Аліна Талай падтрымала сацыяльную адукацыйную ініцыятыву «Чытаем па-беларуску з velcom»

Вядомая беларуская лёгкаатлетка, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Аліна Талай правядзе спецыяльныя дадатковыя ўрокі беларускай мовы і літаратуры для малодшых школьнікаў. Заняткі адбудуцца ў рамках сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»  і пройдуць у Пінску 5 кастрычніка.

Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў школьнікаў 2-3 класаў. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

«Выдатна, што існуе такі праект як «Чытаем па-беларуску з velcom», які ў займальнай форме распавядае пра родную культуру, гісторыю, мову і літаратуру. Безумоўна, гэта вельмі актуальная для нашай краіны сацыяльная ініцыятыва. Я з радасцю падтрымліваю гэту сацыяльную ініцыятыву і спадзяюся, што да яе далучацца і іншыя спартоўцы», –   пракаментавала беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай.

На працягу першага месяца новага навучальнага года спецыяльныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры ўжо прайшлі ў Брэсце, Кобрыне, Баранавічах і Бярозе. У першыя дні кастрычніка каманда арганізатараў і настаўнікаў праекта прыедзе з займальнымі заняткамі ў школы Пінска і Лунінца. У гэтых гарадах распавядаць пра беларускую мову, літаратуру і культуру ў новай форме для малодшых школьнікаў будзе і Юрый Жыгамонт – адзін з пастаянных настаўнікаў праекта.

Пасля Брэсцкай вобласці ў сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве «Чытаем па-беларуску з velcom» прыме ўдзел 25 школ Гродзенскай вобласці. За час правядзення праекта ўжо больш 8 000 вучняў паўдзельнічалі ў дадатковых уроках роднай мовы, дзе ў ролі настаўнікаў выступалі шматлікія беларускія пісьменнікі, акцёры, тэлевядучыя, спартоўцы. Плануецца, што «Чытаем па-беларуску з velcom» ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі.

Паводле Будзьма беларусамі!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: