Беларусь-Украіна: праз культуру — да сяброўства

Праз культурніцкія акцыі прасцей усталёўваць сувязі, збліжаць людзей і, такім чынам, вырашаць любыя міжнародныя праблемы.



Фальклорным фэстам і канферэнцыяй у вёсцы Залісы Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці завяршыўся праект па абмену вопытам у вясковых суполках Украіны і Беларусі «Праз вывучэнне культуры суседняга народу — да ўстойлівага партнёрства і паразумення» ў рамках праграмы Еўрасаюза тэрытарыяльнай супрацы краінаў Усходняга партнёрства «Беларусь-Украіна».

У праекце, які доўжыўся з лістападу 2017 года, бралі ўдзел аграгарадок Дзівін — цэнтр сельсавету Кобрынскага раёну Брэстчыны і вёска Залісы Забалоццеўскага пасялковага савету Ратнаўскага раёна Валыні.

Бакі выказалі намер працягнуць супрацу і падпісалі адпаведныя дакументы.

Асістэнтка менеджэра праекту Алена Мезенцава з Кобрына адказала на шэраг пытанняў карэспандэнта НЧ.

— Якімі справамі займаецца праект?

— Разам з аднаўленнем будынку Дома культуры вёскі Залісы быў праведзены шэраг мерапрыемстваў (па тры — у Беларусі і ва Украіне) дзеля знаёмства з культурнай спадчынай народаў-суседзяў.

Мясцовыя жыхары паглыбілі сваё ўяўленне пра скарбы мовы, звычаі, традыцыі, музыку, фальклор і літаратуру ўкраінцаў і беларусаў. Гэтаму спрыяў моладзевы летнік на Шацкіх азёрах Валыні і вандроўка ў Кобрынь.

Апроч таго, бакі пазнаёміліся з мясцовым вопытам у галіне адукацыі і арганізацыі вольнага часу, у тым ліку з турыстычнай інфраструктурай беларуска-ўкраінскага памежжа.


— Якая справа праекту была найбольш удалай і чаму?

— Мне падаецца, што гэта быў моладзевы летнік на Шацкіх азёрах. Правядзенне летніку падчас школьных вакацый з вандроўкамі па Валыні і вялікай культурнай праграмай дазволіла дзецям наладзіць цёплыя сяброўскія адносіны, якія, безумоўна, будуць спрыяць сяброўству нашых народаў.

— А што стала адкрыццём?

— Тое, што праз культурніцкія акцыі прасцей усталёўваць сувязі, збліжаць людзей і, такім чынам, вырашаць любыя міжнародныя праблемы. Апроч таго, адкрыла для сябе цэлы мацярык раней малазнаёмай беларускай нацыянальнай культуры, якой, на жаль, не надаецца належнай увагі ў айчынных друкаваных СМІ і на беларускіх тэлеканалах.


 — Якія напрамкі супрацы бачацца найбольш прыярытэтнымі і чаму?

— Усё, што спрыяе яднанню і паразуменню людзей, стымулюе ўдзел грамадзянаў у грамадскім жыцці, мацуе дыялог і давер, распаўсюджвае ідэі культурнай разнастайнасці і талерантнасці. Таму нам трэба глыбей вывучаць гістарычна-культурную спадчыну народаў-суседзяў, у тым ліку лёсы выбітных суайчыннікаў, помнікі архітэктуры, археалогіі, этнаграфіі і фальклору, музычныя і літаратурныя творы, а таксама найбольш выразныя прыклады беларуска-ўкраінскай інтэграцыі ў галіне культуры. Калі ў такую шматбаковую працу будзе ўцягнутая моладзь, гэта дазволіць пашырыць турыстычны патэнцыял беларуска-ўкраінскага памежжа. 

Падпісанне дакументаў аб супрацы вясковых суполак Беларусі і Украіны

— На што неабходна звярнуць увагу грамадскасці і дзяржаве, каб палегчыць рэалізацыю падобных праектаў?

— Трэба вызначыць максімальныя тэрміны дзяржаўнай рэгістрацыі такіх праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, каб беларускі бок і замежныя партнёры маглі планаваць супрацу і здзяйсняць запланаванае як мага найлепш. У справаздачах неабходна рабіць акцэнт на рэалізацыю задач і мэтаў праектаў, а не на працэнт засваення грашовых сродкаў.

Напрыканцы спадарыня Алена выказала падзяку ўсім удзельнікам гэтага беларуска-ўкраінскага праекту і спадзяванне на яго паспяховы працяг.



 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!