Бахарэвіч і Брава правялі аўтограф-сесіі (фота)

У Мінску 17 студзеня прайшло адразу дзве аўтограф-сесіі беларускіх пісьменнікаў. Чытачы Альгерда Бахарэвіча сабраліся ў «Акадэмкнізе», а Алены Брава – у кнігарні «Галіяфы».



Рэкорд Віктара Марціновіча, да якога на аўтограф-сесію летась у кастрычніку прыйшло каля дзвюх соцень чытачоў, пакуль застаецца непабітым. Але іншыя беларускія творцы таксама збіраюць кола сваіх прыхільнікаў.

Альгерд Бахарэвіч падпісваў новую кнігу «Мае дзевяностыя» і старыя творы, канечне, таксама. Апошні фаліянт пабачыў свет у выдавецтве «Янушкевіч». Тут жа, у «Акадэмкнізе», ужо можна было набыць выдадзены ім жа пераклад на беларускую мову ўспамінаў Архана Памука «Стамбул». Прадстаўнікі выдавецтва казалі, што кніга толькі-толькі прыехала з мытні.


За натхненне да напісання «Маіх дзевяностых» Альгерд Бахарэвіч дзякаваў жонцы, Юліі Цімафеевай. Тая з захапленнем слухала яго ўспаміны і настойвала, каб яны набылі пісьмовую форму. У чарзе па аўтограф можна было пабачыць і тых, хто сам мог бы нямала распавесці пра дзевяностыя, і тых, хто тады яшчэ пешкі пад стол хадзіў. Міжволі падумалася, як добра, што «сярэднестатыстычны» чытач беларускай літаратуры не мае пэўных полаўзроставых характарыстык і чытаюць сапраўды самыя розныя людзі.

Алена Брава давала аўтограф-сесію ў кнігарні «Галіяфы». Крама месціцца сярод самых звычайных гандлёвых шэрагаў на Нямізе і гэта файна, што на беларускія кніжкі можа раптоўна натыкнуцца нават незацікаўлены ад пачатку пакупнік. Большасць наведвальнікаў, аднак, ведаюць, куды яны ідуць, і шпацыруюць мэтанакіравана.

Алена Брава падпісвае «Садомскую яблыню», што выйшла напярэдадні Новага года. Прыхільна гутарыць з кожным чытачом, цікавіцца ўражаннямі ад кнігі, дзеліцца сваімі развагамі. Кажа, што садомская яблыня – метафара жанчыны, вельмі прыгожай вонкава і пустой унутры, тыпаж, што, на думку аўтаркі, часцей сустракаецца ў невялічкіх гарадках, чым у сталіцы. Звяртае ўвагу на адкрыты і аптымістычны фінал кнігі: «Ісці цяжка: снег хоць і падтаў, але ўсё яшчэ цверды, зляжалы. Прасвет паміж дрэвамі, ледзь бачны ў змроку, не набліжаецца». Самы цвёрды снег, як вядома – перад тым, як тае, а самая цёмная ноч – перад світаннем.
18 студзеня кнігарня «Галіяфы» запрашае на аўтограф-сесію Валера Гапеева, які прэзентуе сваю новую кнігу «Пазл».

Фота Алены Ляшкевіч


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!