Аляксандр Рыпінскі вяртаецца на радзіму

У Мінску ў межах цыкла "Месяц польскай літаратуры" 5 лістапада будзе прэзентавана кніга Людмілы Хмяльніцкай «Лёс інсургента: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе».
By J. Llanta - Jerzy Skowronek, Irena Tessaro-Kosimowa - "Warszawa w powstaniu listopadowym" (Warszawa 1980), Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=66608431

By J. Llanta - Jerzy Skowronek, Irena Tessaro-Kosimowa - "Warszawa w powstaniu listopadowym" (Warszawa 1980), Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=66608431

Біяграфія аднаго з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, паэта, аднаго з першых беларускіх фатографаў Аляксандра Рыпінскага выйшла ў серыі “Наша ХІХ стагоддзе” выдавецтва “Лімарыус” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

“Вывучэнне беларускага фальклору, заахвочанае любоўю да мовы і народа, сярод якога рос, а таксама ўласныя літаратурныя творы, напісаныя на роднай яму польскай мове, робяць творчасць А. Рыпінскага здабыткам адразу дзвюх славянскіх літаратур — польскай і беларускай. Яшчэ з маладых гадоў А. Рыпінскі жыў толькі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра гонар і абавязак. Яго пераследавалі ўлады царскай Расіі, і ён быў вымушаны пакінуць месцы, дзе нарадзіўся. Раптоўныя развітанні з сябрамі і блізкімі, суровае жыццё эмігранта, якое прымушала да пераездаў з краіны ў краіну, да нечаканай змены дзейнасці, разумелася не ўсімі нават у яго акружэнні...”, — адзначае аўтарка.

Дакументальная аповесць віцебскай даследчыцы Людмілы Хмяльніцкай заснавана на архіўных матэрыялах. Сярод герояў гэтай кнігі таксама паэты Адам Міцкевіч і Вільгельм Кюхельбекер, палітыкі Адам Ежы Чартарыйскі і Анджэй Тавяньскі, імператары і міністры, дыпламаты і вайскоўцы. У кнізе апісваецца жыццёвы шлях Аляксандра Рыпінскага ад навучання ў Віцебскай базыльянскай гімназіі да жыцця ў эміграцыі і вяртання на радзіму, прадстаўляецца агляд друкаванай і нявыдадзенай творчай спадчыны. Упершыню падрабязна разглядаюцца апошнія гады жыцця, падаюцца дата смерці і месца пахавання.


У прэзентацыі бяруць удзел:
Людміла Хмяльніцкая, гісторык культуры, аўтарка кнігі; Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў; Дзмітрый Матвейчык, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі; Сямён Букчын, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік
Мадэратар — Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, каардынатар выдавецкай серыі "Наша XIX стагоддзе".

Мерапрыемства пройдзе 5 лістапада ў Доме-музеі Ваньковічаў (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А). Пачатак у 18:30. Уваход вольны.

Дадатковая інфармацыя на сайце instpol.by і ў сацыяльных сетках: facebook.com, vk.com.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!