Барыс Грабеншчыкоў адкрыў у Мінску выставу сваіх карцін (фота)

Кумір савецкай і постсавецкай моладзі БГ паказаў іншы аспект сваёй творчасці, заявіўшы, што з музыкай ён ніяк не звязаны. Але акустычны канцэрт даў.

Выстава карцін Барыса Грабеншчыкова «Татэмы зімагораў» распачала працу ў Нацыянальным мастацкім музеі 28 студзеня. Экспануюцца ў асноўным творы апошніх гадоў, але ёсць і старыя. На адкрыцці аўтар даў акустычны канцэрт, а на прэс-канферэнцыі адказаў на некалькі пытанняў.


— Я займаюся тым, што вы завеце жывапісам, столькі ж, колькі і музыкай. Малюю пераважна з другой гадзіны ночы да шостай ранку. Гэты аспект маёй творчасці з музыкай не перагукаецца. Першых карцін не памятаю, камусьці падараваў. Прадаю карціны толькі каб укласці грошы ў запіс альбомаў, гэта пакрывае прыкладна палову выдаткаў.


— Я не графічны дызайнер, таму свае малюнкі ў якасці вокладак альбомаў навязваць ніколі не стану. Людзі, што купляюць музыку «Акварыюма», не абавязаны выносіць маю мастацкую творчасць.


— Як маці не мае любімага дзіцяці, так я не маю любімай карціны. Ды я ўвогуле не мастак! Як толькі пачну сябе адносіць да мастакоў, мне шлях напрасткі ў вар'ятню. Мае любімыя мастакі — Манэ, Пісаро, Сіслэй, Кустодзіеў, Шышкін, Куінджы, ну, і г. д. і г. д…


— Вызнаю Боба Дзілана сваім настаўнікам. Бяру яго творчы метад і выкарыстоўваю. І ён не састаравае.
У сярэдзіне 1970-х у СССР было не лепш, чым цяпер у Расіі, а, можа, і горш. Хлусня была афіцыйнай нормай.
Усе добрыя мастакі і музыкі заўсёды жылі без грошаў, ва ўсе часы. «Акварыюм» ніколі не зарабляў.

— Апошняе маё азарэнне: немагчыма ўспрымаць без гумару, як старыцца тваё цела. І ў той жа час разумееш, што асалоды яшчэ можна атрымаць вельмі шмат. Таму я займаюся толькі тым, што мне цікава, на іншае папросту няма часу.

Выстава будзе працаваць да 10 сакавіка.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: