Альтэрнатыўны таталітарызм ужо настаў

Савецкая імперыя не распалася. Чырвоны таталітарызм моцны, як аніколі, а дэмакратыя занепадае. У новых серыялах так паказваюць фантастычную рэчаіснасць. Але чаму альтэрнатыўны таталітарызм ужо грукае ў нашыя дзверы?
Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Польскі серыял «1983», што з’явіўся пад канец 2018 года на платформе «Netflix», і другі сезон расійскага «Адваротнага баку поўні» (прэм’ера 2016 года) гавораць пра савецкі свет, які ўсё яшчэ жывы і магутны. Новы савецкі таталітарызм — нягледзячы на вельмі розную мастацкую і ідэйную якасць стужак — мае сем агульных прыкмет.

Змена ідэалагічнай базы — першая рыса альтэрнатыўнага таталітарызму.

У фільме «1983» камуністычная партыя пасля шэрагу выбухаў жылых дамоў у польскіх гарадах ідзе на саюз з Касцёлам. Ва Усходняй Еўропе не адбылося ніякіх аксамітных рэвалюцый, а ў Савецкім Саюзе не было перабудовы. У 2003 годзе партыя і Касцёл гарантуюць усім «Права і справядлівасць» (намёк на кіроўную цяпер у Польшчы партыю), а жалобныя гадавіны выбухаў адзначаюцца, як дзяржаўна-рэлігійная цырымоніі, калі царкоўны хор натхнёна спявае гімны на матывы камуністычных песняў.
Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Фільм, сцэнар для якога напісаў амерыканец Джошуа Лонг з падачы акцёра Мацея Мусяла, выкінуў з мінулага ключавых гульцоў разам з папам Янам Паўлам ІІ. Духоўныя аўтарытэты цяпер не патрэбныя: новы таталітарызм у першую чаргу карумпуе святыні дый залівае цэментам гісторыю.

У «Адваротным баку поўні», які здымаўся ў Мінску, таталітарызм грунтуецца на саладжавым гэбізме, узмоцненым крыкамі «Марс наш!». Кічавы гэбізм паўстаў пасля таго, як маскоўскі мент, які трапіў у 1979 год (у цела свайго бацькі) даў каштоўныя парады неадчэпнаму чэкісту (у альтэрнатыўным 2011 годзе партрэт гэбіста, як кіраўніка магутнай дзяржавы ўжо красуецца і на грошах).

Кадр з стужкі «Адваротны бок поўні», kino-teatr.ru

Кадр з стужкі «Адваротны бок поўні», kino-teatr.ru

Не буду нагадваць, што ў рэчаіснасці гэбісцкі рэжым у Расіі паўстаў пасля падазроных выбухаў жылых дамоў у Маскве, а цяпер ён у «поўнай сімфоніі» з праваслаўнай царквой.

Дарэчы, яшчэ раней ідэалагічную базу змянілі кітайскія камуністы. Па смерці Мао Цзэдуна іх партыя будуе свой — падпарадкаваны партыі — капіталізм.

Другая рыса альтэрнатыўнага таталітарызму — эфект моцы, заснаваны на схаваных і скрадзеных ведах.

У расійскім серыяле гэта веды «пападанца» — папулярнага персанажа рэваншысцкай фантастыкі. У польскім фільме — ядзерная зброя, якую атрымала ажыўленая Польская Народная Рэспубліка. Зброя развязвае рукі — і дазваляе весці сваю гульню.

Кадр з стужкі «Адваротны бок поўні», kino-teatr.ru

Кадр з стужкі «Адваротны бок поўні», kino-teatr.ru

Архаічны таталітарны рэжым Кім Чэн Ына, які мае ядзерную зброю і ракеты, вядзе сябе менавіта так. Сыходзіць ён не збіраецца — і цудоўна адчувае сябе ў нашыя часы.

Татальны лічбавы кантроль і празрыстасць — трэцяя рыса альтэрнатыўнага таталітарызму. Камеры, тэлефоны, празрыстыя будынкі — чалавеку, бадай, няма куды і схавацца. Грувастка-шкляныя гаргары з «1983» увасабляюць гэтую эпоху эфектыўнага і надзейнага кантролю. У «Адваротным баку поўні» спецслужба ўвогуле кіруе дзяржавай. І спецслужба гэтая на адлегласці бачыць усё: нават колькасць рублёў у схаванай заначцы.

Але і гэта ўжо рэальнасць. Кітай, які актыўна працуе над штучным інтэлектам, прыдумаў ужо «сацыяльны крэдыт», калі людзі, у залежнасці ад іх пакупак, штрафаў, рухаў і, галоўнае, у залежнасці ад лаяльнасці да камуністычнай партыі — што аналізуецца кампутарамі — атрымліваюць ці не атрымліваюць сацыяльныя даброты.
Кадр з стужкі «Адваротны бок поўні», kino-teatr.ru

Кадр з стужкі «Адваротны бок поўні», kino-teatr.ru

Чацвёртая прыкмета альтэрнатыўнага таталітарызму — эканамічная адкрытасць Захаду.

Гэта гульня з Захадам супраць Захаду, карумпаванне яго, гэта разлажэнне ўласнага грамадства праз асалоду канфармізму і спажывецтва. У фільме «1983» камуністы вядуць сябе як менеджары карпарацый, якія ахвотна лётаюць за мяжу, каб плесці патаемныя змовы. У расійскім фільме Савецкі Саюз падкупляе і паглынае чарговыя тэрыторыі.

Пуцінская карупцыя, што закранула Захад — жывое ўвасабленне альтэрнатыўнага таталітарызму.

Хлусня замест гвалту — пятая рыса альтэрнатыўнага таталітарызму.

У таталітарызме звычайным хлусня прыкрывала гвалт, апраўдвала яго, рабіла яго прыгожым. У альтэрнатыўным таталітарызме гвалт — другасная частка хлусні, ён выкарыстоўваецца як прылада для эфектаў на тэлевізійнай карцінцы. Выбухі дамоў у «1983» — гэта гвалт на службе ў хлусні, калі хлусня пакрывае хлусню, паўсюль здрады і нават ганаровая труна ахвяры — пустая.
Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Гвалт як другасная частка хлусні — галоўны прынцып сучаснай расійскай тэлевізіі. Не вядоўцы хлусяць пра войны і выбухі, а войны і выбухі арганізуюцца, каб маглі хлусіць вядоўцы. Менавіта машыны хлусні — тэлевізія, фабрыкі троляў — галоўная зброя гібрыднай вайны, якой падпарадкоўваецца звычайны ваенны гвалт.

Нечаканыя саюзнікі і вайна ўсіх супраць усіх — гэта шостая рыса альтэрнатыўнага таталітарызму. У «1983» польскія агенты падтрымліваюць вайну на Балканах і ў Чачэніі, а змоўнікі-афіцэры ўваходзяць у саюз з іранскімі муламі. В’етнамская мафія (аналаг — кітайская мафія з амерыканскай фантастыкі дый «Мовы» Віктара Марціновіча) таксама грае асобную ролю ў гэтым раскладзе, не гаворачы ўжо пра дзіўныя дзяржаўныя сувязі.
Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

У расійскім серыяле ўсё прымітыўней — Савецкі Саюз паглынае адных і клапоціцца пра іншых — на ўсім зямным шары.

Вайна ўсіх супраць усіх, нечаканыя альянсы і здраджаныя саюзнікі — хіба гэта не адметнасць нашага часу? Трамп — і Кім Чэн Ыр, Абама — і іранскія мулы, Пуцін — які фінансуе адначасова камуністаў і фашыстаў.

Нарэшце, апошняя і падставовая рыса альтэрнатыўнага таталітарызму: крызіс тоеснасці. Альтэрнатыўны таталітарызм вырастае з гэтага крызісу. У польскай карціне падпольшчыкі адкрываюць пустэчу ўласнай гісторыі — і паўстаюць супраць людзей, якіх лічылі сям’ёй. Але і сапраўдная сям’я — перакручаная няпраўдай, магілы — пустыя, і нават чытанне «Дзядоў» Міцкевіча — чарговая пастка.
Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

Кадр з стужкі «1983», spidersweb.pl

У расійскім серыяле крызіс тоеснасці вырашаецца наадварот, праз інцэстуозна-сямейныя сувязі галоўнага героя, а грамадзяне не бунтуюць, а зліваюцца з таталітарнай уладай.

Толькі крызіс тоеснасці нарастае.

Змова на змове, суцэльныя здрады, інтрыгі і нечаканыя саюзнікі — гэта цяперашні свет з «альтэрнатыўнымі правымі», барацьбой з «сусветнай закулісай» і бунтам разгубленых грамадзян, якія шукаюць ратунку. Празрыстасць, хлусня, ядзерны шантаж, ідэалагічная акрабатыка, усеагульная вайна за тоеснасць...

Альтэрнатыўны таталітарызм ужо настаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!