Беларускія музыкі стварылі кліп на песню «Магільшчык»

Гурт Atesta запісаў кавер-версію вядомага твора Dave Matthews Band пад назвай «Магільшчык» і прадставіў кліп, у якім выбітныя беларускія музыкі занялі месца амерыканскіх герояў.
Менавіта гэтая песня была асобна адзначаная спявачкай і педагогам Ірэнай Катвіцкай падчас удзелу ў конкурсе «Заспявай».
«У працэсе працы да нас далучыўся Lesley Knife з Gods Tower, — адзначаюць музыкі Atesta. — Пасля таго, як мы запісалі разам песню, ён стаў рэжысёрам кліпа і выканаў ролю магільшчыка. Мы хацелі расказаць гісторыю дзяўчыны, якая праводзячы спірытычны сеанс з жанчынамі мінулага, раптам разумее, што сама яна даўно мёртвая. Вядома, можна было перакласці Дэйва Мэцьюза даслоўна, але жыццяпіс Сайруса Джонса і іншых герояў быў бы малацікавы, дый проста незразуметы на нашых прасторах, таму героямі беларускай версіі сталі Яўгенія Пфляўмбаўм, Эмілія Плятэр і Ларыса Геніюш».

Гурт Atesta існуе з восені 2018-га году і за гэты час паспеў выпусціць ужо пяць кліпаў, улучна з калядным хуліганскім відэа на песню «Лапеза». Цікава, што гурт паўстаў пры дапамозе бацькоў спявачкі Ульяны як адказ на пажаданне заняцца рок-музыкай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!