Арцём Лобач: «Большасць музыкаў пра візуальны складнік не задумваецца»

Свой першы кліп Арцём Лобач зняў, калі яму было 19. Усяго праз некалькі гадоў ён стаў адным з самых запатрабаваных беларускіх кліпмейкераў. Ён рабіў ролікі для The Toobes, Akute, J:Морс, Naka, Vuraj, Vinsent’a. 



Арцём, ці вядзеш падлік сваім кліпам? Колькі іх маеш?

— Шчыра, не лічыў. Зняў шмат, больш за 20 дык дакладна. Іншая справа, якія лічыць, а якія лепей пакласці на палічку (смяецца).

— Сорамна паказваць?

— Тое, што здымаю ў апошнія гады, ужо не сорамна. А першыя кліпы рабіліся дзеля досведу, таму пра іх не хочацца згадваць, бо яны засталіся ў мінулым і не адпавядаюць цяперашнім глядацкім чаканням. Хіба перагледзець, каб панастальгаваць. А цяпер прагнуць якаснай выявы і не будуць глядзець кліп толькі таму, што ён зняты на старую камеру.

 

 

Дэбютны кліп Арцёма Лобача для электроннага праекту Vjik72 (2007)

 

Я б вёў адлік з кліпа The Toobes (2009), бо там пачаўся больш-менш прафесійны падыход да справы, калі адбыўся пераход ад аматарскіх здымак да прафесійнага абсталявання, да здымачнай групы, працы з прадзюсарам, выбудовы адносінаў у калектыве — так і нараджаецца прафесіяналізм.

— Ты ўвасабляеш на экране ідэі музыкаў ці прапануеш сваю ідэю? І як наогул дасягаецца паразуменне між музыкам і рэжысёрам?

— Адна з галоўных маіх умоваў — я сам прыдумляю ідэю. Але пры гэтым улічваю прапановы музыкаў. Такое, каб мне прапанавалі ўвасобіць чужы сцэнар, было ў мяне аднойчы, і гэта быў эпік фэйл.

— А было такое, што музыкі табе даверыліся цалкам, але вынік быў непрымальны для іх?

— Пакуль не было. У мяне самога завышаныя патрабаванні да сябе. І калі мне не падабаецца вынік — не буду аддаваць, пакуль не давяду да розуму. Як з тым жа кліпам The Toobes было, бо кліп не атрымаўся, здымкі былі правальныя. Некалькі сцэнаў хіба былі нічога, але патрэбнай колькасці добрага матэрыялу мы не знялі. І таму давялося рабіць гэтую анімацыю. Замест трох месяцаў я рабіў гэты кліп паўгода.

— Музыкі задаволіліся тым, што атрымалася?

— Моцна ўражаныя не былі, але і рэзкай крытыкі не чуў ад іх.

— А табе мусіць падабацца сама песня, на якую ты здымаеш кліп?

— Канечне. Хаця і трапляліся такія песні, якія б я проста так не стаў бы слухаць дома. У такім разе з’яўляюцца іншыя прычыны, з якіх я здымаю кліп. Але дакладна не дзеля грошай, такога яшчэ не было. Напрыклад, у сітуацыі з Настай Шпакоўскай. Не вельмі хацеў здымаць кліп на “Малітву”, але вельмі гарэў ідэяй увасобіць песню “Пра любоў”, якую яна выканала са Светай Бень і Аняй Хітрык. Наста хацела кліп на абедзве кампазіцыі. У выніку так і зрабілі, бо я разумеў, што калі адмоўлюся ад аднаго кліпа, то не рэалізую другі.

 


— Дужа шмат нараканняў на нізкі ўзровень беларускага кліпмейкерства. Ты пагаджаешся з такім меркаваннем?

— Так, згодны, бо тут адсутнічае музычны рынак. Тут усё самадзейна. Здымаюць два-тры чалавекі. Музыкі плацяць за здымкі з уласнай кішэні, чаго таксама не павінна быць. Узяць Польшчу для прыкладу — там сярод кліпмейкераў канкурэнцыя, бо ёсць рынак. Таму калі ты там пачынаеш рабіць нешта новае, то разумееш, што табе ў спіну ўжо нехта дыхае. А ў нас, як і шмат у якіх сферах, поле неаранае.

— І што прапануеш рабіць у такой сітуацыі?

— Рабіць якасна і годна, няхай і без звышідэяў. Удасканальвацца ў тэхнічным сэнсе, шукаць удалае візуальнае рашэнне — якраз у гэта я сам імкнуся біць.

 

 

Кліп Арцёма Лобача на песню “Жывы” Вінсэнта

 

— А як жа прывабная і правакацыйная гісторыя ў кліпе? Попыт якраз на такія.

— У маіх кліпах сапраўды няма смелых гісторый, якія б заваблівалі гледача. І я разумею, што тут я сябе абмяжоўваю. Не ўмею генераваць відовішчныя ідэі, мне гэта неўласціва. Хоць спробы такія былі, усё звялося да візуальнага наратыву. Гэтак жа і з маімі фільмамі. Гэта мая асабістая праблема, якую я выпраўляю з дапамогай далейшай адукацыі і самаадукацыі (Арцём Лобач цяпер вучыцца ў школе режысуры Анджэя Вайды ў Варшаве. — заўвага СБ).

— Для чаго і каго здымаюць беларускія музыкі кліпы?

— Пераважна для Youtube, бо гэта сфера папулярызацыі сваёй музыкі. Ты можаш і сябе паказаць у якім-небудзь прыгожым вобразе… Але не буду тут казаць за музыкантаў, магу адказаць за сябе: мне хочацца здымаць кліпы, бо я люблю музыку. І мне падабаецца рабіць так, каб музыка атрымала працяг з дапамогай візуальных вобразаў. 3–4 кліпы на год, якія мне прапануюць рабіць, цалкам задавальняюць маё жаданне.

— Ці на ўсе прапановы адгукаешся?

— Прапановаў прыходзіць больш, але не на ўсе згаджаюся. Некалькі разоў прапаноўвалі зняць кліп дэз-мэталічныя гурты, але для мяне гэта ўжо перабор (смяецца).

— Колькасць праглядаў для цябе важная?

— Пра гэта я думаю ў апошнюю чаргу. Не дзеля праглядаў на Youtube я раблю кліп. Мне галоўнае падчас здымак адчуваць эйфарыю і атрымліваць асалоду ад таго, што ў мяне атрымліваецца. Можа, таму рабіць кліпы ў стылі групы “Ленінград” я не змагу. Я натхнюся зусім іншымі працамі.

— Якімі?

— Напрыклад, вось гэтым кліпам Scissor Sisters і наогул тым, што робіць суполка “Canada”.

— А якім сваім кліпам ганарышся найбольш?

— Першае, што прыйшло на розум, —  кліп на песню гурта “Мамкины бусы”, зусім непапулярнага, якога, можа, ужо і не існуе. Здымаў яго са сваёй ініцыятывы, па-сяброўску. Яны звярнуліся, каб я проста паздымаў іх на рэпетыцыі, каб адправіць заяўку на нейкі музычны фэст, але ж мне гэтага было мала (смяецца). Знайшоў візуальнае рашэнне, якое лічу ўдалым дагэтуль. Ну, і музыка мне іх вельмі падабаецца.

— Перад тым як зрабіць кліп пэўнаму выканаўцу, ты цікавішся ягонымі ранейшымі відэапрацамі?

— Так, напрыклад, з J:Морс так было. Я паглядзеў кліпы, якія ім здымалі да мяне, у асноўным яны працавалі з Максам Сірым. І я адразу зразумеў, што Уладзіміру Пугачу патрэбны рэбрэндынг. Што ў маім кліпе ён мусіць быць у новым для сябе вобразе. Мы зрабілі гэты кліп, але гурт далей здымае з Максам Сірым. Але я рады, што хоць была спроба зрабіць іншы вобраз.

Наогул жа, у нас ніхто не думае пра візуальны вобраз гурта і пра яго стратэгію. Атрымліваецца як у гурта Re1ikt, якому кліп здымае хто захоча. Яны на ўсё згаджаюцца і не задумваюцца пра тое, што іх візуальная падача на тым жа Youtube мае велізарнае значэнне.

— І як дасягнуць правільнай візуальнай падачы?

— У ідэале — працаваць з канкрэтным іміджмейкерам і прадзюсарам. Музыканты павінныя пісаць музыку. Візуальнае напаўненне — трошкі іншая праца, ёй павінныя займацца людзі з мастацкай адукацыяй. І абавязкова мець стратэгію вобраза на будучыню. У нас ёсць гурты, якія на гэта звяртаюць увагу. Напрыклад, “Серебряная свадьба”, хаця паводле іх кліпаў не магу сказаць, што яны маюць цэласны вобраз. Brutto клапоціцца пра візуальны складнік. Але большасць беларускіх музыкаў пра яго не задумваецца.

— Гледзячы твае кліпы, часам ловіш сябе на думцы, што недзе такое ўжо бачыў. Прычым бачыў у тваіх жа іншых кліпах.

— Так, я згодны, што ў мяне ёсць самапаўторы, і гэта мяне як аўтара не ўпрыгожвае. Але цяпер у мяне змянілася стратэгія наконт таго, як я хачу здымаць. Калі я раней моцна ціснуў на прыгожую карцінку, дзіўныя вобразы ды іх сумяшчэнне, то ў апошні год больш прыслухоўваюся да таго, чаго хоча музыка. Лічу патрэбным шукаць кампрамісы і адыходзіць ад свайго дыктатарства ў візуальным рашэнні. Новы кліп гурта Hurma на песню “Люк, я твой тата” будзе якраз не ўласцівым мне па змесце — па тым, што адбываецца ўнутры кадра. Хоць мая стылістыка будзе захаваная. Прэзентацыя будзе неўзабаве.

 

 

Кліп Арцёма Лобача для гурта “Рада” на песню “Дарожка”

 

— Ёсць розніца ў здымках музычнага відэа для Youtube і для тэлебачання?

— Увасабляць музыку візуальнымі сродкамі для тэлебачання прасцей, чым для сеціва. Бо ў выпадку ТБ спрацоўвае такая рэч, што гэта ўсё адно будзе глядзець аўдыторыя канала. Табе трэба проста якасна зняць. А для відэа, якое ты выпраўляеш у космас сеціва, ты мусіш нечым здзівіць і ўразіць. У сваім выпадку я імкнуся здзівіць не сцэнарам і не сюжэтам, а візуальным рашэннем. Калі мы здымалі навагодні канцэрт для “Белсата” задача была іншая — дастойна паказаць музыкаў, стварыць атмасферу з дапамогай простых інструментаў — святла, камеры, дэкарацый. Для мяне гэта зусім розныя рэчы — тэлешоў і кліп для інтэрнэту.

 

 

 

— Акрамя кліпаў і музычных праграмаў ты здымаеш дакументальнае кіно, робіш тэлерэпартажы. Што для цябе ў прыярытэце сярод гэтых справаў?

— Калі выбудоўваць іерархію, то на першым месцы стаіць дакументальнае кіно. Я люблю дакументальнае кіно і люблю музыку. Наўрад ці мне нехта ў Беларусі замовіць дакументальнае кіно пра музыку. Хіба я сам магу зрабіць, уклаўшы свае сілы і рэсурсы.

Усе астатняе дапамагае рухацца да звышідэі. Падчас працы над кліпамі я знаёмлюся з музыкай, шукаю для сябе новыя рашэнні, і, магчыма, вынайдзеныя вобразы пяройдуць у мае новыя музычныя фільмы. А здымкі для тэлебачання — гэта знаёмства са светам, новыя людзі. Ты адкрываеш іх унутраны свет, і гэта цябе ўзбагачае, бо ў кожным з нас — цэлы космас.

— І ты ўрэшце наважыўся на здымкі музычнага дакументальнага фільма. Распавядзі, у чым яго задума.

— Восем гадоў таму нарадзілася гэтая ідэя. Тады я пачаў пошук гуртоў для поўнаметражнага фільма пра беларускую музыку. З цягам часу ідэя выкрышталізавалася — у выніку яна распаўсюдзілася не на ўвесь зрэз сучаснай беларускай музыкі. Мне спадабалася ідэя ўвасаблення ў сённяшнім дні беларускай традыцыі, якая ў беларусаў вельмі моцная, хоць можа быць глыбока схаванай. Я абраў на герояў тры гурты — Re1ikt, Shuma і Vuraj. І не памыліўся. Іх трэкі мяне натхнялі да здымак, падчас здымак, ад іх мяне прэ дагэтуль. 

Афіцыйная прэм’ера фільма “Беларускія песні: традыцыя адлегласці” адбудзецца 5 лістапада на кінафестывалі “Лістапад”. Запрашаю ўсіх!




Размаўляў Сяргей Будкін, budzma.by



 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: