Беларуская стужка ўваходзіць у спіс 250 лепшых кінакарцін свету

Паводле найбуйнейшага кінапарталу imdb.com, адна беларуская карціна стала ўваходзіць у спіс самых рэйтынгавых кінафільмаў. Яна апярэджвае «Андрэя Рублёва» Таркоўскага, «Персону» Бергмана і «Тэрмінатара» з Арнольдам Шварцэнегерам. Што гэта за стужка?

Карціна Элема Клімава «Ідзі і глядзі», знятая на «Беларусьфільме» ў 1985 годзе паводле сцэнару Алеся Адамовіча, уваходзіць у спіс 250 лепшых кінакарцін свету. Яна мае там высокі рэйтынг — 8,1 балаў з 10 (разам з такімі класічнымі стужкамі, як «Знесеныя ветрам» 1939 года, «Фарга» 1996 і «Бягун па лязу брытвы» 1982).

Беларускі фільм займае ў спісе 167 месца. Хаця з выхадам новых кінакарцін рэйтынг на партале мяняецца, ваенная драма «Ідзі і глядзі» стала займае высокія пазіцыі сярод усіх адзначаных у інтэрнэт-даведніку.

У 2017 годзе адбылася паўторная прэм’ера стужкі на Венецыянскім кінафэсце, дзе была паказаная адрэстаўраваная і адлічбаваная версія карціны. У красавіку 2019 года адрэстаўраваная версія «Ідзі і глядзі» была прадстаўленая ў Францыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!