Алесь Суша стаў старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў

Такое рашэнне прынялі 29 мая ў Мінску дэлегаты VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў.



На гэтай пасадзе Суша змяніў ранейшага кіраўніка асацыяцыі - акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гісторыка Міхаіла Касцюка, паведамляе БелаПАН.
 
 
Звяртаючыся да дэлегатаў форуму, Суша адзначыў, што яшчэ нядаўна меў намер адмовіцца ад магчымасці ўзначаліць МАБ, аднак цяпер «гатовы пераняць гэтую адказную працу».
 
 
Ён з упэўненасцю заявіў, што «напрацягу наступных пяці гадоў асацыяцыі трэба будзе змяняцца». МАБ, сказаў новаабраны старшыня арганізацыі, неабходна пашыраць геаграфію дзейнасці і «амалоджваць свае шэрагі», а таксама «наладзіць супрацоўніцтва з дыпламатычнымі і культурнымі цэнтрамі Беларусі за мяжой».
 
 
«Мы павінны паказаць сваю неабходнасць для беларускай дзяржавы і партнёраў, — падкрэсліў Суша. — Трэба абгрунтаваць сваю важнасць і быць цікавымі для тых, хто гатовы нам дапамагаць».
 
 
Унутраная камунікацыя членаў МАБ, лічыць ён, таксама павінна быць пераўтворана: «Трэба ўваходзіць у сацыяльныя сеткі, праводзіць сустрэчы членаў камісіі дыстанцыйна ў рэжыме вэб-канферэнцый». «Карыстаючыся сучаснымі тэхналогіямі, асацыяцыя можа пашырыць кантакты з маладымі даследчыкамі за мяжой», — дадаў Суша.
 
 
Новы кіраўнік асацыяцыі беларусістаў адзначыў, што менавіта МАБ павінна стаць ініцыятарам правядзення шматлікіх значных праектаў. Так, асацыяцыя павінна сама выйсці з прапановамі аб тым, як адзначыць наступныя знакавыя даты, сярод якіх 25-годдзе МАБ, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 100-годдзе рэвалюцыі 1917 года, 950-годдзе Мінска.
 
 
Міжнародная асацыяцыя беларусістаў — грамадскае навуковае і культурна-асветніцкае аб'яднанне, створанае ў траўні 1991 года. Сузаснавальнікамі МАБ выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, а таксама шэраг міністэрстваў —  адукацыі, культуры і замежных спраў. Арганізацыя аб'ядноўвае даследчыкаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асветы, перакладчыкаў, якія даследуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае развіццё беларускага народа, іншых спецыялістаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: