На плошчы Якуба Коласа адкрыецца штогадовы праект «Мастак і горад»

Урачыстае адкрыццё арт-галерэі пад адкрытым небам «Мастак і горад» адбудзецца 16 мая. У гэтым годзе на традыцыйнай лакацыі праекта – плошчы Якуба Коласа ў Мінску – будуць выстаўлены работы дзвюх прадстаўніц беларускага жывапісу: Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч. 

Творы выяўленчага мастацтва на працягу чатырох месяцаў будуць радаваць жыхароў і гасцей сталіцы, а з 6 верасня іх можна будзе ўбачыць у Брэсце.

На адкрыцці арт-галерэі ўдзельнікі змогуць акунуцца ў атмасферу свята, а таксама ў ліку першых убачыць экспазіцыю карцін Зоі Літвінавай – менавіта яе работы адкрыюць маштабны выставачны праект.

“Карціны проста неверагодныя! Нават недасведчаны ў выяўленчым мастацтве чалавек ацэніць глыбіню, якую мастачка адлюстравала ў гэтых работах. Творчасць Літвінавай пакідае след не толькі на палатне, але і глыбока ў душы”, – каментуе творчасць мастачкі дырэктар музея-майстэрні З.І. Азгура Аксана Багданава.

Ацанілі творчасць мастачкі не толькі на радзіме, узнагародзіўшы ордэнам Францыска Скарыны, але і ў Францыі: у 2005 годзе Літвінава атрымала званне кавалера ордэна “За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва”.

Мастацкая экспазіцыя пад адкрытым небам распачне працу ў Мінску ўжо ў 8-ы раз. У гэтым годзе праект можна паўнапраўна назваць арт-галерэяй: наведвальнікаў чакае поўная змена экспазіцыі, што дазволіць на працягу лета ўбачыць не адну, а дзве выстаўкі. У ліпені адна Зоя зменіць іншую: да канца жніўня арт-галерэя збярэ работы Зоі Луцэвіч – прадстаўніцы вядомай беларускай дынастыі жывапісцаў.

Больш за тое, падчас працы арт-галерэі плошча Якуба Коласа стане цэнтрам папулярызацыі розных відаў мастацтва: арганізатары абяцаюць правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, якія дазволяць жыхарам горада не толькі паназіраць за стварэннем прыгожага, але і самім стаць творцамі. Творчыя акцыі будуць прымеркаваны да важных падзей у жыцці горада: “Ночы музеяў” і Сусветнага дня музыкі.

Традыцыйна рэпрадукцыі мастака будуць суправаджацца біяграфіяй і тэкставым апісаннем на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай. А васьмігадовую гісторыю праекта можна ўбачыць на сайце  higminsk.by.

“Выстава “Мастак і горад” – гэта асаблівая падзея ў культурным жыцці Мінска. Гэты праект выходзіць насустрач жыхарам горада, дазваляе ім дакрануцца да сучаснага беларускага мастацтва і стаць яго часткай. Таму мы ўжо ў 6-ы раз падтрымліваем экспазіцыю і самі з задавальненнем адкрываем для сябе новыя грані творчасці беларускіх мастакоў”, – каментуе Вольга Жукава, начальнік аддзела маркетынгу банка ВТБ (Беларусь).

Ужо другі год запар праект выходзіць за межы сталіцы. У мінулым годзе выстаўка прыязджала ў Віцебск, а ў гэты раз унікальныя работы беларускіх мастакоў парадуюць жыхароў і гасцей Брэста. Экспазіцыя ў Брэсце адкрыецца 6 верасня і будзе працаваць два месяцы. Дата адкрыцця выбрана не выпадкова – 7 і 8 верасня горад святкуе сваё тысячагоддзе.

Даведка:

Праект рэалізуе камунікацыйная кампанія GBS сумесна з Музеем-майстэрняй З.І. Азгура пры падтрымцы Мінскага і Брэсцкага гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Шосты год запар генеральным партнёрам экспазіцыі выступае банк ВТБ (Беларусь).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: