Amnesty International: рэпрэсіі знішчаюць культурнае жыццё ў Беларусі

Бурнае культурнае жыццё Беларусі задыхаецца ва ўмовах жорсткага пераследу іншадумцаў — улады адвольна затрымліваюць і катуюць музыкаў, пісьменнікаў, мастакоў і акцёраў, а іншых звальняюць з працы, заявіла Amnesty International.
Дзверы Купалаўскага тэатра ў жніўні 2020-га

Дзверы Купалаўскага тэатра ў жніўні 2020-га

У новым брыфінгу, апублікаваным у межах кампаніі #StandWithBelarus, арганізацыя распавядае пра тое, як дзяржаўныя рэпрэсіі, якія рушылі за пратэстамі супраць вельмі спрэчнага перавыбрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта, літаральна знішчаюць культурнае жыццё ў Беларусі. Усё большай колькасці дзеячаў культуры прад'яўляюць неабгрунтаваныя крымінальныя абвінавачанні, і некаторыя з іх цяпер знаходзяцца пад вартай, і іх могуць асудзіць на вялікія турэмныя тэрміны.

«Нельга недаацэньваць маштаб рэпрэсій, якія абваліліся на культуру Беларусі. Улады метадычна знішчаюць актыўнае культурнае жыццё Беларусі і яго самых яркіх прадстаўнікоў, спрабуючы вытруціць з яго найменшыя сляды свабоды выказвання меркаванняў і іншадумства», — заявіла Аіша Джанг, старшы кiраўнiк кампаній Amnesty International па Беларусі.

«Тых, хто асмельваюцца крытыкаваць беларускія ўлады творчымі і мастацкімі сродкамі, бязлітасна пераследуюць».

Воля Семчанка захапляецца народнымі песнямі і танцамі і да нядаўняга часу працавала ў літчастцы Магілёўскага драматычнага тэатра. Яна распавяла Amnesty International аб тым, што з кастрычніка 2020 яе некалькі разоў арыштоўвалі і штрафавалі за ўдзел у «несанкцыянаваных» мітынгах, а потым яе пачалі пераследваць і на працы. Былы дырэктар тэатра адмовіўся звальняць Волю і іншых апазіцыйна настроеных акцёраў. І тады звольнілі яго самога. Пасля гэтага Волю пазбавілі многіх абавязкаў, яна баялася, што хутка страціць працу зусім. Так яно і здарылася 18 лютага, пасля таго, як брыфінг з яе гісторыяй быў гатовы да публікацыі.

«Пасля першага затрымання я баялася вяртацца дадому, я амаль увесь час начавала ў сяброў. Зараз я прывыкла жыць з пастаянным адчуваннем небяспекі. Мы ўсе гатовыя ў любы момант стаць ахвярамі дзяржаўнага пераследу», — распавяла Воля Amnesty International.

Не толькі асобныя людзі, але цэлыя культурныя арганізацыі становяцца ахвярамі дзяржаўных рэпрэсій — як, да прыкладу, вядучы тэатр краіны — Нацыянальны акадэмічны тэатр Янкі Купалы. У жніўні 2020 года дырэктар тэатра Павел Латушка выступіў у падтрымку мірных пратэстоўцаў. Кантракт з ім быў неадкладна разарваны, і больш за 60 супрацоўнікаў тэатра, у тым ліку амаль усе акцёры, сышлі ў знак пратэсту.

«Мы не будзем стаяць убаку, пакуль улады Беларусі затыкаюць рот самым творчым людзям краіны. Наша глабальная кампанія салідарнасці падтрымлівае ўсе мірныя спосабы пратэсту і супраціву беларускага народа цынічным і жахлівым спробам улад абмежаваць яго правы чалавека і доступ да розных ідэй і меркаванняў», — падкрэсліла Аіша Джанг.

Даведка

Глабальная кампанія салідарнасці Amnesty International #StandWithBelarus пачалася 27 студзеня 2021 года публікацыяй даклада аб тым, як улады Беларусі ператварылі судовую сістэму краіны ў інструмент пераследу людзей, якія пацярпелі ад катаванняў, а зусім не тых, хто гэтымі катаваннямі займаецца. Кампанія будзе працягвацца да сярэдзіны траўня, і ў яе межах будуць рэгулярна публікаваць кароткія даклады пра пераслед уладамі Беларусі людзей з самых розных слаёў беларускага грамадства. Сёння Беларусь перажывае самы абуральны наступ на правы чалавека ў сваёй гісторыі пасля атрымання незалежнасці. Актывісты Amnesty International ва ўсім свеце прымуць удзел у розных акцыях, каб выказаць сваю салідарнасць з мірнымі пратэстоўцамі Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: