Беларускія культурныя дзеячы абвясцілі культпратэст

Незалежныя беларускія творцы адмаўляюцца ўдзельнічаць у дзяржаўных мерапрыемствах, пратэстуючы такім чынам супраць затрыманняў ім збіцця людзей на вуліцах, арыштаў незалежных кандыдатаў, гастрольных пасведчанняў і іншых захадаў афіцыйных уладаў, якія абмяжоўваюць свабоду і правы людзей. 
Пра культурны пратэст дзеячы культуры і мастацтва паведамляюць у сваіх сацыяльных сетках:

«Сябры! Мы, працаўнікі сферы культуры, абвяшчаем #культпратэст.

Мы пратэстуем супраць таго, што на вуліцах нашых гарадоў невядомыя выкрадаюць і збіваюць нашых суграмадзян, а органы, якія закліканы нас абараняць, пры гэтым бяздзейнічаюць або нават садзейнічаюць гэтаму. Мы пратэстуем супраць арыштаў кандыдатаў у прэзідэнты па смехатворных прычынах. Наш #культпратэст супраць татальнага беззаконня, калі да арыштаваных не пускаюць нават адвакатаў і прымяняюць катаванні. Сярод нас — таленавітыя, смелыя і моцныя жанчыны, і мы пратэстуем супраць таго, што яны — "небаракі", няздольныя кіраваць дзяржавай. Наш #культпратэст супраць абсалютнай непавагі да сваіх грамадзянаў і супраць пагрозаў расстрэлам; супраць арыштаў аднарукіх за апладысменты, а нямых — за выкрыкванне лозунгаў.

Наш #культпратэст закліканы аб'яднаць усіх людзей творчых прафесій, бо гэта таксама пратэст супраць гастрольных пасведчанняў, якія #нізкімастацкіўзровень. Наш #культпратэст супраць шалёных пошлін на любое ўвезенае абсталяванне, супраць падатку "на дармаедства", бясконцых узгадненняў на масавыя мерапрыемствы. Нам надакучыла цэнзура і ўказанні на тое, што і як нам казаць, надакучыў прымус выступаць пад фанаграму. Наш #культпратэст супраць пастаянных і нікому не патрэбных мерапрыемстваў, дзе культарганізатары павінны ствараць "масавасць". Супраць БРСМ і датэрміновых "галасаванняў" з пагрозамі выселіць з інтэрнатаў. Мы пратэстуем супраць галосных і таемных забаронаў Свабоднага тэатра і "непажаданых" музыкаў. Мы супраць звальненняў артыстаў, якія мелі смеласць адкрыта выказаць сваё меркаванне. Наша культура — гэта не фанаграмы з шашлыком і "футраманіяй", а феcтываль TEART і "Ева" Хаіма Суціна. Наш #культпратэст абражаны зафарбоўваннем выдатных, але "непажаданых" графіці, нявечаннем нашых гарадоў безгустоўнымі скрынямі і знішчэннем гістарычных каштоўнасцяў. Мы хочам мець магчымасць граць музыку ў пераходах і на вуліцы, для тых, хто вяртаецца з працы ці пенсіянераў, якія б не былі вымушаны гандляваць, каб выжыць. Мы хочам любіць і ганарыцца нашымі нобелеўскімі лаўрэатамі не менш, чым нашымі спартоўцамі. Мы хочам, каб нашыя дактары і настаўнікі зараблялі не менш за нашу міліцыю.

Мы адмаўляемся браць удзел у любых дзяржаўных мерапрыемствах, выстаўляць ім святло і гук, рабіць "дызайн" для іхных плакатаў, грыміраваць артыстаў, якія вырашылі там прысутнічаць. Мы не станем прыкідвацца, што кавід — гэта #псіхо3, Васіль Быкаў — паэт, беларусы — народзец, а наша сталіца — гарадок.

Пад тэгам нашага #культпратэсту мы будзем рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё — ствараць мастацтва. І ацэньваць яго будуць не нейкія мастацкія саветы, а народ Беларусі, які прачнуўся. Наш #культпратэст будзе спяваць, здымаць відэа, маляваць карціны, праводзіць мерапрыемствы для свабодных грамадзян, а не для абрыдлай усім улады. Наша справа — натхняць, дык давайце ж пакажам прыклад салідарнасці і руплівай працы! Мы заклікаем усіх людзей мастацтва далучыцца да нас у імкненні пабудаваць вольную Беларусь!»

Да культпратэсту далучыліся многія вядомыя беларускія творцы: музыкі Сяргей ДоўгушаўАндрусь Такінданг, паэты і перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Уладзь Лянкевіч, Наста Кудасава, літаратары і журналісты Міхась Скобла, Сяргей Дубавец і іншыя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: