Байкі пра «славянаў»

Ці ёсць увогуле славяне? Яны сапраўды існуюць, ці гэта палітычны праект? Што такое «славянская мова»? Пра гэта зараз зноў згадваюць больш і больш…

Падставай для гэтага допісу стаў пераклад, зроблены «Новым Часам» з сайту антропогенез.ру артыкула «Як складаўся генафонд славян». Відавочна, што гэта пераказ на журналісцкі манер навуковай працы, высновы з якой зусім не такія адназначныя для адмыслоўцаў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паслухаць хаця б інтэрв’ю Баланоўскага, доктара біялагічных навук, аднаго з аўтараў гэтай працы. Ён кажа, што тыя народы, якіх мы называем славянамі, за выключэннем бліжэйшых суседзяў, маюць істотна адрозны генафонд. І, што асабліва важна, нейкага асобнага славянскага кампаненту ў ім няма. У той жа час адмыслоўцамі фіксуецца значнае падабенства ў мовах.

Хто пачаў размову «па-славянску»?

Але як сфармавалася гэтае падабенства? У расійскай інфармацыйнай прасторы, да якой належым і мы, навязліва сцвярджаецца, што ў выніку актыўнага распаўсюджвання на тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў VI–XIII стагоддзях нейкіх славянаў, якія з’явіліся невядома адкуль (раней, да VI стагоддзя, пра іх ніхто не ведаў).

Калі невядомыя ці малавядомыя — значыць, нешматлікія. Але каб нешматлікае племя ці група плямёнаў без войнаў і канфліктаў асімілявала на агромістай тэрыторыі дзясяткі іншых народаў — гэта неверагодна. Са строгіх навуковых дый з любых іншых пазіцыяў — абсурд. Больш за тое, такое немагчыма нават шляхам заваявання і падпарадкавання іншых народаў, калі асіміляцыя нярэдка адбываецца гвалтоўна. Невялічкія купкі заваёўнікаў з цягам часу папросту зніклі б сярод іх.

У апошні час шэраг расійскіх гісторыкаў імкнецца падыходзіць да гэтага пытання больш абачліва, каб не выглядаць цалкам неадукаванымі. За першых славянаў яны выдаюць зараз венедаў, антаў, склавенаў і шматлікія іншыя плямёны, якія пражывалі ў розных частках Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Фактычна, тыя індаеўрапейскія плямёны, якія не падпалі пад раманізацыю і не адносіліся да германскіх плямёнаў, прыйшоўшых на еўрапейскі кантынент з поўдня Скандынавіі. Большасць з гэтых «славянскіх» плямёнаў нікуды не перамяшчаліся, а жылі на сваіх землях спрадвечна. Частка ж, разам з іншымі заваёўнікамі, сапраўды займалася нападамі, рабаваннем, захопам іншых тэрыторыяў. Але поспех іх, як правіла, быў часовы. І боль­шасць з іх бясследна знікла (як, напрыклад, тыя ж авары). У сувязі з чым гаварыць пра нейкую славянізацыю не выпадае: хутчэй трэба казаць пра цалкам іншы працэс (асіміляцыі «славянаў» з боку цюркскіх і іншых народаў). Пра працэс, якога ўдалося пазбегнуць толькі нямногім «славянскім» плямёнам. У асноўным у глыбіннай частцы іх арэалу, які прыпадае і на Беларусь.

Мова = палітыка

Што тычыцца значнага падабенства ў мовах, якое мы наглядаем, дык яно ёсць вынікам найперш палітычных, а не асіміляцыйных працэсаў. Пра тое, як ідзе такая асіміляцыя, бачна на прыкладзе той жа Расіі, дзе якуты, ненцы, тувіны і многія іншыя за 70 гадоў сталі ўжо «рускімі». Што ж тычыцца «славянскай» асіміляцыі ў VI–XIII стагоддзях, дык такую ролю ў той час адыгрывала Візантыйская імперыя, на тэрыторыях, дзе распаўсюджваўся яе ўплыў. Але працэс гэты ішоў зусім інакш, чым у Расіі ці іншых сучасных дзяржавах, дзе адзіная мова, культура, і нават сексуальныя захапленні навязваюцца зверху. У часы Візантыі гэта было немагчыма.

У тыя часы ішоў істотна іншы працэс — працэс адаптацыі Візантыйскай культуры, мовы, веры да культуры, мовы, вераванняў іншых народаў, што і фармавала іх агульную супольнасць. Адначасна на тэрыторыях, якія знаходзіліся пад уплывам Візантыі, фармавалася і пэўная наддыялектная мова як мова зносін паміж народамі (мова кайнэ). Усё гэта і іншае і фармавала новае падабенства моваў, якія ўжо разыходзіліся. Тое ж, што актыўная славянізацыя (набыццё агульных «славянскіх» рысаў) адбывалася менавіта ў часы Візантыі, з’яўляецца найбольш яскравым пацверджаннем такога тыпу «славянізацыі». Падобныя працэсы адбываліся і ў Заходняй Еўропе, дзе ў якасці палітычнага цэнтру захаваўся Рым, з істотна іншай мовай і культурай.

Невядома хто невядома адкуль

Што тычыцца сапраўднага паходжання славянскіх моваў, як і заходнееўрапейскіх, то сапраўдным коранем іх з’яўляецца, відавочна, мова індаеўрапейскіх плямёнаў, што прыйшлі сюды з вельмі глыбокай старажытнасці. З цягам часу іх мова распалася на асобныя дыялекты. У той жа час, па меры развіцця еўрапейскай супольнасці народаў, узнікнення на абшарах Еўропы вялізных імперый, палітычных саюзаў, пашырэння працэсаў камунікацыі паміж народамі і іншае, шлі і адваротныя, інтэграцыйныя працэсы. Хаця заставаліся і непераадольныя бар’еры, што і стварылі, урэшце, дзве цывілізацыі ў Еўропе — усходнееўрапейскую і заходнееўрапейскую.

Усходнееўрапейская цывілізацыя, як ускраінная, а таму і больш архаічная, захавала ў сабе найбольш элементаў мінулай індаеўрапейскай культуры, што і дазваляе розным маніпулятарам ад гісторыі гаварыць пра нейкіх славянаў (чытай, рускіх), якія пражывалі на тэрыторыі ледзь не ўсёй Еўропы.

Зважаючы на гэта, невыпадкова, што месца ўзнікнення міфічнай протаславянскай народнасці, як і міфічнай протаславянскай мовы, да гэтага часу не вызначана. Як не вызначана гэта і для заходнееўрапейскай сям’і народаў. А таму ідэалагічныя байкі пра «славянізацыю» не маюць пад сабой ніякага гістарычнага грунту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Гісторык
  • 2018-01-11 06:38:03
Аўтар начытаўся нейкай расійскай прапаганды і, абурыўшыся ёю, адмаўляе агульнапрыняты факт шырокага рассялення славян. Між тым, існуе манаграфія доктара гістарычных навук Э. М. Загарульскага, якая падае навуковы погляд на гэтую праблему.
http://elib.bsu.by/handle/123456789/92304

Каментаваць