Амаль помнік амаль Караткевічу

Дзіўнавата, пагадзіцеся, калі помнік, пляцоўку для якога дагэтуль не здолела знайсці дзяржава, раптам ставіць у сябе на феодзе, ля замка творчасці, адзін харошы і даволі багаты чалавек. Гэта ўжо амаль што дзёрзка.

Гэтая гісторыя магла здарыцца толькі ў Беларусі. Вось ёсць пісьменнік, якога чытае і любіць уся краіна. Аўтар, творы якога з году ў год трапляюць у самыя чытаныя кнігі нацыянальнай літаратуры ўсіх часоў. Калі можна згадаць асобу, адносна таленту якой у грамадстве існуе абсалютны кансенсус, — дык вось ён, гэты мужчына.

Пісьменніку няма помніку ў сталіцы гэтай краіны. Горадзе, дзе ён жыў і працаваў, дзе напісаў свае значныя творы. Можна пачуць дзве версіі таго, чаму помнік, анансаваны Мінкультам яшчэ ў 2010 — 2011 гадах, так і не быў узведзены: афіцыйную і шчырую. І абедзве вас не парадуюць. І вось, напярэдадні дня народзінаў гэтага пісьменніка, у Асмолаўцы, насупраць прыватнага прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, звязанага з адным харошым і даволі багатым чалавекам, з’яўляецца нязграбная захутаная ў плашч металёвая фігура. Пра якую гарадскія часопісы паведамляюць, што гэта нібыта ледзь не той самы помнік. Але вось у гэтым “ледзь” і крыецца асноўны нерв сітуацыі.

Чытаем пільна, як пра падзею адазваўся “Анлайнер”: “Яснасць унёс скульптар Уладзімір Слабодчыкаў: “Афіцыйна гэта не помнік Уладзіміру Караткевічу, а скульптурная кампазіцыя “Прысвячэнне паэту”. Не буду хаваць, правобразам для мяне быў малады Караткевіч. Канечне, у нас склаўся іншы вобраз пісьменніка: крыху сутулы, у берэце. Тутака ж — малады хлопец. Калі людзі пазнаюць у ім Караткевіча — дзякуй богу”.

Першае прамоўленае слова скульптара мне асабіста нават цікавейшае за правапіс, абраны для апошняга сказанага ім слова. Аналагічную версію мы чытаем на “Сіцідогу”: “Як патлумачылі CityDog.by у прадзюсарскім цэнтры “Спамаш”, якому належыць скульптура, гэта не помнік, а скульптурная кампазіцыя “Прысвячэнне паэту”. Слова “афіцыйна” ў гэтым тэксце таксама ёсць, але яно аднесенае да фармату ўрачыстага адкрыцця кампазіцыі.

Замежніка ці чалавека, слаба абазнанага ў тутэйшых раскладах, можа дужа здзівіць сутаргавае выпінанне таго, што мы маем справу не з “помнікам”, а “скульптурнай кампазіцыяй”. Бо, па-першае, “скульптурная кампазіцыя”, натхнёная геніем, якому не знайшлося месца ў іншых кутках горада, — гэта ўжо амаль “помнік”. Як ты гэта ні абзывай. Па-другое, ну вось а каму можа зашкодзіць яшчэ адзін помнік чалавеку, якому ўся краіна хацела б паставіць помнік? Здавалася б, хай бы фігур Караткевіча было як мага болей! Сутулых і самавітых, з коцікамі і без. Адгадку трэба шукаць недзе вакол таго, чаму помнік, анансаваны Мінкультам на 2010 — 2011 гады, так і не з’явіўся.

Дзіўнавата, пагадзіцеся, калі помнік, пляцоўку для якога дагэтуль не здолела знайсці дзяржава, раптам ставіць у сябе на феодзе, ля замка творчасці, адзін харошы і даволі багаты чалавек. Гэта ўжо амаль што дзёрзка. Хай сабе ніхто і ніколі не агучваў афіцыйна прычынаў, з якіх помнікаў Караткевічу ў сябе на балконе не мог бы паставіць любы зачараваны творчасцю грамадзянін.

І вось маем сітуацыю: амаль помнік (таму, што не “помнік”, а “скульптурная кампазіцыя”!), амаль Караткевічу (таму, што зацверджаная Мінкультам назва — “Прысвячэнне паэту”). Амаль месца памяці. Амаль ушанаванне. Амаль даніна таленту. Мы амаль можам прыходзіць сюды, каб прыносіць кветкі ў памяць аўтара “Каласоў пад сярпом тваім”. Амаль, амаль, амаль.

Месца памяці таму і ёсць сакральным локусам, што ў ім няма ніякіх “амаляў”. Калі ты ўскладаеш кветкі, ты мусіш быць упэўнены, што ўшаноўваеш менавіта ўлюбёнага празаіка, а не нейкага абстрактнага “паэта”. Бо сярод паэтаў, гэтаксама як і сярод празаікаў, да халеры было таварышаў, памяць пра якіх ты ўшаноўваць не хацеў бы і кветак якім нізашто не купіў бы. “Помнік”, як паведамляе нам азначэнне гэтага слова, ёсць “твор мастацтва, зроблены для ўвекавечання памяці аб людзях і падзеях. У тым ягонае адрозненне ад “скульптурнай кампазіцыі”, якая выяўляе не асобы, а сімвалы і катэгорыі: прафесіі, заняткі ды іншае. “Скульптуру Караткевічу” паставіць немагчыма, толькі помнік. Але, здаецца, менавіта тое і адбылося. Скульптура Уладзіміру Сямёнавічу.

І так, як любы чалавек, які крышачку ведае расклады, я магу толькі ўхваліць імкненне цішком услаўляць культурнага героя, якога ўжо не ўдалося ўславіць афіцыйна ў 2010 — 2011. Бо сёння — не час для герояў. Нават памерлых. Паглядзіце, дзе схаваны помнік Мулявіну. Знайсці яго даволі складана, нават ведаючы, што Мулявін недзе там, за філармоніяй, дакладна ёсць.

Але часам лепей не ўшаноўваць ніяк, чым ушаноўваць шэптам.

Распавяду гісторыю, якая ёсць самым папулярным анекдотам пра Караткевіча сёння. У пісаным выглядзе яе можна знайсці ва ўспамінах Адама Мальдзіса. Уладзімір Сямёнавіч быў не вельмі абласканы славай пры сваім жыцці. Нягледзячы на велізарную чытацкую папулярнасць і шматтысячныя наклады, партыя і ўрад абыходзілі яго афіцыйнымі ўзнагародамі. Ён не быў ні народным, ні заслужаным дзеячам культуры, дзяржпрэмію імя Коласа “атрымаў” ужо пасмяротна, у 1984-м. У 1964-м, пасля пералому падчас узыходжання на гару Гадак ў Крыме, Караткевіч быў вымушаны правесці доўгі час у шпіталі. Калі выпісалі, яго сустрэлі сябры і сказалі: Валодзенька, а мы ж думалі, што ты памёр! Так сумавалі! Ды выклапаталі табе ўшанаванне. Якога ты заслугоўваеш! Караткевіча пасадзілі на таксоўку і павезлі ў раён старога аэрапорта. А там урачыста прад’явілі: назва вуліцы. Ні больш ні менш! Ён не адразу зразумеў, што сябры з яго зласліва паджартавалі. І так расчуліўся, што ў вачах нават бліснулі слёзы ўдзячнасці (Мальдзіс). Няшмат хто сёння ўсведамляе, што вуліцы У. Караткевіча, пісьменніка, у Мінску няма. А ёсць вуліца З. А. Караткевіча, падпольшчыка.

І гэтая вуліца, якая паспяшыла парадаваць Караткевіча-пісьменніка заўчаснай прыкметай прызнання, сёння ёсць асноўнай прычынай немагчымасці іншай вуліцы Караткевіча: двух Караткевічаў у мінскіх адрасах існаваць не можа. З помнікам можа здарыцца роўна тое ж самае. Навошта нам помнік Караткевічу, калі ў нас ёсць амаль помнік амаль Караткевічу — так і чую абгрунтаванне.

Як абысці ўсе гэтыя нагрувашчанні і ўсё ж аддаць даніну памяці таленавітаму суайчынніку? Я веру: адзін з будучых мэраў аднойчы падпіша ўказ аб перанайменаванні вуліцы Змітра Аляксеевіча Караткевіча ў вуліцу Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. З выявай хлопчыка, захутанага ў паліто, тое зрабіць яшчэ прасцей: побач з імем аўтара тут мае аднойчы з’явіцца імя натхняльніка. І гэта назаўсёды і незваротна перакіне “скульптурную кампазіцыю” ў “помнік”.

budzma.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: