«Апошнія Каляды на радзіме». Як выбітныя паэты Адам Міцкевіч і Тамаш Зан аказаліся непатрэбныя на сваёй зямлі

«Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы, і абавязак мой – за вас прыняць пакуты» – гэтыя словы, якія некалі, седзячы ў вязніцы, казаў Тамаш Зан, Адам Міцкевіч напіша ўжо ў эміграцыі, уключыўшы іх у сусветна вядомую паэму «Дзяды». У адной з частак паэмы Міцкевіч адновіць тыя перадкалядныя дні, калі яго з сябрамі кінуць у астрог у Вільні.
Нехта там чакаў катаргі, нехта – пажыццёвага выгнання. У той жа час у двух тагачасных паэтаў былі народзіны: у Тамаша Зана, кіраўніка аб’яднання «Філаматаў», – 21 снежня, а ў яго сябра Адама Міцкевіча – 24 снежня. Зняволены яны былі за тое, што ўсімі сіламі намагаліся адрадзіць культуру Вялікага Княства Літоўскага, якое пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе канчаткова адышло да Расійскай Імперыі.

Я не ведаю, пра што яны тады думалі: маладыя, таленавітыя, вершы якіх друкаваліся ў зборніках… Кінутыя ў астрог толькі таму, што распавядалі іншым пра нашу культуру і спадчыну. Але мне падаецца, у такія моманты думаеш пра самае лепшае: пра дзяцінства, сям’ю і гады ва ўніверсітэце.

Адам Міцкевіч нарадзіўся ў 1798 годзе ў Завоссі, але пасля яго бацькі пераехалі ў Навагрудак, там жа ён і правёў сваё дзяцінства. Тамаш Зан жа нарадзіўся ў 1796 годзе ў мястэчку Мясата пад Маладзечнам. Калі Міцкевіч атрымліваў пачатковую адукацыю ў Наваградскай гімназіі, сядзеўшы за адной партай з будучым паэтам Янам Чачотам, то Тамаш Зан паехаў вучыцца ў Мінскую гімназію. Будынак гімназіі знаходзіўся на тэрыторыі Верхняга Рынку – гэта зараз Плошча Свабоды ў Мінску. Тагачасны Мінск падлетка Тамаша надзвычай уразіў: «Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звону, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя… Вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года». Праўда, у гімназіі Тамаш не давучыўся, вярнуўся дадому. А пасля паступіў у знакаміты Віленскі ўніверсітэт, адукацыя ў якім яшчэ з XVI стагоддзя лічылася адной з самых прэстыжных у Еўропе. Туды ж паступіў і Адам Міцкевіч.

Віленскі ўніверсітэт у тыя гады стаў месцам канцэнтрацыі таленавітай і думаючай беларускай моладзі. Хлопцы пасябравалі адно з адным і заснавалі таемнае ўніверсітэцкае аб’яднанне – Таварыства філаматаў. Кіраўніком яго стаў Тамаш Зан. Ігнат Дамейка, які быў самым маладым чальцом аб’яднання, а пасля выгнання стаў бліскучым навукоўцам і нацыянальным героем Чылі, у сваіх мемуарах апісваў Тамаша Зана так: «Умеў ён з аднолькавай лёгкасцю зніжацца да разумення нявінных дзяцей, забаўляць іх і вучыць іх, так і ўступаць у палеміку з важнымі вучонымі людзьмі шаноўнага веку. Заўсёды вясёлы, усмешлівага твару, жартаўлівы, эстэтычны, улюблівы, ён не мог цярпець у маладых людзей самай малой непрыстойнасці, легкадумнасці, пажадлівасці, распусты».

Ён быў бясспрэчным лідарам віленскай моладзі. Неаднаразова выступаў са сваімі ідэямі, якія трансфармаваў і ў вершы:

Светлую мэту пазнайце.
Ёсць вушы ў вас, вочы,
Сэрца, душа… Ну, а зайздрасць
пакіньце на ўзбоччы.
Дайце спачыць языку,
думцы ж – вольную волю.
Лоб і рука – да айчыны:
хай вернуць ёй волю.

Міцкевіч жа не займаўся арганізацыяй тайных таварыстваў, не размаўляў з моладдзю, але Дамейка піша, што з ім пастаянна раіліся наконт кірунку і слухаліся яго, «бо яго сакалінае вока бачыла добра і далёка».
Спачатку аб’яднанне філаматаў было згуртаваннем той моладзі, якая цікавілася навукай, ведамі, паэзіяй, мастацтвам і музыкай. На пасяджэннях эксперыментавалі, чыталі новыя вершы, спявалі. Была ў філаматаў такая традыцыя: на пасяджэнні яны ішлі з вёдрамі малака. І, памаліўшыся і праспяваўшы песню, кожны мусіў выпіць кубак малака.

Пасля ідэі таварыства сталі распаўсюджвацца і на іншыя рэгіёны Беларусі. У розных гарадах пачалі засноўвацца свае аб’яднанні філаматаў, якія былі падначаленыя кіраўніцтву ў Вільні. З літаратурнага аб’яднання гэта перарасло ў гурток таленавітай моладзі, якая выступала за аднаўленне Рэчы Паспалітай, адстойвала ідэю барацьбы супраць феадальнага прыгнёту. Змены ў грамадскім жыцці, на іх думку, былі магчымыя толькі ў выніку дзейнасці перадавых людзей. Філаматы выкарыстоўвалі для прапаганды сваіх ідэй сярод насельніцтва ланкастарскія школы. Іх сутнасць была ў тым, што старэйшыя вучні пад наглядам настаўнікаў выкладалі прадметы малодшым вучням. Такія школы ствараліся ў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губернях, што ўваходзілі ў склад Віленскай вучэбнай акругі, таму многія філаматы ўдзельнічалі ў заснаванні школ і арганізацыі ў іх навучання па ланкастарскай сістэме.

Да 1823 года ідэі філаматаў набылі такую папулярнасць, што пра іх ведала і падтрымлівала вялікая колькасць як моладзі, так і былой шляхты Рэчы Паспалітай. Да цара Расійскай Імперыі Аляксандра І дайшлі звесткі пра філаматаў. Таму паступіў канкрэтны загад: аб’яданне мусіць быць знішчана, а яго лідары і ўдзельнікі – выгнаныя з Радзімы. Так, сенатарам Навасільцавым была сфабрыкавана «Справа філаматаў». Паступова ўсіх, хто прымаў актыўны ўдзелу таварыстве, кінулі ў турму, у былы базыльянскі манастыр каля Вострай Брамы ў Вільні. Зан з Міцкевічам трапілі туды ў першых шэрагах.

Насельніцтва негатыўна ўспрыняла гэтую вестку, амаль што ўся моладзь Вільні была на баку філаматаў. Сябры падкуплялі канваіраў і прыходзілі наведваць вязняў, перадавалі ім ежу. Ахоўнікі дазвалялі вязням нават збірацца ў адной камеры, што было ім на руку: яны абгаворвалі свае паводзіны на допытах. Тамаш Зан не меў ілюзій. Ён ведаў дакладна: іх не адпусцяць. Але паліцыі дакладна не было вядома пра дзейнасць і структуру аб’ядання… Таму ён прыдумаў дакладную схему: узяць усю віну на сябе, каб астатніх маглі адпусціць. Чачот і Міцкевіч вырашылі падзяліць віну і паміж сабой.

Міцкевіч пасля ў «Дзядах» Зана параўнае з Хрыстом: настолькі ён любіў сваіх сяброў, што гатовы быў ісці на пакаранне, толькі каб іншых адпусцілі. І, напэўна, Зан падаецца бясстрашным і моцным. Толькі з турмы ён пісаў наступныя радкі, якія прысвячаў… Зосі Малеўскай, дачцэ рэктара Віленскага ўніверсітэта:

Зося, ты не плач па птаху:
Міг – жыццё яго на свеце.
Прымем долю мы без страху.
Зося, ты не плач па птаху.
Згіне птах, спаткаўшы плаху,
Трапіць іншы ў сонца сеці.
Зося, ты не плач па птаху:
Міг – жыццё яго на свеце.

Далёка не ўсе ведаюць, што паміж Зосяй, якой прысвячаў кожны другі верш Ян Чачот, і Тамашом былі адносіны. Як жа яшчэ можна яшчэ патлумачыць тое, што Зан да канца жыцця захоўваў локан Зосіных валасоў?

Міцкевіч жа ў камеры не хаваў, што думкі ў той момант былі пра яго каханую, Марылю. Нават у «Дзядах» ён яскрава пра гэта піша. 

Аднойчы падчас вучобы Зан узяў Міцкевіча да свайго сябра ў маёнтак у Туганавічы да свайго сябра, з якім вучыўся ў Мінскай гімназіі. Менавіта там ён і пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай. Яны сталі падоўгу гуляць, размаўляць. Марыля стала яго адвечным і няшчасным каханнем, бо яна была заручаная з іншым. Марыля не стала пярэчыць бацькам і выйшла замуж за таго, з кім была заручаная. Міцкевічу ж гэтым яна нанесла незагойную рану. Аднак нават будучы замужам, Марыля сустракалася з Адамам. Гэты факт дае падставу думаць, што муж яе ведаў, што сэрца Марылі належыць іншаму. Пасля, нават у выгнанні, калі ён ажаніўся, Міцкевіч не змог забыць Марылю. Менавіта яе імем Міцкевіч назваў сваю дачку. Але яго сябры-літаратары перакананыя, што менавіта няшчаснае каханне спрыяла яго ўзлёту на новы літаратарскі ўзровень:

Ох, любая! Мне памяць
пра твае пяшчоты
Атручваюць трывогі,
думак змрочных рой:
Што ў сэрцы ў цябе?
Ці добра ўсё з табой?
Мо ўсю душу тваю
спустошваюць згрызоты?

З любоўнай прагай
мы змагаліся ўсе дні.
Адны ў пакоі, дзе панадны
змрок таіўся,
І паддавацца ёй не думалі ані.

Цяпер… Я абалью слязамі
алтары ўсе
Не для таго, каб змыць
свой грэх у цішыні,
А каб мне Бог пакутаю
тваёй не мсціўся.

У вязніцы філаматаў пратрымалі з восені 1823 па вясну 1824 года. У 1824 годзе лідараў адправілі па этапах. Міцкевіча выслалі ў глыбіню Расіі, пасля – у Маскву і Пецярбург. Там ён адразу пасябраваў з рускай інтэ-
лігенцыяй: Жукоўскім, Пушкіным, Вяземскім, Рылеевым. Міцкевіч быў жаданым госцем на літаратурных салонах, дзе захапляліся яго творчасцю. У той час, калі на радзіме ён быў забаронены… Праз некалькі гадоў Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу, дзе ён і будзе друкаваць свае вершы. Пасля яго ад’езду Пушкін напіша наступнае: «…Он вдохновен был свыше, И свысока взирал на жизнь…»


Зан жа быў высланы ў Арэнбург, дзе нейкі час будзе сядзець у вязніцы. Адтуль ён пісаў такія радкі:

Хто ўздых тут мой цяжкі пачуе?
Ледзь вырвецца ён, як завея
Падхопіць яго, завіруе,
Па стэпе татарскім развее.

Я тут падуладны буранам.
Навее ўспаміны мне хмара.
Былое маё – за туманам.
Жыццё – як далёкая мара.

Пасля ён не здрадзіць сваім прынцыпам і будзе сябраваць з мясцовымі рэвалюцыянерамі. Праўда, вярнуцца на радзіму яму дазволяць толькі ў апошнія гады жыцця.

Зборнік санетаў Міцкевіча будзе прызнаны адным з лепшых паэтычных зборнікаў у свеце. Ці шмат пра яго чулі ў Беларусі? Адным з найлепшых твораў яго будзе лічыцца «Пан Тадэвуш», дзе ён поўнасцю адновіць быт тагачаснай шляхты Наваградчыны. Ці ведаў ён тады, што ўсё жыццё ў эміграцыі ён прысвяціць Беларусі і што нават збярэ для гэтага войска, для самага галоўнага паходу за сваё жыццё, за падрыхтоўку якога, пэўна, і будзе атручаны, не дажыўшы да свайго 57-годдзя?…

Але зараз у маім сэрцы «Дзяды». Чытаю і ўяўляю, як снежаньскімі днямі, калі ўсе рыхтаваліся сустракаць Каляды, калі моладзь марыла і будавала планы на будучыню, яны, лепшыя сыны свайго часу, сядзелі ў халодных мурах. Яны сядзелі і спадзяваліся на цуд: усё пройдзе, і будуць яны разам са сваімі любімымі зноўку служыць на карысць радзіме. Толькі цуду не адбылося. А любімых сваіх яны так больш і не пабачылі. Але нягледзячы на гэта, у базыльянскіх мурах нават у той час чуліся іх галасы і даносіліся радкі з філамацкага гімна:

Хаця і няпростай дарогай
Мы дойдзем да сіняга рання,
Нам будзе тут неба падмогай,
Праца і мужнасць,
і наша яднанне!

Вікторыя Чаплева, wmeste.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: