Аўтограф-сесія Марціновіча замест Зыбіцкай (фота)

Каля 200 людзей рознага ўзросту (але пераважна моладзь) вырашылі прысвяціць вечар пятніцы чарзе па аўтограф пісьменніка.

Крама «Акадэмкніга», дзе адбывалася імпрэза, распрадала 100 асобнікаў новага рамана Марціновіча «Ноч», і замовіла ў выдавецтве «Кнігазбор» яшчэ партыю.

Падчас кароткай прамовы прадстаўніца «Акадэмкнігі» распавяла, што калісьці першым абнавіў столік для прэзентацый у краме менавіта Віктар Марціновіч. Сам пісьменнік таксама быў лаканічным. Абвясціў, што гэта не прэзентацыя, а толькі аўтограф-сесія. Прэзентацыя будзе пазней, прыкладна праз месяц. І, каб не губляць час, адразу ж сеў падпісваць кнігі.

Чарга расцягнулася колам па ўсёй краме, а хвост застаўся на вуліцы. Мінакі са здзіўленнем пыталі, што адбываецца. Чуючы, што гэта стаяць па подпіс літаратара Марціновіча, прыхільна ківалі. За вечар прыйшло каля 200 чытачоў. Прыкладна палова ўжо мелі кнігі. 100 асобнікаў «Акадэмкніга» распрадала за першую гадзіну аўтограф-сесіі.

«Ноч» у цвёрдай вокладцы, нягледзячы на розніцу ў кошце, карысталася большым попытам, яе раскупілі хутчэй. Кніга ў мяккай вокладцы каштавала 15.66 рублёў, а ў цвёрдай – 24.57. «Ноч» выйшла накладам дзве тысячы асобнікаў. Хутчэй за ўсё, будзе надрукаваны дадатковы наклад.

Паспяховыя краўдфандынгавыя кампаніі, а таксама поўная зала падчас уручэння прэміі Гедройца сведчаць пра вялікі грамадскі інтарэс да беларускай літаратуры. Хочацца верыць, што гэта ўстойлівая тэндэнцыя, а не кароткачасовы трэнд.


Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: