Апошні з трылогіі: у Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу рамана Сяргея Пясецкага

Пераклад апошняга раману зладзейскай трылогіі, дзеянні якой адбываюцца ў Мінску сто гадоў таму, прадставілі ў суботу ў беларускай сталіцы, піша Белсат.

Прэзентацыя трэцяй часткі мінскай трылогіі Сяргея Пясецкага «Ніхто дабром не дасць збаўлення» на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску сабрала аншлаг. У сустрэчы ўзялі ўдзел унучка пісьменніка і музыка Лявон Вольскі. На сустрэчы таксама прысутнічала рэдактарка трылогіі Марына Казлоўская ды перакладчыкі кнігі Марыя Пушкіна і Віктар Шукеловіч, вядоўца праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце».

«Герой кнігі Ян Нацэвіч – гэта, пэўна, у нейкай ступені сам Пясецкі», – казала падчас прэзентацыі Эва Тамашэвіч, унучка пісьменніка, якая цяпер працуе над ягонай біяграфіяй.

Як распавяла спадарыня Эва, яе дзядуля ніколі не хаваў свайго «сантыменту да злачыннага свету», пра які і апавядаюць раманы зладзейскай, або мінскай трылогіі.

Падзеі раману адбываюцца ў Мінску ў 1919-м годзе пасля выхаду з гораду немцаў і перад прыходам бальшавікоў.

«Незвычайна, што кнігі Сяргея Пясецкага настолькі папулярныя ў Беларусі. З аднаго боку, гэта, вядома, заслуга таленту і надзвычай маляўнічых і бурных гісторыяў. З іншага, напэўна, вялікае значэнне мае тое, што гэта адно з нешматлікіх сведчанняў эпохі, бурлівага перыяду зменаў на гэтай тэрыторыі», – дадала Эва Тамашэвіч ў размове з агенцтвам «PAP».

Падчас сустрэчы музыка Лявон Вольскі выканаў некалькі песень з «Народнага альбому», прысвечанага падобнай тэме – жыццю беларускіх мястэчак у перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі.

«Папулярнасць кніг Пясецкага, а таксама «Народнага альбому» паказвае, што гісторыя нашай краіны да гэтага часу нераскрытая, занадта мала даследаваная. А ёсць чым заняцца – гісторыі настолькі маляўнічыя і цікавыя, што цяжка прайсці побач», – сказаў Вольскі.

На думку Вольскага, разам з ростам нам нацыянальнай самасвядомасці беларусаў будзе расці патрэба заняцца гісторыяй, у тым ліку міжваеннага часу ды перыяду Другой сусветнай.

Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў Ляхавічах у сям'і беларускі і зрусіфікаванага паляка ў 1901-м годзе. Пасля пачатку Першай сусветнай сям’я ўцякла ў расейскі Уладзімір.

Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1917 года ён апынуўся ў Маскве. Бальшавіцкі тэрор настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў беларускай партызанцы і ў шэрагах Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. Затым пераязджае ў Ракаў, які знаходзіўся на мяжы з Савецкай Беларуссю, у міжваенны час на працягу 5 гадоў займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі.

У 1927-м Пясецкаму далі 15 гадоў турмы за рабаўніцтва. На сёмым годзе зняволення Пясецкага пачынае пісаць. Турэмная адміністрацыя не замінала гэтаму. Лічыцца, што ягоныя творы лёгка чытаць беларусам, бо польскую мову Пясецкі вучыў падчас напісання сваіх твораў.

«Ніхто дабром не дасць збаўлення» па-беларуску выдае «Логвінаў», публікацыю падтрымаў Польскі інстытут у Мінску.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!