Беларускі каляндар ажыў у дзіцячых малюнках (фота)

У Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук 5 красавіка адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў «Кола святаў». Вучні мінскай школы № 147 увасобілі ў сваіх працах беларускія абрады.

Выстава стала вынікам пагаднення між Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук і школай № 147. Ініцыятары хацелі, каб веды навукоўцаў былі карыснымі для практыкаў.
Настаўнікі данеслі атрыманыя звесткі да вучняў, якія выкарысталі атрыманыя ідэі для творчасці.

Шмат прац прысвечана бліжэйшаму каляндарнаму святу — Вялікадню. Выстаўляюцца таксама малюнкі, натхнёныя аповедамі пра Яблычны Спас, Каляды, Купалле, Масленку, гуканне вясны.

На адкрыцці выступілі шматлікія ганаровыя госці: дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, акадэмік Аляксандр Лакотка, прадстаўнікі Універсітэта культуры і ўпраўлення адукацыі Мінгарвыканкама. Студыя “Вясёлка Stars” прадэманстравала калекцыю дзіцячага адзення. У канцы дзеці самі распавядалі прысутным пра свае творы.

Выстава працуе па адрасе: Мінск, вул. Сурганава, 1/2. Уваход вольны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!