Беларускія музеі запрашаюць на Ракуцёўскае лета

Роўна 25 год мінула з таго шчаслівага моманту, калі літаратурна-мемарыяльны музей Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» прыняў першых наведвальнікаў. Менавіта ім, першым, пашчасціла акунуцца ў атмасферу старога фальварка, на свае вочы ўбачыць «Дом гаспадара», што ласкава прымаў беларускага паэта з далёкага Яраслаўля ў 1911 г, наведаць экспазіцыю ў адноўленым «Дамку арандатара», зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы «жывой вады», пра якую некалі напісаў Паэт…


Прайшло шмат гадоў: у музеі “Фальварак Ракуцёўшчына” адкрылася экспазіцыя ў “Доме гаспадара”. Яе экспанаты знаёмяць нас з жыццём былога гаспадара Вацлава Лычкоўскага і яго гасцей, распавядаюць пра Эмілію Шабуню і яе маленькую дачку Яніну, якія былі побач з Максімам два летнія месяцы і пакінулі ўспаміны пра маладога паэта. Час ідзе хутка, і вось ужо першыя наведвальнікі музейнага комплексу таксама сталі сведкамі гісторыі.

Беларускі дзяржаўны музей літаратуры і музей Максіма Багдановіча запрашаюць усіх ахвотных далучыцца да свята.
 
Вас чакаюць:

    • цікавыя сустрэчы з нашчадкамі Максіма Багдановіча і Эміліі Луцкевіч, з сучаснымі паэтамі, музыкамі, мастакамі,
    • творчыя заданні і квэсты,
    • займальныя лекцыі,
    • гульні для дзяцей і дарослых і шмат іншых цікавостак.

Партнёры мерапрыемства: Беларускі ПЭН-цэнтр, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, Саюз беларускіх пісьменнікаў – падрыхтавалі для вас не толькі забавы-цікавосткі, але і прыемныя прызы.

Праграма свята:

11:00 − прывітальная імпрэза каля памятных камянёў і ўскладанне кветак;
11:30 − знаёмства з музеем “Фальварак Ракуцёўшчына”, агляд экспазіцыі;
12:00 − літаратурна-музычная імпрэза “Пацеркі зор”;.
12:00 – 16:00 – інтэрактывы і забавы для наведвальнікаў:
- майстар-клас па напісанні лімерыкаў і інтэлект-“трэніроўка” ад ПЭН-цэнтра;
- гульні “Кніганоша”, “Літаратурны кракадзіл”, “Музейная шуфлядка”;
- квэст на экспазіцыі;
- майстар-клас па выцінанцы;
- інтэрактыўны дзіцячы спектакль “Ці добра быць суслікам?”.

Праезд электрычкай Мінск–Маладзечна, Маладзечна–Мінск (да станцыі Уша) ці маршрутным таксі Мінск–Краснае, Мінск–Маладзечна (да вёскі Краснае).

У самых актыўных і хуткіх гасцей музея ёсць магчымасць патрапіць на свята ў складзе арганізаванай групы.
У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. Багдановіча 7а, тэлефон: 334-42-69) па папярэдняй замове можна набыць квіткі.

Тэлефоны для даведак: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69.

Старонкі свята ў сацыяльных сетках:

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!