Аляксей Палуян: «Лістапад» вярнуўся пад аўтарытарнае кіраўніцтва і ідэалагічны кантроль рэжыму

Цяперашні кінафестываль «Лістапад» не толькі сам зробіцца таксічным – ён спрыяе сур’ёзным іміджавым стратам усіх сваіх удзельнікаў і партнёраў, гаворыцца ў адкрытым лісце.

Рэжысёр Аляксей Палуян звярнуўся да беларускай кінасупольнасці з прапановай падтрымаць адкрыты ліст да кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі Кінапрадзюсараў, адзначае by_culture.

У лісце сфармуляванае патрабаванне адрэагаваць на сітуацыю вакол Мінскага Міжнароднага Кінафестывалю “Лістапад” і прыпыніць акрэдытацыю FIAPF Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад" да змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пра гэта рэжысёр напісаў у сваім Facebook.

У лісце, які падпісалі шэраг культурных дзеячаў, рэжысёраў, кінакрытыкаў, журналістаў, гаворыцца

«У Беларусі адбываецца моцны палітычны крызіс. Мірных грамадзян саджаюць у турмы па крымінальных артыкулах. Незалежныя СМІ і НДА ліквідуюць або прызнаюць экстрэмісцкімі. Спецслужбы палююць на журналістаў і кінадакументалістаў. Арт-актывісты, нязгодныя з палітычным тэрорам улады, трапілі ў жорны рэпрэсій. Забарона на прафесію, турэмныя тэрміны і катаванні, псіхалагічны ціск і вымушаная эміграцыя сталі штодзённай павесткай жыцця беларускай культуры.

Агульная колькасць затрыманых па палітычных матывах дасягнула 40 тысяч. На сёння у Беларусі 673 палітвязні. Не менш як 79 з іх працуюць у сферы культуры.

Рэпрэсіі закранулі не толькі асобных артыстаў, але і культурныя праекты. 13 жніўня 2021 па рашэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адбылося фактычнае перафарматаванне Мінскага Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Былая каманда фэсту — прыватны Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АртКарпорэйшн» — за 11 год ператварыла “Лістапад” у падзею міжнароднага ўзроўню, але была пазбаўлена сваіх паўнамоцтваў. Па рашэнні ўладаў юрыдычная асоба Цэнтра фактычна анулявана.

“Лістапад” вярнуўся пад аўтарытарнае кіраўніцтва і ідэалагічны кантроль рэжыму. Гэта знявага не толькі беларускай культуры, але і сэнсу міжнароднага фэстывальнага кінаруху – творчых эксперыментаў і крэатыўнай нязгоды, супольнага асэнсавання балючых пытанняў эпохі.

Новая канцэпцыя кінафестывалю выключае з праграмы шэраг важных кірункаў: нацыянальны конкурс, конкурс мастацкага кіно “Маладосць на маршы”, конкурс нацыянальных кінашкол. Маладыя беларускія і замежныя рэжысёры страцілі такім чынам важную пляцоўку для творчай камунікацыі і міжнародных кантактаў.

Не менш істотная і трансфармацыя сэнсаў. Атрыманне акрэдытацыі ад Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі кінапрадусараў (FIAPF) патрабуе, як вядома, арыгінальнасці фармату. Сутнасцю галоўных праграм “Лістапада” апошнім часам быў драматычны досвед посткамуністычных краін у пошуках лепшага заўтра. Дзяржаве, што вяртаецца у змрок таталітарнага мінулага, будучыня не патрэбна. А значыць, не патрэбны і базавы акцэнт былога “Лістапада”.

Мы лічым, што кінафестываль міжнароднага ўзроўню не можа адбыцца ў краіне, дзе дзеячы культуры існуюць у сітуацыі штодзённага дзяржаўнага тэрору.

“Папраўлены” “Лістапад” не толькі сам зробіцца таксічным – ён спрыяе сур’ёзным іміджавым стратам усіх сваіх удзельнікаў і партнёраў».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: