце bezkassira.by.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: