Алкаголь у БНР: спірт, самагон і размовы пра палітыку

Якое месца займаў алкаголь у гісторыі БНР? Гэтае пытанне гісторыкі патрыятычнага кірунку заўжды абміналі. А вось апаненты, паводле класікі жанру, наадварот, акцэнтавалі ўвагу: ворагі савецкай улады — заўжды «пад мухай»... А як было насамрэч?

Так сталася, што ў гісторыі БНР алкаголь найчасцей звязаны з драматычнымі эпізодамі, хоць найбольш вядомае дакументальнае сведчанне таго, як «залівалі» айцы рэспублікі, — гэта здымак са святкавання гадавіны 25 сакавіка ў Гродне ў 1919-м, падзеі пазітыўнай і мажорнай. На фота мы бачым стол, застаўлены бутэлькамі з цёмнага шкла, найхутчэй з віном...

Спойванне эсэраў даўжынёй у два тыдні

Алкаголь — гэта сродак не толькі камунікацыі, але яшчэ і палітычнай гульні. Захаваўся ліст Антона Луцкевіча да Зайца і Баркова ў Берлін ад 4 студзеня 1920 года. Там ён піша пра «авантуру» — спробу перавароту ва Урадзе БНР — і інструменты перавароту, сярод якіх, канечне ж, алкаголь:

«...п. Крэчэўскі, на рукі каторага дадзены былі грошы для Рады, (...) часьць гэтых грошаў выдаў на свае асабістыя патрэбы і, прыехаўшы ў Менск, адмовіўся аддаваць грошы і атчот прэзыдыўму Рады. Адначасова началося беспрабуднае спаіваньне Крэчэўскім групы разных с.-р. (эсэраў), трываўшае два тыдні. У рэзультаце (...) была зроблена змова, каб скінуць цяперашні прэзідыўм Рады і Урад...»

Цікава, што гаворка пра таго самага Пятра Крэчэўскага, які пасля Берлінскай канферэнцыі ў 1926 годзе не здасць свайго міністэрскага мандату на карысць БССР і збярэ вакол сябе прыхільнікаў БНР на эміграцыі, што і дало магчымасць Ураду працягнуць жыццё ажно дагэтуль. Такі быў чалавек: з добрай інтуіцыяй і, відаць, моцным здароўем.

«Алкаголік, бандыт, але... добры афіцэр»

Кажучы пра алкаголь, немагчыма абмінуць і балахоўцаў. З аднаго боку, спайка «бацька-атаман — пагромы — самагон» надта падобная на прымітыўнае прапагандысцкае клішэ. Такое сабе «Вяселле ў Малінаўцы» з Папандопулам і папом, які падчас гулянкі прадае крыж за керанкі. З іншага боку, наіўна думаць, што стракатае фармаванне, якое гадамі займалася партызанскімі рэйдамі, трымалася ЗОЖу.

Каб не быць галаслоўнымі, звернемся да пары характарыстык афіцэраў Балаховіча, падрыхтаваных ІІ аддзелам польскага Генштаба (афіцэрам Станіславам Ліс-Блонскім):

«Паўлоўскі, камандзір кавалерыйскага палка, палкоўнік. Ротмістр старой расійскай службы. Са словаў генерала Балаховіча „найбольшы бандытале добры афіцэр. Вельмі адважны, але заўседы рабуе і жаўнерам гэта дазваляе. Разам з аддзелам удзельнічаў у эксцэсах у Камені-Кашырскім. Як алкаголік часцей заўсе робіць гэта па п’яному»

А вось яшчэ:

«Смірноўчын, палкоўнік. Ротмістр старой расійскай службы. На фронце нічым не кіраваў. Увесь час думаў адкуль узяць грошы. Алкаголік, як артылерыст — добры баявы афіцер. Усё гэта са словаў генерала Балаховіча. Я яго ў баі не бачыў, заўседы толькі чуў аб яго авантурах у п’яным стане.»

Ну і гэтае:

«Цімчанка [Сірочанка Леон], ад’ютант Балаховіча, ротмістр. Алкаголік, амаль кожны дзень п’яны. Злачынстваў не з’дзяйсняў».

З песні, як кажуць, слова не выкінеш. Пра псіхалагічную дапамогу вайскоўцам, якія гадамі не бачылі дома, адно кроў ды забітых таварышаў, яшчэ ніхто не думаў. Нашмат прасцейшым антыдэпрэсантам быў, відаць, самагон, якім «бацька» не саромеўся частаваць сваіх «сынкоў». Таксама было і ў іншых арміях, асабліва сярод хаосу Грамадзянскай вайны...

Тэрор, гарэлка і цукеркі

Кажучы пра алкаголь у войску, можна згадаць і яшчэ адзін эпізод. Партызаны атамана Чорта, якія дзейнічалі ў пачатку 1920-х супраць Польшчы і каардынаваліся Урадам БНР Ластоўскага, неяк разграмілі мястэчка Кляшчаны, абрабаваўшы там пошту і... краму. У краме знайшлося багата бутэлек з гарэлкай, якая была выпітая адносна недалёка, у лесе.

Цікавы момант: апроч напояў у краме былі таксама цукеркі. Дык вось, партызаны іх елі па дарозе, пакідаючы па сабе сцежку з папяровых абгортак, па якой палякі іх і знайшлі ў непрытомным стане: усіх арыштавалі і расстралялі. Даволі павучальная гісторыя пра алкаголь, дысцыпліну і небяспеку любові да салодкага.

«Для прыёму патрэбны спірт»

Як вядома, алкаголь, роўна як і сэкс, — гэта старадаўні інструмент працы спецслужбаў. Вядомая гісторыя Іосіфа і Станіславы Пушкіных, якія ў 1920-м працавалі ў Гродне на польскую дэфензіву ў беларускім асяродку. Бывалі ў «Беларускай хатцы» ў выходныя, слухалі, знаёміліся. Але гэтага мала, таму пачалі арганізоўваць «паці» для беларускіх дзеячаў на сваёй прыватнай кватэры... вядома, з алкаголем.

У хуткім часе Іосіф з’язджае ў Варшаву, каб перайсці на новы этап: адчыніць сваю кавярню і падпойваць цікавых суб’ектаў ужо там. Аднак кіраўніцтва ІІ аддзела патрабуе вярнуць Станіславу назад у Гродна, каб «дзякуючы яе асабістым адносінам тут на месцы і надалей магчыма было весці нагляд за канспіратыўным беларускім камітэтам».

Што гэта за адносіны? Бачна з дакументаў: «Вечарам, каля сёмай, — піша агент L 2332 пра сустрэчы з Сяргеям Баранам, звязаным з Урадам БНР Ластоўскага, — ён быў у мяне. Я прапанавала яму выпіць. (...) Пасля нейкага часу прыйшоў Драздоўскі і мы адразу селі вячэраць. Пасля некалькіх шклянак гарэлкі я заўважыла, што яны ўжо трошку падпітыя і распачыла гаворку на палітычныя тэмы...»

Ну і гэта проста прыўкрасна, вытрымка з рапарту да пана паручніка: «...Заўтра ўвечары да мяне збіраліся зайсці Дубейкаўскі, Смоліч, Трэпка, Баранаў ды інш., — усяго дванаццаць беларусаў... Баранаў казаў, што гэта не простыя беларусы, а найлепшыя нацыянальныя дзеячы». І фінал: «Для прыёма патрыбны спірт...»

***

Як пісаў Чэстэртан, піць трэба ў выпадках, калі табе добра. Інакш, калі п’еш у дрэннай сітуацыі, будзе яшчэ горш... Дзеячы БНР, відаць, не заўсёды трымаліся гэтага правіла, таму іх лавілі, арыштоўвалі, выцягвалі інфармацыю. Гэта праўдзіва і вельмі па-чалавечы. Усе памыляюцца, усе — жывыя людзі. Былі б мёртвымі — не памыляліся б. Апошняе гучыць як тост, таму — «Будзьма!».

Алесь Кіркевіч, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!