Бацюшка не дазволіў выконваць сучасную музыку ў руінах царквы пад Чашнікамі. Ці правільна ён зрабіў?

У вёсцы Белая Царква пад Чашнікамі 2-4 жніўня ў трэці раз ужо адбыўся музычны фестываль «Справа», на які збіраюцца выканаўцы з Беларусі і замежжа. Сёлета туды прыязджалі Шума, Нагуаль, Дзівасіл, Насця Хмель і іншыя. Былі выканаўцы з Украіны, Германіі, Расіі, Польшчы.
Адметнасцю Белай Царквы з’яўляюцца маляўнічыя рэшткі Троіцкай царквы, якія знаходзяцца на беразе Чарэйскага возера. У непасрэднай блізкасці ад руінаў і адбываецца фэст.

Арганізатары хацелі, каб музыкі адыгралі канцэрт проста ўнутры будынка царквы, але святар Новалукомля Аляксей Шаўро не дазволіў гэтага зрабіць. Мы спыталі ў бацюшкі, чым ён кіраваўся, калі прымаў гэтае рашэнне.

«Ніхто не забараняў, арганізатары не ўзгаднілі загадзя сваё мерапрыемства з царквой. Храм не для таго, каб праводзіць там музычныя канцэрты. У першы дзень былі харалы ў царкве — гэта яшчэ дапушчальна, але ж не сучасная музыка! Будынак ва ўласнасці Беларускай праваслаўнай царквы, ніхто дазволу не пытаўся. Гэта ж ні ў якія каноны царквы, я заўсёды быў супраць.

Канцэрт добры, цікавае мерапрыемства для моладзі, але ж не ў храме. Я заўсёды кажу, што супраць гэтага, дзякуй Богу, што мяне пачулі. Усяму сваё месца і час. Давайце мы яшчэ ў царкве будзем піць піва? Хіба гэта правільна? Ёсць месца, дзе чалавек есць, а ёсць месца — дзе моліцца. Памятаеце, прафесар Праабражэнскі ў «Сабачым сэрцы» казаў: «Усяму сваё месца».

Мы нават у памяць аб нашых продках не можам гэтага дазволіць. Яны там маліліся. Гэта ўсё адно, каб мы зрабілі пляскі на костках. Згадзіцеся, што гэта непрымальна. Мы павінны разумна да ўсяго ставіцца.

Я разумею, што храм адкрыты, кожны можа ў яго заходзіць, але гэта не значыць, што можна здзекавацца з святыні. Я некалі сам быў ініцыятарам гэтага фэсту, у першы год дапамагаў з арганізацыяй. Але самае галоўнае, што праводзілася мерапрыемства з мэтай рэстаўрацыі Троіцкай царквы. А цяпер пра гэта ўсе маўчаць», — адзначае айцец Аляксей Шаўро.

Паводле Нашай Нівы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!