Беларуская дыяспара на фестывалі кнігі «Прадмова»: прэзентацыя новых кніг

31 траўня на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» вядомы гісторык і даследчык эміграцыі, сябра Управы Згуртавання «Бацькаўшчына» Наталля Гардзіенка прэзентуе новыя гістарычныя кнігі-цікавосткі серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».


Першая кніга — “Масей Сяднёў: Pro et contra” — прысвечаная Масею Сяднёву, пісьменніку і крытыку, які ўзначальваў “Радыё Свабода” цягам 15 гадоў.


Праз ліставанне з калегамі і паплечнікамі раскрываецца супярэчлівая і неадназначная асоба выбітнага дзеяча эміграцыі, чые літаратурна-крытычныя тэксты не згубілі сваёй актуальнасці, і нават сёння здольныя выклікаць найвострую палеміку.

Выданне ўтрымлівае падрабязныя падрадковыя каментары і іменны паказнік.

Другая кніга — “Як укладалі “Спадчыну” — прысвечаная гісторыі выдання знакамітага “мюнхенскага” дыхтоўнага 500-старонкавага зборніка Купалавых вершаў, які ў 1955 годзе істотна паспрыяў рэпрэзентацыі беларускай культуры на Захадзе і, праз наяўнасць у зборніку забароненых у БССР тэкстаў, скіраваў тэндэнцыі афіцыйнага купалазнаўства да іх “рэабілітацыі”.


У аснову кнігі легла ліставанне аўтараў ідэі выдання “Спадчыны” — заснавальніка БІНіМ Вітаўта Тумаша і найбуйнейшага купалазнаўцы на эміграцыі, рэдактара “Бацькаўшчыны” Станіслава Станкевіча. Гэты эпісталярый — жывое і захапляльнае сведчанне беларускага інтэлектуальнага жыцця тагачаснай эміграцыі.

Адрас: “ОК16”, Кастрычніцкая, 16.

31 траўня, пачатак а 18:30.

Уваход вольны.

Паводле Інфармацыйнага цэнтру МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: