Беларускі паб-квіз — гэта цікава і займальна!

Мінулая субота ў клубе «Графіці» выдалася не зусім звычайнай: тут гучалі пытанні па гісторыі і культуры Беларусі, а каманды знаўцаў і эрудытаў у пісьмовай форме давалі на іх адказы.
Уся ўвага на экран з пытаннем

Уся ўвага на экран з пытаннем

Па атмасферы, якая панавала ў клубе, можна было зразумець, тут праводзілася адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства, ці, кажучы сучаснай мовай, паб-квіз «Імбрыкі ды Імбрычкі». Ініцыятарам яго правядзення і вядучым стаў вядомы прадзюсар беларускіх імпрэз і выдавец Алесь Мазанік.

Паб-квіз (ад англ. Pub — месца, дзе можна добра правесці час за куфлем піва, і Quiz — віктарына) — гэта шырока вядомая ў свеце калектыўная гульня на эрудыцыю, логіку і вынаходлівасць. Аналагам паб-квіза называюць такія гульнявыя франшызы, як «Брэйн-рынг» альбо «Што? Дзе? Калі?».

Правілы паб-квіза вельмі дэмакратычныя. Удзельнікі аб’ядноўваюцца ў каманды па 4-6 чалавек. Гульня складаецца з некалькіх раўндаў (да 6-10), у якіх камандам прыходзіцца адказваць на некалькі пытанняў, якія тычацца рознай тэматыкі. Патрабаванне да ўдзельнікаў — не карыстацца мабільнымі тэлефонамі!

Сярод удзельнікаў паб-квіза вядомыя палітыкі, журналісты

Сярод удзельнікаў паб-квіза вядомыя палітыкі, журналісты

Пасля кароткага абмеркавання адказ запісваецца на спецыяльна падрыхтаваныя бланкі. Пасля варыянты адказаў каманд збіраюцца вядучым паб-квіза, агучваюцца дакладныя адказы. Пасля падліку балаў абвяшчаюцца пераможцы паб-квіза.

У Беларусі паб-квіз — не навіна. Такія сустрэчы эрудытаў, як «Мазгабойня», «Аўdzienцыя», прыцягвалі шмат людзей рознага ўзросту, якія жадалі паспрабаваць сябе ў гэтай папулярнай гульні. Але ў чым жа адрозненне паб-квіза «Імбрыкі ды Імбрычкі»? Напэўна, у тым, што гэта першае ад пачатку беларускамоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва. Да таго ж, асноўнымі тэмамі паб-квіза, ініцыяванага Алесем Мазанікам, стала беларуская тэматыка: трэба было добра ведаць анімацыйныя кліпы беларускіх музыкантаў, айчынную гісторыю, мову, літаратуру і народнае мастацтва, адказваць на пытанні, звязаныя з логікай і матэматыкай. Цікава, што каманды паб-квіза ў клубе «Графіці» выбіраюць сабе  адпаведныя тэматыцы назвы. Сярод іх такія як «Мроя», «Шляхціч Завальня», «Хата 18 х 63» ці «Кемлівыя абібокі»…

Вядучы паб-квіза Імбрыкі і Імбрычкі Алесь Мазанік

Вядучы паб-квіза Імбрыкі і Імбрычкі Алесь Мазанік

Пра тое, як узнікла ідэя беларускага паб-квіза і яго перспектывы, мы гутарым з Алесем Мазанікам: «Я сам часам хаджу на пэўныя квізы, напрыклад, на «Беларускую інтэлектуальную гульню», якая мне вельмі падабаецца. Але там у мяне ўзнікала пытанне, чаму такі цудоўны квіз адбываецца так рэдка і толькі па буднях? Таму ў мяне ўзнікла ідэя стварыць квіз, які я назваў «Адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства». Гэты праект — пэўны вынік майго папярэдняга праекту — «Мова з Імбрыкам», з якім я правёў 12 моўных заняткаў у Мінску і Вільні. І тое, што ў сённяшнюю працоўную суботу прыйшло шмат людзей, якія склалі чатыры паўнавартасныя каманды, гэта вельмі добры вынік! Таму я магу сказаць, што ўжо ёсць пэўнае кола прыхільнікаў гульні, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі нашага беларускамоўнага квіза.

Што тычыцца месца правядзення, то на сёння клуб «Графіці» — самая андэграўндная культурніцкая пляцоўка сталіцы, знаёмая мне з дзяцінства. Тут вельмі ўтульна пачуваюць сябе гульцы. Калі ж іх колькасць будзе расці, то прыйдзецца рабіць квізы па два дні запар ці шукаць іншыя варыянты. Але пакуль гэта перспектыва. У дадзены момант мне падабаецца працаваць з цяперашнім кіраўніцтвам і калектывам клуба. Дзякуючы гэтаму, квізы «Імбрыкі ды Імбрычкі» адбываюцца раз на тыдзень».

Паб-квіз цікавы і маладым, і больш сталым гульцам

Таксама важна, каб пытанні віктарыны былі зразумелымі ўсім гульцам. Для гэтага Алесь шырока выкарыстоўвае мультымедыйныя сродкі — архіўныя фота-і кінаматэрыялы, найноўшыя музычныя трэкі, відэазапісы, якія транслююцца на вялікія экраны. А ў перапынках гучаць кампазіцыі беларускіх гуртоў і адбываюцца прагляды матывацыйных відэаролікаў.

Але ў вольны час можна не толькі пакаштаваць піва ці выпіць кубак гарбаты. Тут у якасці бонусаў адбываюцца розыгрышы квіткоў на канцэрты, якія праходзяць у клубе. Так, у гэты раз госць паб-квіза кіраўнік гурта «Рэха» Андрусь Такінданг выцягнуў для аднаго з удзельнікаў каманды «Мроя» квіткі на канцэрты Jazz-серады ў «Графіці».

Андрусь Такінданг віншуе з выйгрышам аднаго з удзельнікаў паб-квіза

Андрусь Такінданг віншуе з выйгрышам аднаго з удзельнікаў паб-квіза

Негледзячы на разняволенасць удзельнікаў квіза, унутры каманд узрастала напружанне. Хто стане пераможцам? Адказ на гэтае пытанне вырашаўся пад час роздумаў над даволі складанымі пытаннямі раўндаў тэматыкі «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі», «Рабі пільна, будзе Вільня», «Беларуская лацінка»… Па выніках падліку балаў былі вызначаны пераможцы. Імі, пад апладысменты астатніх удзельнікаў квіза, была абвешчана каманда «Мроя», удзельнікам якой былі ўручаны падарункі ў нацыянальным рэчышчы.

Пераможцы паб-квіза Імтрыкі і Імбрычкі каманда Мроя

Пераможцы паб-квіза Імтрыкі і Імбрычкі каманда Мроя

Капітан «Мроі» прадпрымальнік Алесь Васільеў пасля падвядзення вынікаў адзначыў «Я не першы раз гуляю ў паб-квізе, але гуляць я пачаў не так даўно, спадабалася! Мяне прывабіла да гульні, перш за ўсё, інтрыга, калі каманда да апошняга не ведае, хто будзе пераможцам. Таксама прыцягвае магчымасць паспрабаваць сябе ў інтэлектуальнай гульні, адчуць сябе ў ролі камандных гульцоў, калі назіраем з боку за гульнёй.

Важна тое, што пад час абмеркавання мы адзін аднаму дапамагаем, вучымся адзін у аднаго і заўсёды нешта новае адкрываем для сябе з гісторыі і культуры Беларусі, як мінуўшчыны, так і сённяшняй».


Наступная беларускамоўная інтэлектуальная гульня «Імбрыкі ды Імбрычкі» адбудзецца ў клубе «Графіці» 28 студзеня ў 15.00. Арганізатары запрашаюць усіх ахвочых! 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Ірына
  • 2017-01-22 15:53:58

Сорамна праз некампетэнтнасць журналіста! Шаноўная рэдакцыя НЧ, вы можаце рэкламаваць і пісаць пра што заўгодна. Але, калі ласка, не ўводзьце людзей у зман.
Гэты квіз у Мінску пяты беларускамоўны і ТРЭЦІ, прысвечаны менавіта беларускай культуры (спачатку была “Varta”, ужо больш за год існуе БІГ – Беларуская інтэлектуальная гульня). “Але ў чым жа адрозненне паб-квіза «Імбрыкі ды Імбрычкі»? Напэўна, у тым, што гэта ПЕРШАЕ ад пачатку беларускамоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва”. ЯК МОЖНА ТАК ПІСАЦЬ, калі сам Мазанік прызнаецца, што ходзіць на БІГ, адкуль ногі яго гульні і растуць? Пасля наведвання БІГ і “Грай” Свярдлова і ўзнікла яго гульня.
  • Renessaince
  • 2017-01-22 21:12:50
Акрамя таго, рэдактару мусіць быць сорамна празь непісьменнасьцб журналіста.
  • Renessaince
  • 2017-01-23 11:35:07
Асабліва сьмешныя такія сьцьвярджэньні, калі пад артыкулам у рубрыцы «Чытайце таксама» ёсьць артыкул пад назовам «У Мінску прайшоў першы беларускі інтэлектуальны фестываль (фотарэпартаж)». :)
  • Renessaince
  • 2017-01-23 11:43:48
Ну і паколькі мадэратар не прапускае мае крытычныя стрэлы ў бок рэдактара, дык прывяду тут прыклады, за што яго трэба павесіць з журналістам разам:
- «эрудзітаў»;
- «…можна было зразумець, тут праводзілася…»;
- «…адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства, ці, кажучы сучаснай мовай, паб-квіз «Імбрыкі ды Імбрычкі». Ініцыятарам ЯЕ правядзення…» [пэўна, маюць на ўвазе ініцыятарам правядзеньня МОВЫ :)))];
- «эрудзіцыю»;
- «Гульня складаецца з некалькі раўндаў»;
- «Пасля кароткага абмеркавання, адказ запісваецца…» — навошта тут коска?!
- «Пасля варыянты адказаў каманд збіраюцца вядучым паб-квіза і агучваюцца дакладныя адказы.» — забярыце коску зьверху і перанясеце сюды!
- «Пасля падліку балаў, абвяшчаюцца пераможцы паб-квіза.» — навошта тут коска?!
  • Renessaince
  • 2017-01-23 11:46:53
Працягнем:
- «эрудзітаў». Цьфу ты, зноў ярудзіт знайшоўся;
- «Напэўна, у тым, што гэта першае ад пачатку беларускамоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва.» Ну гэта поўная хлусьня, як тут ужо казалі;
- «АСНОЎНЫМІ ТЭМАМІ паб-квіза, ініцыіраванага Алесем Мазанікам, СТАЛА беларуская тэматыка»;
- «ініцыіраванага»;
- «музыкантаў»…
  • Renessaince
  • 2017-01-23 11:51:17
- «Пра тое, як узнікла ідэя беларускага паб-квіза і яго перспектывы мы гутарым» — забярыце коску вышэй і пастаўце тут!
- ««Я сам часам хаджу на пэўныя квізы, напрыклад, на «Беларускую інтэлектуальную гульню», якая мне вельмі падабаецца.» — а тут аўтар артыкулу сам абвяргае ўласную хлусьню пра «першы беларускамоўны паб-квіз». Ён увогуле чытаў тое, што накрэмзаў?!
- «Дзякуючы гэтаму, квізы» — навошта тут коска?!
- «Таксама важна каб пытанні віктарыны» — забярыце коску вышэй ды пастаўце тут!
- «каб пытанні віктарыны былі зразумелымі ЎСІХ гульцам»;
- «Так у гэты раз госць паб-квіза…» — коскі скончыліся, разумею;
  • Kit
  • 2017-01-23 11:58:54
To Renessaince
Такіх, як Вы называюць арфанацыст (арфаграфія + астанее).
Уступаць з вамі ў палеміку лічу вышэй за свой гонар:)
  • Renessaince
  • 2017-01-23 16:00:36
Хутчэй граманацы ;)
  • Renessaince
  • 2017-01-23 11:55:45
- «…вырашаўся пад час роздумам…»;
- «прадпрымальнік Алесь Васільеў пасля падвядзення вынікаў адзначыў «Я не першы раз гуляю ў паб-квізе…» — двухкроп’і таксама скончыліся, я так разумею;
- «Таксама, прыцягвае магчымасць» — во! коска адна знайшлася! Гэць згэтоль, як той казаў!
- «калі назіраем з боку за гульнёй» — зь якога боку (гэта вам праверачнае пытаньне, калі што)?
- «і заўсёды нешта новае адкрываем для сябе нешта новае» — як вы задзяўблі блін вы задзяўблі.
Найлепшай антырэклямы цяжка было прыдумаць. Выбачайце за шэраг допісаў, але лухты было столькі, што ў адзін камэнтар не зьмясьцілася. Дыягназ: карэктара!

Больш цікавага на «Новым Часе»: