Багдан Сакалоў: Таварыш Маа знішчае беларушчыну?

Беларуская мова робіцца нават не другой, а трэцяй мовай Беларусі, з сумам зазначае Багдан Сакалоў. І разважае, чаму кітайцы, якія палец аб палец не стукнулі ў пытанні абароны мовы «меншасці», змаглі дасягнуць у культурніцкай экспансіі нашмат большага, чым дзесяцігоддзі апантанай беларушчыны.



Вечар. Едзем з сябрам у тралейбусе ды абмяркоўваем пытанне кітайцаў у Беларусі. Пра тое, што хутка Мінск стане напалову China town, а трэцяй дзяржаўнай мовай краіны — кітайская. І тут у размову ўмешваецца хлапец насупраць, які кажа, што ўжо нават беларуская рэклама піцы часцяком дублюецца іерогліфамі. І тут мы ўсе прыйшлі да даволі сумнай высновы: беларуская робіцца нават не другой, а трэцяй мовай Беларусі. Няўжо нават таварыш Маа аказаўся мацнейшым за беларушчыну? Давайце разбірацца.

Мова — важная частка самаідэнтыфікацыі любой нацыі, але пры гэтым не самая галоўная. На жаль, як мы бачым па апошніх падзеях, звязаных з беларушчынай, культ мовы перамог абсалютна ўсе астатнія элементы, як, дарэчы, вышыванка закрыла сабой усю астатнюю культуру беларускага народа. У навінах мы чытаем бясконцыя гімны і ваенныя маршы фанатычных адэптаў мовы, што менавіта гэты крыжовы паход будзе пераможным. А некаторыя райтары заходзяць яшчэ далей, радасна аб’яўляючы прыход залатога стагоддзя беларушчыны. Гэта ўсё, канечне, класна, але тут далёка не толькі апантаныя літвіністы рвуць глоткі ў намаганнях абвергнуць гэты воблачны вобраз.

Любіце піцу? Адкрыйце інстаграм, пагартайце стужку, і вельмі імаверна, што вам трапіцца тая самая вышэйзгаданая рэклама беларускай піцэрыі не на беларускай, а… на кітайскай. Паглядзіце на некаторыя шыльды, асабліва ў аэрапорце, адкуль фактычна і пачалася кітайская моўная экспансія. Але ж чума распаўсюджваецца хутка, і недалёкі час, калі нават назвы вуліц будуць дублявацца мовай народа Маа.


Дык чаму кітайцы, якія палец аб палец не стукнулі ў пытанні абароны мовы “меншасці”, змаглі дасягнуць у культурніцкай экспансіі нашмат большага, чым дзесяцігоддзі апантанай беларушчыны?

Калі так паглядзець, то ўся гісторыя чалавецтва — гэта бесперапынная вайна культураў. Егіпцяне, грэкі, рымляне, Еўропа, ЗША, Індыя… Часам гэта вылазіць у выглядзе фізічных баявых дзеянняў, а месцамі… моўна і проста культурна. Напрыклад, ёга — даволі моцны атрыбут індыйскай духоўнай культуры. Даволі складаная мясцовая практыка пайшла на экспарт, крыху спрасцілася і сапраўды захапіла заходні рынак. Ці можна з культурніцкага боку гэта назваць экспансіяй? Я мяркую, што так, бо тут мы маем моцную інтэграцыю загадзя іншай, чужароднай практыкі ў еўрапейскую культуру. Падобная сітуацыя з тымі ж хіджабамі. З аднаго боку, проста культура нашэння галаўных убораў жанчынамі, а ў Еўропе гэта ператварылася ў сапраўдную вайну. Чаму? Бо чужая культура.

І такіх прыкладаў можна вельмі шмат назбіраць, але сутнасць адна: больш моцнае перамагае слабае. Ёга змагла, а хіджабы — не. Дык што, кітайская культура аказалася мацнейшай за беларускую? Хутчэй так, чым не.

Кітайцы захоўваюць сваю культуру і мову цэлымі стагоддзямі, яны доўга варыліся ў сваім соку, менавіта таму кітайцы — моцныя носьбіты сваёй культуры. У іх не так і шмат унутраных культурніцкіх супярэчнасцяў, няма фанатызму ці хейту, бо яна настолькі натуральна інтэграваная ў розумы свайго народа, што тыя проста яе бяруць з сабой і прыносяць паўсюль, дзе б ні былі.


Падобную моц у нашым рэгіёне, дарэчы, маюць палякі. Што тут казаць, калі ў Лондане існуе нават сваё польскае радыё! Польскія дыяспары моцныя, а сама краіна робіць усё, каб пашыраць ужытак сваёй культуры. І гэта працуе!


Чытайце таксама:

Беларусь губляе Гродзеншчыну?



На жаль, гэтага нельга сказаць пра Беларусь. Поўная нацыянальная нявызначанасць, неаднароднасць чытанняў сваёй жа культуры, грамадзянская вайна розначытанняў і моўныя фанатыкі — гэта толькі паслабляе беларускую культуру. Што тут казаць, калі нават мова стала прадметам культу ці хейту, а не натуральнай з’явай кожнага беларуса. І тут праблема з абодвух бакоў — адны топчуць, а другія моляцца і гатовыя перагрызці шыю за яе. Але калі нават у краіне няма хоць нейкай адназначнасці, то пра які экспарт можна весці гаворку? Тут хаця б сваё захаваць, што атрымліваецца ў дадзенай сітуацыі даволі дрэнна.

Менавіта з гэтай прычыны ў Беларусі цяпер амаль поўная гегемонія рускай культуры, Кітай праводзіць лёгкую інтэрвенцыю, а ўкраінскае і польскае поле так прыцягваюць да сябе беларусаў.

І тут вы можаце паспрачацца, прывесці ў прыклад беларусізацыю, вышыванкі і ўвогуле сучасныя працэсы беларушчыны. Але давайце будзем шчырымі: гэта хаця б у Беларусі мае большасць? На жаль, тут даволі малаколькасная прадукцыя, якая ўсё роўна хутчэй нізавая, чым папсовая. І тут двума перакладамі не самых папулярных фільмяцоў ды двума часопісамі не абыдзешся. Трэба праца па поўнай папулярызацыі, прытым такой, каб гэта было прадметам натуральнага масавага гонару, а не пакланення і фанатызму.

Чаму тут дрэнны фанатызм? Бо моцная культура не азначае, што яна павінная быць замкнёнай знутры, не развівацца і нічога звонку не прымаць. Якраз наадварот: тут патрэбная поўная інтэграцыя ў сусветныя працэсы, каб беларуская культура была жыццяздольная і мела магчымасці развівацца па за межамі краіны. На жаль, як і ў філасофіі, тут няма статус-кво — толькі прагрэс ці дэградацыя. А фанатызм заўсёды кансервуе, стварае варожасць да наваколля. Тут выдатным прыкладам з’яўляецца літвінізм, які фактычна робіць ворагамі ўсе астатнія народы былога ВКЛ. Бо адны — злодзеі, іншыя — увогуле малпы, а ёсць толькі адна ісціна — літвінства, што нарадзіла ўсё і ўсіх. На жаль, элементаў літвінізму хапае цяпер нават у незалежных медыях. Зірніце на фармулёўкі гістарычных пастоў, інтэрв’ю і г.д. — ці знаходзіцца тут месца для іншых? Не. Поўная гегемонія беларусацэнтрычнай версіі гісторыі. У сацсетках замест натуральнага гонару за краіну і пытанняў яе сучаснага развіцця — культ беларусаў, вышыванак і мовы. У навінах мы бачым толькі Беларусь і Расію, але нічога добрага пра астатніх суседзяў. А навошта, калі культура замкнёная ўнутры сябе, свайго гета і нічога не бачыць навокал?

І тут успамінаецца легенда пра Нарцыса, які настолькі любіў сябе, што ўрэшце не змог адарваць погляд ад уласнага адлюстравання. Тое самае мы назіраем і з беларускай культурай: пакуль фанатычна глядзім на сябе, краіну захопліваюць іншыя культуры. Нават кітайцы. А як можна нешта развіваць і прымаць меры, калі перад вачамі толькі тваё адлюстраванне? Гэта тое ж самае, што кіраваць машынай, гледзячы толькі ў люстэрка задняга віду.

 Якая тут мараль? Беларускасць павінная стаць натуральнай, з’яднаць вакол сябе ўсіх, але пры гэтым быць адкрытай для сусвету. І для гэтага варта гуртавацца і яднацца, але без крайняга фанатызму. Інакш хутка настане час, калі кітайская стане папулярнейшай за беларускую, а таварыш Маа пачне ўпрыгожваць пакоі мясцовых кабінетаў. Перабольшанне, канечне, але наўрад ці я тут далёкі ад праўды.

budzma.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Андрэй зь Віцебска
  • 2018-09-25 10:27:55
Вельмі добры артыкул і цікавая тэма! Але мне здаецца, аўтар памыліўся аднойчы, калі фактычна аднёс "беларусацэнтрычную вэрсію гісторыі" да "ліцьвінізму", бо ліцьвінізам па вызначэньні адмаўляе існаваньне беларускай нацыі, таму беларусацэнтрычнасьць гісторыі не спалучаецца зь ліцьвінізмам!
Больш за тое, на маю думку, беларусацэнтрычны погляд ня толькі на нашую ўласную, але і на сусьветную гісторыю ёсьць цалкам апраўданым падыходам, бо інакш немагчыма быць нацыяй. Палякі глядзяць на сьвет вачыма "палякацэнтрычнага сьвету" (не кажу ўжо пра расейцаў). Калі мы ня будзем рабіць гэтак жа, то сапраўды рызыкуем зьнікнуць з мапы сьвету.
  • ВР
  • 2018-09-25 18:20:52
"Дамінаванне кітайскіх фірм у сусветнай эканоміцы, у рэшце рэшт, адаб’ецца і на палітыцы – у прынцыпе, ужо адбіваецца". Пра тое, як КНР пашырае свой уплыў у Беларусі, чытайце тут: http://belisrael.info/?p=15299 (22.05.2018)

Каментаваць