Беларускі ПЭН-цэнтр выявіў 291 выпадак рэпрэсій у культурнай сферы за першы квартал 2021 года

Згодна з першай у 2021 годзе справаздачай ПЭН-цэнтру ў Беларусі на сёння 33 палітзняволеныя з ліку дзеячаў культуры.

Мастак, а цяпер палітзняволены Алесь Пушкін на адной з акцый пратэсту ўвосень 2020-га


За 1 квартал 2021 года зафіксаваны 291 выпадак парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў адносінах да дзеячоў культуры — гэта 50% ад агульнага аб’ёму зафіксаваных выпадкаў за ўвесь 2020 год (593). Ідэнтычная колькасць выпадкаў была ў 4-м квартале 2020 года (292), калі машына рэпрэсій раскруцілася ўжо напоўніцу, піша Радыё Свабода.

На 31 сакавіка з агульнага ліку палітычных вязняў у краіне — 325 чалавек — 33 адносіліся да дзеячаў культуры. Яшчэ 4 з іх былі засуджаныя да абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).

Адбываліся затрыманні і допыты выдаўцоў: Генадзя Вінярскага, Алеся Яўдахі, Андрэя Янушкевіча, былі заблакаваныя рахункі выдавецтваў «Янушкевіч» і «Кнігазбор».

Не прапусцілі праз мяжу кнігі Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» і «Беларуская нацыянальная ідэя» аўтарства Змітра Лукашука і Максіма Гарунова.

Зафіксаваная дыскрэдытацыя шэрагу кніг з дапамогай сюжэтаў на дзяржаўным тэлебачанні.

Аднабакова скасаваныя дамоваы на рэалізацыю «Белсаюздрукам» незалежных выданняў: газета «Новы Час», часопіс «Наша Гісторыя».

Прызнанне экстрэмісцкай кнігі Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас» і суд у дачыненні да журналіста Рамана Васюковіча, які вёз два экзэмпляры кнігі ў Беларусь яшчэ да прызнання яе экстрэмісцкай.

Судовы працэс за захаванне кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», набытай раней у дзяржаўнай кніжнай краме і канфіскаванай да таго, як у ёй былі знойдзеныя «прыкметы праяў экстрэмізму».

Затрыманне пенсіянераў за «удзел у несанкцыянаванай акцыі» — чытанне ў цягніку кніг беларускіх пісьменнікаў: Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і іншых класікаў.

У пачатку студзеня ў аднабаковым парадку ўладальнік памяшкання скасаваў дамову арэнды з культурніцкім хабам «Ок16», у выніку чаго адмянілі ўсе мерапрыемствы.

Ператрусы у цэнтрах «Другі паверх» і «Крылы халопа».

Прымусовае закрыццё гарадзенскага бару і арт-прасторы «Трэцяе месца», гомельскага Red Pub, перашкоды ў дзейнасці мінскаму музычнага клубу «Графіці».

Адменены фестываль сучаснага мастацтва Moving Art Festival, цалкам зачынілася арт-прастора MAF.

Перашкоды для дзейнасці крамаў, якія гандлююць нацыянальнай сімволікай і адзеннем: «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», «Мой модны кут», Vokladki, БЧБ.бел, «Адметнасць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», LSTR Adzieńnie, майстэрні Moj rodny kut. Частку з іх вымусілі спыніць сваю дзейнасць цалкам або часткова.

Крымінальныя справы пра «рэабілітацыю нацызму» і «польская справа», якая масава разгарнулася ў сакавіку. У выніку затрымалі кіраўніцтва непрызнанага ў Беларусі Саюза палякаў, дырэктараў грамадскіх школ, адбыліся ператрусы ва ўстановах у Гродна, Брэсце, Баранавічах, Лідзе, Ваўкавыску.

Крымінальныя справы на Алеся Пушкіна (мастака) і Паўла Мажэйку (кіраўніка цэнтру) за дэманстрацыю партрэта ўдзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара на выставе ў «Цэнтры гарадскога жыцця» у Горадні.

Адмена паказу спектакля і пагрозы ўзбуджэння крымінальнай справы ў адрас акцёраў тэатральнай пастаноўкі «Кадыш».

Апрача таго ПЭН-цэнтр фіксуе звальненні нязгодных, раней заўважаных у актыўнай грамадзянскай пазіцыі супрацоўнікаў тэатраў, адмовы музыкам і артыстам у правядзенні канцэртаў і выдачы гастрольных пасведчанняў, адвольныя затрыманні, выклікі на допыты, спробы пранікнення ў кватэры, арышты за карыстанне гістарычнай сімволікай і іншыя выпадкі.

Адвольнае затрыманне слухачоў курсаў беларускай мовы ў Ваўкавыску; канвойнае суправаджэнне экскурсій ці затрыманне экскурсантаў у Полацку, Наваградку, Мінску; арышт гледачоў канцэрта ў Смалявічах.

ПЭН-цэнтр вылучае таксама тэндэнцыю мэтанакіраванай дыскрэдытацыі дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ. Асобна прааналізавана 123 артыкулы ў найбуйнейшым дзяржаўным выданні краіны, і зафіксавана 237 дыфамацыйных/зняважлівых выказванняў у адрас 89 дзеячаў культуры.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: