Аляксандр Кулінковіч: Быць, а не здавацца

Год таму, 4 жніўня 2018 года, пайшоў з жыцця Аляксандр Кулінковіч – лідар гурта «Нейра Дзюбель».

Упершыню я пачуў Аляксандра Кулінковіча ў сярэдзіне нулявых. Гэта была песня «Марскі чалавек» на верш Міхала Анемпадыстава з альбома «Каралі раёну» праекта «Крамбамбуля». На вокладцы сярод знаёмых імёнаў Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка я пабачыў імя выканаўцы, якога раней не чуў: Аляксандр Кулінковіч. Па гэтай прычыне менавіта гэты трэк я вырашыў паслухаць першым – і нават некалькі разоў запар.

Аляксандр Кулінковіч меў вельмі адметны голас, які цяжка пераблытаць з чыімсьці яшчэ. Ад іншых зорак беларускай музычнай сцэны ён адрозніваўся тым, што пры ўсёй сваёй вядомасці заставаўся дзіўна цэльным. Той Кулінковіч, якога глядач бачыў на сцэне, падчас інтэрв'ю з ім, не моцна адрозніваўся ад таго Кулінковіча, якім ён быў у сваім штодзённым жыцці. Шчырасць пераважала над шоу. Гэта, пэўна, і прываблівала вялікую колькасць яго прыхільнікаў.

Аляксандр Кулінковіч адмовіўся выступаць на БНР-100, вёў калонку ў «Советской Белоруссии». Але гэтыя моманты ў значна большай ступені падкрэслівалі яго самадастатковасць, якая праяўляецца ў некан'юнктурнасці і здольнасці самастойна прымаць рашэнні, чым нейкую міфічную «праўладнасць». Аляксандр Кулінковіч заўсёды рабіў тое, што лічыў патрэбным, а не тое, што ў дадзены момант было ў трэндзе.

Аляксандр Кулінковіч аб’ядноўваў беларусаў вакол сябе. На яго канцэртах можна было сустрэць як беларускамоўных, так і рускамоўных слухачоў. І спяваў ён таксама на дзвюх мовах.

Пасля яго смерці на канцэртах памяці збіраліся сотні людзей, дзясяткі музыкаў – і гэта падкрэслівае той факт, што Аляксандр Кулінковіч быў, ёсць і будзе знакавай постацю для беларускай музычнай сцэны. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!