Нам не казалі, куды рухаецца этап. Мы не павінны былі гэтага ведаць

«Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць богам», твор с такой назвай з'явіўся неўзабаве пасля Плошчы 2010. Сёння ён зноў аткуальны. І магчыма камусці дадасць аптымізму. Прапануем урыўкі з яго.

Спякотны травеньскі дзень пераваліў за сярэдзіну. Сонца завісла над вершалінамі елак, яго промні хутка сушылі аголеную рыдлёўкамі глебу. Сярод зялёнага дывана маладой травы чорнымі плямамі зеўралі тры глыбокія ямы. Рота байцоў страйбата ўжо некалькі гадзінаў працягвала працу, абсалютна не разумеючы, для чаго яна патрэбна. Але былі тут і тыя, для каго гэтая справа была не толькі не бессэнсоўнай, але й выключнай. Такіх людзей некалькі: спецыялісты-археолагі Інстытута гісторыі ды мясцовыя партыйныя функцыянеры.

— Вацлаў Міхайлавіч, — з аднаго раскопу пачуўся нізкі голас салдата. — Вам трэба на гэта паглядзець.

— Костка... — прашаптаў навуковец, асцярожна прымаючы знаходку. Нельга было вызначыць, што гэта за костка — рыдлёўка салдата, стомленага працай, проста размалаціла яе на шмат маленькіх фрагментаў, якія не паддаваліся ніякай ідэнтыфікацыі.

— Далей капаць з максімальнай асцярожнасцю!

Да справы падключыліся прафесіяналы-археолагі. Праз дваццаць хвілінаў перад вачыма непрыемна здзіўленых чыноўнікаў з’явілася жахлівае відовішча: добра захаваны чэрап з акуратнай дзірачкай на патыліцы. Верхняй пярэдняй часткі фактычна не існавала — яе праламала куля на выхадзе.

Мы хацелі жыць. Вось усё, чаго мы хацелі. Жыць і працаваць. У нас не было дзяцей — мы былі яшчэ занадта маладымі.

Я спецыяльна кажу «мы». «Мы» — гэта я і мая жонка, разам з якой закончылі настаўніцкія курсы. Нам пашчасціла: размеркавалі з улікам нашага шлюбу.

Мне было дваццаць шэсць. Ёй — дваццаць чатыры. Мяне звалі Савіцкі Максім Леанідавіч. Яе — Савіцкая (Самусевіч) Таццяна Віктараўна.

Ішла восень тысяча дзевяцьсот трыццаць шостага... <…>


За пяць хвілінаў да пачатку ўрока ў дзверы зайшлі высокі малады чалавек, апрануты ў вайсковае галіфэ, і дзяўчынка.

— Старшы лейтэнант дзяржбяспекі Звягінцаў, — прадставіўся ён. — Да вас учора заходзіў маёр Раманаў...

— Так, так, вітаю, — я падняўся. — А гэта, напэўна, Валя, так?

— Дакладна, — кіўнуў галавой лейтэнант.

— Наколькі разумею, вам трэба атрымаць дакументы?

— Так, вядома. Але гэта зойме няшмат часу.

Я запісаў дадзеныя дачкі маёра ў ведамасць: Раманава Валянціна Віктараўна, 1928 года нараджэння, першы клас скончыла ў Смаленску. Я нічога не наблытаў?

— Не. Усё дакладна.

— Выдатна. У такім выпадку, я больш не буду вас затрымліваць.

— Калі мне зайсці па Валю? — запытаўся лейтэнант.

— Можаце забраць яе а палове на трэцюю.

— Дзякую, — ён казырнуў і хуткім крокам выйшаў з памяшкання…


Вацлаў Міхайлавіч Міраноўскі прыгладзіў адной рукой напаўсівыя валасы. Археолагу ішоў пяцьдзясят шосты год. Менавіта ён і кіраваў тымі раскопкамі, падчас якіх і былі знойдзеныя пахаванні расстраляных. Незвычайныя знаходкі ён дэманстраваў свайму вучню — аспіранту Акадэміі, дваццацітрохгадоваму хлопцу, які стаяў побач з ім і з вялікай цікавасцю разглядаў прадметы, выцягнутыя ягоным настаўнікам з пластыкавых пакетаў.

— Вось паглядзі сюды. Партсігар алюмініевы, цікавая знаходка. Большасць ахвяраў яўна паходзіла з простых людзей...

— Вацлаў Міхайлавіч, — аспірант адважыўся на пытанне. — А колькі чалавек было ў раскапанай яме?

— Калі падлічыць усе фрагменты костак, атрымліваецца, што не менш сарака пяці.

— А колькі выяўлена магільняў?

— Ах, вось ты да чаго... Мы налічылі дзвесце трынаццаць.

— То-бок, калі ўзяць за сярэднюю колькасць сорак пяць, атрымліваецца каля... — аспірант моўчкі шавяліў вуснамі, падлічваючы пра сябе. — ...дзесяці тысячаў чалавек!!!

— Я лічу, што ўсё ж такі менш. Па-першае, гэта даволі вялікая яма. Ну а па-другое... Мы не можам быць упэўненымі, што ва ўсіх ямах ёсць пахаванні. Пэўная частка з іх можа быць пустымі. Але на гэтым палігоне, мяркую, ляжыць не менш за сем-восем тысячаў чалавек.

— Сем тысячаў... А колькі можа быць такіх месцаў?..

— Ніхто не скажа табе цяпер, колькі. Адно магу сказаць — шмат.

На століку ля вакна раптам зайшоўся залівістым перакатам тэлефон. Вацлаў Міхайлавіч цяжка падняўся з-за стала і падышоў.

— Слухаю.

— Вацлаў Міхайлавіч Міраноўскі?

— Так.

— Вацлаў Міхайлавіч, вам лепей згарнуць вашыя даследаванні адносна масавых пахаванняў, якімі вы займаецеся ад мінулага тыдня, і перадаць справу вайсковай пракуратуры.

— З кім я размаўляю? Назавіцеся.

— Вацлаў Міхайлавіч, гэта вельмі настойлівая парада. Даследаванні могуць быць вельмі непажаданымі, а іх вынікі даволі небяспечнымі. Пакуль гэта толькі парада.

— Назавіце сябе!

— Маёр Камітэта дзяржбяспекі Міхалевіч… <…>


Аднекуль з гораду праз нашую вёску пачалі гойсаць вялікія чорныя машыны з крытым кузавам. Пакрысе яны прабілі праз снег і прамерзлую глебу глыбокія каляіны — аж да самага лесу.

А на пачатку снежня ў лесе пачалося будаўніцтва. Побач з чорнымі крытымі грузавікамі з’явіліся грузавікі з адкрытымі бартамі, на якіх везлі ў лес апрацаваныя дошкі і будаўнічы матэрыял. За два тыдні трохметровы плот абкружыў лес на пяць кіламетраў углыб. На ўездзе ў лес была збітая агромістая брама. Штодзень і штоноч каля яе неслі варту два шарагоўцы НКУС...

Заняткі скончыліся дваццаць хвілінаў таму. Я пакрысе збіраў свае рэчы, перыядычна адказваючы на дзіцячыя словы развітання. Ля задніх сталоў стаялі і аб чымсьці шапталіся Ясік з Валяй. Дзеці пасябравалі, я часта заўважаў, як яны разам сыходзілі са школы, калі па Валю не заходзіў бацька-маёр альбо Звягінцаў.

— А вы чаму не сыходзіце дадому? — ветліва запытаўся я.

Яны асцярожна наблізілася да мяне.

— Максім Леанідавіч... мы... Мы б хацелі...

— Калі ласка, я вас слухаю. У вас штосьці здарылася?

— Максім Леанідавіч... мы наконт той высокай брамы ў лесе.

— Тааак... — жэстам я загадаў ім сесці за стол перада мной, сам пайшоў і зачыніў дзверы ў класны пакой. — Вы хадзілі да брамы?

— Так, мы хадзілі. Мы... — голас Валі дрыжэў і зрываўся, было добра бачна, што яна вельмі хвалявалася і ледзьве стрымлівалася ад таго, каб не заплакаць.

Размову працягнуў Ясік.

— Максім Леанідавіч, толькі не лайцеся на нас! Мы... нам няма чаго было рабіць, і мае, і Валіны бацькі затрымліваюцца на працы ажно да ночы, вось мы і бадзяемся разам... Прыкладна за кіламетр ад брамы мы знайшлі лаз... Мы пралезлі і выйшлі да вялікай прагаліны. Там было шмат людзей у форме. Яны размаўлялі паміж сабой, палілі цыгарэты. Частка з іх збірала нейкія рэчы. А за імі вялікі бульдозер раўняў чамусьці раскапаную яму — яна была ўжо засыпаная. Але галоўнае не гэта. Галоўнае, што... гэтая яма дыхала! — Валя ледзьве не закрычала, і па яе шчоках нарэшце пацяклі слёзы.

— Цішэй, калі ласка!

— Максім Леанідавіч, яма насамрэч дыхала <…>.


Дзверы былі адчыненыя, калі я вярнуўся дадому. Я не здзівіўся — мы зрэдку зачынялі хату. Але штосьці было не так, як звычайна...

— Таня! Таняяяя!

Ты не адгукнулася.

— Тааааня!

Шкло. Бітае шкло пад нагамі. Абрус, скінуты са стала, перагорнутая шафа з кнігамі.

— Паненку забралі, Максім Леанідавіч, — я раптам пачуў асцярожны голас за спіной.

За дзвярыма стаяла нашая суседка — суханькая бабка, якая заўсёды прыносіла нам яйкі і малако. Яна стаяла, прыціснуўшы тонкія рукі да грудзей, і вачыма, напоўненымі слязмі, глядзела на мяне.

— Хто забраў? Куды?

— Тыя самыя, з Камісарыяту, якія да вас прыходзілі некалькі разоў. Іх было чалавек пяць, і Звя... Звягінцаў...

Я ўжо не слухаў, я бег да ўпраўлення НКУС, якое месцілася праз дзве вуліцы ад нашага дома. Людзі спалохана глядзелі мне ўслед, але мне было не да іх. Хутчэй, хутчэй...

У дзверы я ўламаўся не спыняючыся, наўпрост наляцеўшы на іх локцем. Адшукаў дзяжурнага. Мне падалося, што ён не пазнаў мяне, але праз секунду ўжо расплыўся цынічнай пахмылкай.

— А, гэта вы, Максім Леанідавіч! Чым магу быць карысным?

— Звягінцаў! Дзе ён?

— Капітан Звягінцаў, вы маеце на ўвазе?

— Як... капітан?! Мне патрэбен старшы лейтэнант... Звягінцаў.

— Ну, у нашым аддзеле Звягінцаў толькі адзін, і ад учорашняга дня ён капітан, так што, мяркую, вы шукаеце менавіта яго. На жаль, яго няма на месцы, ён з’ехаў па працы.

— Мая жонка, ён сёння арыштаваў маю жонку! Я хачу ведаць, на якой падставе і дзе яна цяпер!

— А, Таццяна Віктараўна, калі не памыляюся? Так-так, сёння сапраўды арыштавалі такую. Прашу прабачэння, не магу вам нічога сказаць. Службовая тайна, вы ж разумееце, — і гэтая курва зноўку агаліла свае жоўтыя зубы ў крысінай пасмешцы.

— Дзе яна? Дзе мая жонка?!

— Вашая жонка, шаноўны настаўнік, этапавана па рашэнні пазасудовай тройкі для прыняцця пакарання згодна з артыкулам... Эй! Эй! А ну вярніся!

Я зноўку бег, не спыняючыся ні на секунду, але ўжо не адчуваў шалёнага сэрца. Тройка? Пакаранне? Таня! Танечка!!! Этапавалі... Канешне, яе адправілі кудысьці, але з ёй усё будзе добра, яна вернецца, жывая і здаровая. Этапавалі. Ці не ў лес?!

Я застагнаў ад гэтай думкі. Неее! За што?!...

Лаз, той самы лаз пад плотам. Хутчэй!

У лесе гучалі стрэлы. Што, калі я спазніўся? Што, калі яна тут? Нее. Яна не тут... яна не тут. Не тут!

Я ўпаў на зямлю, папоўз, як змяя. Безумоўна, яна не тут, але я мушу сам, на свае вочы праверыць гэта, інакш мне ніколі не будзе спакою.

Я спыніўся толькі за дваццаць метраў ад расстрэльнай каманды. Падпаўзці бліжэй было б шаленствам нават для мяне. Мяне й так не заўважылі толькі дзякуючы таму, што чэкісты былі цалкам занятыя «выкананнем».

Я адшукаў вачыма Звягінцава. Гэтая курва не прымала ўдзелу ў самім расстрэле, ён толькі аддаваў загады, флегматычна назіраючы за працэсам. Ягоныя рукі паціралі элегантны нямецкі «Вальтэр».

Яма была запоўненая ўжо амаль напалову. Нават са свайго месца я мог бачыць, што сярод расстраляных не было аніводнай жанчыны. У мяне нібыта скала звалілася з плячэй.

Мае вусны лічылі кожнага забітага. Іх колькасць блізілася ўжо да трыццаці. Па ўсім, хутка партыя павінна была скончыцца, яшчэ чалавек пяць, не больш. Божачкі, Божа, яе няма?

— Усё, таварыш капітан, — старшы з групы хутка адрапартаваў Звягінцаву. Ён казаў штосьці яшчэ, але я не чуў ягоных слоў.

Яе няма тут! Няма! Яна жывая, яна будзе жыць! Будзе жыць, мая мілая, мая каханая!

— Застаўся толькі адзін кліент, — старшы панізіў голас. — Той самы.

Па маіх вушах нібыта молатам грукнулі халодныя словы Звягінцава.

— Вывадзіце.

Цябе нават не вывалаклі — выштурхнулі з машыны. Ты білася, білася, як кацяня, на якое навалілася зграя шалёных сабак! Маё цела адмаўлялася падпарадкавацца мне. Перад вачыма паплылі чырвоныя плямы. Я сплю! Сплю! Гэтага проста не можа быць. Таня!

Капітан павольна падышоў да цябе, паглядзеў зверху ўніз, падняў нагу, нібыта з лянотай піхнуў. Ты пакацілася па бруднай зямлі, прыціскаючы свае маленькія ручкі да жывата. Ты нават не крычала ўжо, толькі ледзьве чутна ўсхліпвала, але я чуў усё.

Звягінцаў зноўку наблізіўся. Ён схапіў цябе за валасы і пацягнуў да ямы.

Раптам ты паглядзела ў мой бок. Вочы, твае самыя прыгожыя ў свеце зялёныя вочы, злавілі мяне пасярод высокай травы і маладых дрэваў і сачылі за мной.

Раптам сілы вярнуліся да майго цела. Я паспрабаваў падняцца на ногі, але твой спужаны погляд зноўку прыкаваў мяне да зямлі. Ён крычаў мне: «Не! Не!»...

— Таццяна Віктараўна, вы ж верыце ў бога? Памаліцеся яму, я дазваляю! У вас роўна паўхвіліны, — ён падняў «Вальтэр» і рэзка ўзвёў курок.

Ты не чула яго. Ты не чула ані слова з таго, што ён казаў — ты толькі глядзела на мяне і моўчкі развітвалася са мной.

Хлоп!

Твае зрэнкі ўздрыгануліся, і я мільгануў у іх на секунду, толькі на секунду, каб застацца там на вечныя стагоддзі.

— Як твой бог, сука? Да сустрэчы ТАМ!

— Кахаю, — прашаптала ты і заплюшчыла вочы.

І не было ні болю, ні надзеі. У свеце панавала чорная цішыня.


Прачнуўся і загаманіў лес. Зноўку заспявалі птушкі. Недзе далей забрахалі сабакі. Забрахалі сабакі? Забрахалі сабакі!! Брэх гучаў дзесьці наперадзе. Што за?..

Я занадта позна зразумеў, што іду па ветру. Калі ў мінулыя разы я ішоў убок ад брамы супраць ветру, сабакі не адчувалі чужога паху. Цяпер жа...

Нечакана я зноў убачыў лаз. Убачыў нібыта ў тумане — зрок адмаўляўся мне падпарадкоўвацца, ногі таксама, але я ўсё роўна ішоў нібыта ў сне туды, дзе чарнела прагаліна на месцы праламаных дошак.

Стрэлу я нават і не пачуў. Куля раструшчыла дрэва на ўзроўні галавы справа ад мяне. Да лазу заставалася яшчэ нейкіх метраў пяць, калі я пачуў крыкі вартаўнікоў. На бліжэйшым кусце яшчэ адна куля зрэзала галінку... Я кінуўся на зямлю і папоўз на жываце да ратавальнага лазу.

Брэх сабак зноўку нагнаў мяне каля хаты дзеда Юрася. Пагоня дакацілася да вёскі, і цяпер пачыналі абшукваць хаты.

— Што за... — Стары пачаў было сварыцца праз тое, што яго паднялі на досвітку, але на паўслове яго скарга абарвалася. — Максім? Што з табой? Што здарылася? Дзе Таня?

— Таня не жыве!!!

— Што? Што ты вярзеш?!

Я не адказаў. Я проста пераваліўся за парог і ўпаў на падлогу.

— Хто? Хто забіў?! Хто забіў яе?!

Я адказаў адным толькі словам:

— Звягінцаў.

Стары закрычаў. Ён крычаў у ранішняе неба, ён слаў праклёны гэтаму небу, сонцу, Звягінцаву і ўсяму свету.

З боку расстрэльнага лесу ў вёску ўварваліся чатыры чорныя варанкі. Хату абкружылі.

Стары зачыніў дзверы на замок, схапіў лом і адарваў ад падлогі чатыры дошкі. Пад імі была неглыбокая яма, у якой ляжала штосьці доўгае, загорнутае ў тканіну. Пад тканінай я ўбачыў тры вінтоўкі.

Цішыня стаяла з хвіліну. Потым на двары мы пачулі хуткія і ўпэўненыя крокі.

— Ад імя савецкай улады я загадваю вам адчыніць дзверы і даць супрацоўнікам Камісарыята арыштаваць злачынцу, — добра знаёмы голас адразу прабраў марозам да самых касцей.

— Тваё імя! — прагрымеў голас старога.

— Я паўтараю...

— Тваё, курва, імя!!!

— Капітан Камісарыята ўнутраных спраў Звягінцаў.

Гэтага было дастаткова. Дзед выбіў ствалом вінтоўкі шкло ў вакне і стрэліў.

— Па вокнах плі!

Я нават не паспеў націснуць на курок, як рэзкі боль адкінуў мяне ад вакна. Плячо было прастрэлена, з яго біла кроў.

Дзед Юрась высунуўся ў акно, каб адшукаць Звягінцава, і раптам схапіўся за грудзі ды аплыў на падлогу.

— Вось... і ўсё, сынку... — ён расцягнуў вусны ў змучанай усмешцы. — Я б... хацеў быць... богам... каб іх... — ён закашляўся, на вуснах з’явілася кроў. — Іх... на нашае месца...


Дні ў раённым аддзяленні Камісарыята нічым не адрозніваліся ад начэй. Тут заўсёды было цёмна, пахла сырасцю, крывёй і дымам. А яшчэ тут былі пацукі. Шмат пацукоў — цэлае пацучынае войска маршыравала па падлозе падземных камераў. Пацукі не нападалі на жывых вязняў — яны былі сытыя, бо маглі пачаставацца тымі, каму было ўжо ўсё роўна.

Допыты цягнуліся бясконца, адзін за адным. Змяняліся следчыя, змяняліся ахоўнікі. Нязменным было толькі пачуццё поўнай пустэчы. Так, я не адчуваў абсалютна нічога: ні болю, ні страху, ні жалю. Мяне білі, а я не заўважаў гэтага. Часам мне падавалася, што я памёр, і мая душа аднекуль зверху назірае за тым, як нястомныя ка́ты чамусьці працягваюць здзекавацца з мёртвага цела.

Я згубіў лік часу. Для мяне было абсалютнай тайнай, колькі я быў тут ужо — дзень, месяц, год альбо стагоддзе.

Памятаю, калі я ўпершыню абудзіўся тут, я папрасіў следчага — маладога хлопца маіх гадоў з абыякавым выразам на твары — паклікаць маёра Раманава. Той падняў галаву ад сваіх папераў і крыху здзіўлена запытаўся:

— Раманава? Маёр Раманаў выбыў ужо два тыдні таму.

— Выбыў? Што гэта значыць?

— Быў зняты з пасады і расстраляны...

Увесь час мне задавалі нейкія пытанні, сэнсу якіх я не мог зразумець. Здаецца, мяне вінавацілі ў злачынствах супраць Саветаў, шпіянажы...

Я не чакаў смерці як вызвалення. Я нічога не чакаў, як нічога не адчуваў. Бог быў там, наверсе, і ён назіраў за ўсім, што са мной адбывалася. Я не хацеў быць богам. Я б не змог быць такім бессардэчным, якім павінен быць Бог.

Праз тыдзень — ці тысячагоддзе? — мяне ў чарговы раз вывалаклі з камеры, каб адвесці на допыт. Кабінет следчага, у якім я ведаў кожны міліметр падлогі, у якім на кожнай сцяне былі сляды маёй крыві, быў незачынены. За сталом сядзеў хтосьці, каго я яшчэ ні разу не бачыў на сваіх допытах. Гэты чалавек, апусціўшы галаву, чытаў нейкія дакументы, якія ляжалі перад ім.

Канваіры пасадзілі мяне на цвёрды стул, нехта адрапартаваў:

— Савіцкага прывялі, таварыш капітан.

Ах вось яно што! Чарговы следчы быў нікім іншым, як самім Звягінцавым. Прывітанне, гад, даўно не бачыліся!

Забойца падняў галаву і з усмешкай паглядзеў на мяне.

— Ну як вашыя справы, Максім Леанідавіч? Чуў, што вы ніяк не жадаеце праявіць разуменне і пасупрацоўнічаць са следствам. Гэта няветліва з вашага боку! Бачыце, нават мяне ад працы адарвалі, каб я з вамі паразмаўляў... Мне тут казалі, што ты, сука, нібыта, не баішся болю і біць цябе не мае аніякага сэнсу. Можа быць, я не буду правяраць, мне ўсё роўна. Хачу, каб ты разумеў: у мяне вельмі мала часу, сам ведаеш, палігон чакае, — ён зноўку ўсміхнуўся. — З гэтай нагоды я не буду расцягваць бясспрэчную радасць ад размовы з табой, ты падпішаш пратакол, які павінен быў падпісаць яшчэ тыдзень таму, і мы з табой назаўсёды развітаемся. Як табе такі варыянт?

— Паршыва. Твае, капітан, выблядкі так і не змаглі мне растлумачыць сутнасць усіх абвінавачванняў. — Я закашляўся.

Капітан схапіў мяне за валасы і прыпячатаў галавой да сталешніцы. Па шэрым метале расплылася цёмначырвоная пляма.

Звягінцаў схапіў са стала дакументы, якія ён вывучаў да майго з’яўлення, і падсунуў мне пад нос:

— Распавяду табе адну цікавую гісторыю. Наколькі я ведаю, ты ўсюды казаў, што не ведаеш свайго бацьку, табе пра яго ніколі не распавядалі і сам ён памёр яшчэ да твайго нараджэння. Гэтым казкам верылі, праверыць усё роўна не было аніякай магчымасці. А некалькі месяцаў таму я ўдзельнічаў у арышце аднаго старога, якога вінавацілі ва ўзброенай барацьбе супраць савецкай улады. У ягонай хаце мы знайшлі досыць цікавыя дакументы і фотаздымкі. Паглядзі сюды, — і ён ткнуў пальцам у нейкую паперу.

Я праглядзеў дакумент. Наколькі зразумеў, гэта было штосьці накшталт узнагароднага ліста. Дзясятым у спісе стаяла прозвішча... Савіцкага Леаніда Мікалаевіча!

— Ён быў асабістым ад’ютанатам вядомай гніды, якую ягоныя шаўкі звалі генералам Булак-Балаховічам!.. — капітан гагатнуў. — Цэлы стос дакументаў гэтага злачынцы захаваўся ў схроне, які ён зладзіў наўпрост у сваёй хаце. А цяпер глянь сюды, — і Звягінцаў падштурхнуў да мяне жоўты фотаздымак. На ім я ўбачыў шмат людзей у вайсковай форме, якія абкружылі маладога мужчыну з чорнымі вусамі, георгіеўскім крыжом і яшчэ нейкімі ўзнагародамі, якія я не пазнаў.

Звягінцаў ткнуў пальцам у самы кут фотаздымка, на аднаго з вайскоўцаў, які стаяў асобна.

— Паглядзі! Не пазнаеш?

Я пазнаваў. З фотаздымка на мяне глядзеў... нібыта я сам!..

Перада мной ляжалі паперы, якія я мусіў падпісаць. Я адсунуў пратакол.

— Ну і як гэта разумець? — спакойна спытаў капітан.

— Падавіся ты, гад. Колькі б ты мяне не біў, колькі б не ламаў касцей і не зрываў скуры з мяса, я нічога не падпішу. Якая мне розніца, калі ты ўсё роўна загадаеш расстраляць мяне. Можа быць там, наверсе, я зноўку буду з маёй Таццянкай? Хто ведае, можа быць, мы вернемся на зямлю, вернемся, каб адпомсціць табе і табе падобным. Даставай свой «вальтэр», забі мяне, як забіў яе.

Звягінцаў сапраўды дастаў «вальтэр». Але ён не стаў страляць. Ён толькі размахнуўся і ўдарыў мяне па галаве. Я праваліўся ў цемру...

А калі праз дзве гадзіны расплюшчыў вочы, капітан сядзеў насупраць і з нязменнай усмешкай разглядаў паперы, якія я адмовіўся падпісаць.

— Добрай раніцы, Максім Леанідавіч! Паглядзі сюды, — і ён зноў сунуў мне пратакол.

Я не верыў сваім вачам: мой подпіс стаяў пад дакументам.

— Цікава, праўда? Ну вось што перашкаджала мне адразу самому паставіць за цябе твой подпіс? Узор у мяне быў, а разбірацца ніхто не будзе, гэта я гарантую. Мог бы не марнаваць некалькі гадзінаў, — ён зарагатаў. — Ты ведаеш, я ж хацеў табе аказаць адну паслугу. Калі б ты падпісаў паперу сам, ты б сапраўды атрымаў па-хуценькаму кулю ў патыліцу. Хто ведае, а раптам ТАМ ты б сапраўды сустрэў сваю суку, а? — Ён зноўку зарагатаў. — А так... ты не пажадаў супрацоўнічаць, гэта заўсёды караецца вельмі жорстка. Шмат хто лічыць, што самае страшнае пакаранне, якое можа прызначыць Камісарыят, гэта расстрэл. Глупства. У мяне тут ёсць два аркушы. На іх два варыянты прысудаў для цябе. Абодва яны могуць быць правамоцнымі пасля таго, як я пастаўлю свой подпіс. Такім чынам... — ён выцягнуў адзін аркуш. — Першы прысуд: «Савіцкаму Максіму Леанідавічу прызначыць пакаранне ў выглядзе расстрэлу». Другі прысуд... так, так, а вось, тое што трэба: «...прызначыць пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення ў сістэме папраўчых лагераў Савецкага Саюза, без права амністыі, без права ліставання, без права...». Тут яшчэ шмат без якога права, прасцей для цябе будзе зразумець, што ад гэтага моманту ў цябе няма права ні на што абсалютна. Такім чынам, што ж мне абраць... — Ён тэатралізавана задумаўся. — Думаю, што такога лёгкага пакарання, як расстрэл, ты не заслужыў, — ён парваў першы аркуш. Пад другім жа паставіў подпіс і адклаў яго ў планшэт.

Вагон быў халодны і сыры. Як і ў камеры, тут было шмат пацукоў. Але ў адрозненне ад тых, турэмных, гэтыя былі галоднымі...

Нам не казалі, куды рухаецца этап. Мы не павінны былі гэтага ведаць. Адгэтуль мы не павінны былі ведаць нічога. Мы былі нікім, і імя нам было ніхто. Адзінае, што мы ведалі — мы больш не людзі. Нам нельга было размаўляць, нельга было скардзіцца, нельга прасіць.

У вагоне нас такіх было чалавек семдзесят. Як шапнуў адзін з вязняў, нам яшчэ пашанцавала: чэкісты перавозілі ў такіх вагонах і па дзвесце чалавек. Але мне было ўсё роўна. Для мяне навокал не было больш нікога — толькі душы пакутнікаў, яшчэ не мёртвых, але ўжо й не жывых.

А яшчэ са мной побач былі мае анёлы. Ты, мая мілая, і дзед Юрась. Вы кожны вечар былі са мной, вы шапталі мне ласкавыя словы, вы суцяшалі мяне. Толькі вы былі рэальнымі, усё ж астатняе, што я бачыў навокал: сцены вагона, канвойных, вязняў, — яны былі прывіднымі, ілюзорнымі, ненатуральнымі. Я нібыта бачыў гэта ўсё ў сне і, як і ў сне, спакойна назіраў, нібыта ведаючы, што сон рана ці позна скончыцца, што я расплюшчу вочы, а навокал мне будуць зычыць добрай раніцы мае родныя, мае дарагія, мае светлыя. І хоць сон будзе доўжыцца шмат страшных гадоў, я не хваляваўся.

Усё ж такі Звягінцаў не перамог. Ён хацеў, каб я пражыў доўгае жыццё, поўнае пакутлівай рэальнасці і балючых успамінаў. Ён пралічыўся толькі ў адным: больш не было жыцця. Было існаванне, быў толькі сон, а без жыцця пакуты не маюць аніякага сэнсу — іх нельга адчуваць. І я ўсміхаўся начамі, калі мяне ніхто не бачыў, усміхаўся ад адной гэтай думкі — што хоць у чымсьці я перамог д’ябла.

Я бачыў наперадзе доўгія дзесяцігоддзі, бачыў гэтак жа ясна, нібыта ўжо пражыў іх і ведаў, што чакае маю краіну. Я не баяўся нічога. Я толькі чакаў…

(Тэкст друкуецца ў скароце.)



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: