Андрусь Горват сустрэўся з пераможцай MOVABOX

Гісторыя знаёмства Алены Кулаевай з творчасцю Андруся Горвата пачалася незвычайна: нашмат раней за стварэнне «Дзённіка».

Сустрэча Андруся Горвата з пераможцаў чацвёртага этапу MOVABOX Аленай Кулаевай адбылася ў адзін з нешматлікіх спякотных летніх дзён. Пісьменнік і чытачка размаўлялі пра ўсё простае і адначасова важнае для кожнага чалавека — пра адчуванне сусвету, сябе ў ім і пра пошук свайго ўнутранага космасу.

Алена — таксама ў пэўным сэнсе мастак: яна дэкаратар, стварае прыгажосць. Магчыма, менавіта таму яна так шануе і разумее ўсё натуральнае і сапраўднае. Прыняўшы ўдзел амаль ва ўсіх этапах MOVABOX і прайшоўшы тэсты амаль па ўсіх аўтарах, Алена выйграла не толькі бокс з артэфактамі па кнізе Андруся, але і магчымасць сустрэцца з ім асабiста. Прытым лічыць, што ў гэтым ёй вельмі пашчасціла, таму што «Радзіва «Прудок» — гэта якраз блізкая ёй гісторыя пра простае, важнае і чалавечнае.

Андрусь уручыў Алене MOVABOX, і яны разам разгледзелі артэфакты. Шакалад «Раздзялі радасць» Алена пакінула для асобых момантаў, распісаных на абгортцы, пашкадавала, што пах шчасця ў колбачцы толькі на адзін раз, адразу ж праверыла, як чароўны кубак мяняе колер пры награванні, і асабліва ўзрадавалася дзэн-граблям — а Андрусь расказаў, як выкарыстоўвае свае.


Гісторыя знаёмства Алены з творчасцю Андруся пачалася незвычайна: нашмат раней за стварэнне «Дзённіка». Алена нічога не ведала пра пісьменніка Горвата, які посціць свае нататкі ў Facebook. Але яго пост пра «Горватаўскі» замак быў апублікаваны ў адной з газет. Алена прачытала публікацыю і размясціла яе ў сябе на старонцы, адзначыўшы, што разбураныя замкі — гэта таксама і яе боль. Алена з мужам актыўна цікавяцца беларускай гісторыяй, неаднаразова ездзілі аглядаць руіны беларускіх палацаў і замкаў — і кожны раз хацелася нечым дапамагчы, стрымлівала толькі разуменне, што паасобку гэта немагчыма зрабіць фізічна.

З кнігай Андруся Алена пазнаёмілася амаль адразу пасля яе выхаду і прачытала літаральна за некалькі вечароў, не пераставаючы здзіўляцца таму, як у аўтара атрымліваецца так проста і адкрыта пісаць. Са сваім братам, які жыве ў Пецярбургу, Алена нават стварыла сваё «радыё» — «Пецярбург» i «Паварот на Дзяніскі».

Андрусь, у сваю чаргу, распавёў пра свой шлях, пра сваю працу над «Радзівам», пра вызначэнне сваёй ролі ў жыцці і пра пошук свайго ўнутранага космасу.


Так — вельмі душэўна, цёпла і па-чалавечы проста — прайшла чацвёртая і апошняя сустрэча пераможцаў праекта MOVABOX з яго героямі. Нам застаецца яшчэ раз павіншаваць усіх, каму ўсміхнулася ўдача, — і чакаць працягу праекта! 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: