Беларуская народная песня — шчасце, якое даў мне Бог

На памятны канцэрт да дня нараджэння беларускага кампазітара Алеся Рашчынскага запрашаюць 8 красавіка яго вучні і прыхільнікі таленту.

«Калі я разважаю аб тым, хто такі сапраўдны патрыёт і як ён выглядае, сярод іншых перад вачыма ўстае аблічча майго настаўніка — беларускага кампазітара Алеся Рашчынскага», — піша арганізатар канцэрту і выпускніца адззялення «Народна-харавыя спевы» 2009 года Юлія Юхно-Тарасевіч.

«Вядома, нямногія ведаюць яго імя, і гэта шкада, таму што Алесь Уладзіміравіч увасабляе ў сабе вобраз беларуса ў найлепшым яго праяўленні. Не сумняваюся, праз некаторы час імёны тых, хто аддаў сваё жыццё служэнню роднай краіне, будзе ведаць кожны беларус, але каб гэта здарылася хутчэй, трэба паказваць і расказваць пра іх лёс і творчы шлях.

З нагоды дня народзінаў Алеся Рашчынскага 8 красавіка 2017 года сталічная філармонія збярэ ў вялікай зале сяброў і прыхільнікаў таленту кампазітара. Гэты канцэрт — даніна памяці выдатнаму творцу, які нёс у грамадства беларускую мову, беларускую песню, беларускую культуру. Алесь Уладзіміравіч выгадаваў больш за 40 спецыялістаў-дырыжораў, прафесіянальных харавых выканаўцаў, напісаў больш за 200 апрацовак беларускіх народных песень, выпусціў 8 фальклорных зборнікаў і склаў дзве навучальныя праграмы, па якім зараз вучацца музычныя коледжы па ўсёй краіне. Дзякуючы Алесю Рашчынскаму ў Мінскім дзяржаўным музычным коледжы імя М. Глінкі існуе аддзяленне «Народна-харавыя спевы», адчыненае ім і яго аднадумцамі ў 1973 годзе. Больш за 30 лет ён плённа працаваў дзеля росквіту свайго дзецішча, а з-пад крыла Алеся Уладзіміравіча ўчорашнія першакурснікі выходзілі ў свет сапраўднымі спецыялістамі.

Калісьці Алесь Уладзіміравіч зрабіў знакавую для нашага аддзялення аранжыроўку на музыку М. Сацуры, словы Н. Гілевіча — «Шлях да Беларусі», рэфрэнам у якой паўтараюцца словы: «І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!». І вось мы, выпускнікі Алеся Рашчынскага, прыйшлі. Прышлі да вас, да нашых суграмадзян і суайчыннікаў, каб перавярнуць вашыя прадстаўленні аб беларускай музыцы, каб напоўніць вашыя душы любоўю і цяплынёй, каб аб’яднаць вас мілагучнай беларускай мовай і выказаць словы падзякі за тое, што не забываецеся на свае роднае. Прышлі, каб пакланіцца свайму настаўніку і ўшанаваць яго светлую памяць.

Толькі так, праз мастацтва і творчасць, Алесь Уладзіміравіч яднаў нас, а мы будзем імкнуцца аб’яднаць вас.
Цікава і вельмі прыемна, што, складаючы праграму канцэрта, я найшла падтрымку ў калег-музыкантаў.
Аркестр народных інструментаў і сімфанічны аркестр МДМК імя М. І. Глінкі, вакальна-харэаграфічны калектыў «Жалейка», салісты Дзяржаўнага музычнага тэатру, народны ансамбль «Каханачка» і, канешне, народны хор імя А. Рашчынскага — усе мы будзем спяваць і іграць для вас, бо няма ўжо сіл хаваць ад грамадства цудоўную музыку, напісанную Алесем Рашчынскім, Ігарам Лучанком, Алегам Моўчанам, Яўгенам Глебавым.
 
8 красавіка а сёмай гадзіне запрашаем і чакаем усіх неабыякавых беларусаў у вялікай зале дзяржаўнай філармоніі.

Атрымаць інфармацыю наконт квіткоў можна па нумары +375296979786. Больш падрабязна пра мерапрыемства — сацыяльных сетках:

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: