Арганізатары «Басовішча» просяць дапамогі

Арганізатары фестывалю «Басовішча» звяртаюцца да ўсіх прыхільнікаў з просьбай пра дапамогу. Сродкі на арганізацыю юбілейнага 30-га фестывалю збіраюцца на платформе odpalprojekt.pl.
«Басовішча-2017», фота Арцёма Лявы

«Басовішча-2017», фота Арцёма Лявы

Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» традыцыйна арганізуе Беларускае аб’яднанне студэнтаў у супрацы з іншымі арганізацыямі.

Кажа сябра Управы БАС-у, арганізатарка фестывалю Лідка Пякарская:

— Каб арганізаваць нешта больш незвычайнае, патрабуем больш фінансаў. Мы ўжо атрымалі фінансавую падтрымку з Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ды іншых. Падумалі, што ўжо некалькі гадоў таму людзі хацелі нам дапамагчы таксама фінансава. Можа 30 фестываль будзе добрай нагодай, каб дапамагчы і паўдзельнічаць у арганізацыі «Басовішча». Дзякую ўсім, хто дапамог і тым, хто збіраецца, а таксама заахвочваю нам дапамагчы.

Арганізатары плануюць сабраць дадаткова 15 тысяч злотых. Уся інфармацыя адносна збору сродкаў ёсць на старонцы фестывалю ў Фэйсбуку.

«Басовішча» пройдзе 19-20 ліпеня ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка на Беласточчыне. Яшчэ да 6-га красавіка гурты і выканаўцы могуць падаваць заяўкі на ўдзел у конкурснай частцы фестывалю.

Яна Запольская, racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!