Аніматары 19 краін стварылі ролік пра падзеі ў Беларусі

Працу Юліі Рудзіцкай бачыла большасць беларусаў, якія паважаюць сябе — менавіта яна з'яўлялася рэжысёрам і мастаком знакамітага анімацыйнага фільма "Будзьма беларусамі", у якім гісторыя нашай краіны распавядалася за пяць хвілін.




Цяпер Юлія жыве ў ЗША, працягвае займацца анімацыяй. Прадстаўляем прэм'еру яе новага праекта — Animators For Belarus "Аніматары — Беларусі".

Па словах Рудзіцкай, і яна, і яе калегі па ўсім свеце перажываюць за падзеі ў Беларусі. Таму ў яе нарадзілася ідэя зрабіць праект-калабарацыю і выказаць мовай анімацыі падтрымку беларусам.

Юлія напісала пра праект на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, размясціла аб'явы ў прафесійных групах аніматараў у сацыяльных сетках, а некаторым знаёмым напісала адрасна.

— Адгукнуліся больш за 50 аніматараў з 19 краін на чатырох кантынентах (Еўразія, Паўночная Амерыка, Афрыка і Аўстралія). Усе працавалі на валанцёрскіх пачатках, па поклічу сэрца і душы. Самаму юнаму аніматару, які прыняў удзел у праекце, усяго 12 гадоў.

Са слоў Юліі, многія яе калегі дэталёва ведалі пра падзеі ў Беларусі, некаторыя — менш, хтосьці — у агульных рысах, але ўсё глыбока суперажывалі беларусам.

— Я прапанавала агульную канцэпцыю. Мы ўзялі за кампазіцыйную аснову гістарычны сцяг незалежнай Беларусі, у ім ёсць белая, чырвоная і белая палосы. Гэта аб'яднаўчая структура, якая дазволіла зрабіць пераходы і камбінаваць сцэны розных мастакоў адзін з адным у адзіны твор. Самі аніматары маглі інтэрпрэтаваць гэтыя колеры як ім заўгодна: як у кантэксце сучасных беларускіх падзей, так і як нешта абстрактнае. Я нікому нічога не навязвала. Але мне здаецца, што ўсе аўтары вельмі дакладна адчулі тое, што адбываецца ў Беларусі. Таму ўсе сцэны атрымаліся вельмі выразнымі і абсалютна ў кантэксце.

На працу пайшло менш за месяц. Усе працавалі ў адзіным парыве. Як кажа Рудзіцкая, кожны аўтар анімаваў у сваёй тэхніцы.

— Гэта была і 3D-анімацыя, і класічная маляваная на паперы, і кампутарная перакладка, і жывапіс па шкле, лялечная анімацыя з пластыліну, стоп-моушэн з выкарыстаннем арыгамі, садавіны, анімацыя іголкай на плёнцы і вельмі цікавая тэхніка піксіляцыі, сумешчаная з бодзі-артам. У аніматараў была поўная творчая свабода. І, магчыма, за кошт гэтага атрымаўся цікавы вынік.

Сама Юлія выступіла адным з аўтараў, а таксама мантавала фрагменты ў агульнае цэлае.

— Мне было цікава назіраць, наколькі ёсць пераклікаюцца тэмы, як людзі з розных краін выбіраюць сугучныя моманты і інтанацыі, метафары. Гэта дапамагло аб'яднаць зусім эклектычныя, на першы погляд, рэчы. Таму фільм атрымаўся цэльным творам.

Пра што распавядаецца ў фільме?

— Гэты фільм не толькі пра бел-чырвона-белы сцяг, гэта яшчэ і аповед пра ўсіх нас. Мы праходзім гэтыя складаныя, драматычныя моманты гісторыі. Мы адраджаемся і рухаемся наперад.


Паводлле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: