Беларускія пісьменнікі краінам-суседкам: не будзьце староннімі назіральнікамі

Рада ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прыняла заяву з нагоды выказванняў дзяржаўнай прапаганды на адрас Святланы Алексіевіч і беларускіх пісьменнікаў.



"28 верасня стала вядома, што сябра Прэзідыума Каардынацыйнай рады, лаўрэат Нобелеўскай прэміі пісьменніца Святлана Алексіевіч з’ехала з Беларусі на запланаванае раней лячэнне і працу над новай кнігай у Нямеччыну. — гаворыцца ў заяве. — Беларускія дзяржаўныя СМІ і найперш тэлебачанне скарысталі гэты момант, каб у чарговы раз ачарніць добрае імя сусветнавядомай пісьменніцы і паіранізаваць з яе вымушанага ад’езду. У прыватнасці, было выказанае меркаванне, цытуем, што “ў альтэрнатыўшчыкаў цяпер можа з’явіцца яшчэ адзін саюз пісьменнікаў за мяжою”.

Лічым неабходным паведаміць тым, хто забыўся ці робіць выгляд, што не ведае: такой патрэбы няма. Святлана Алексіевіч з’яўляецца дзейным сябрам Рады нашага Саюза беларускіх пісьменнікаў, які вось ужо напрацягу 26 гадоў, з першых дзён прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, паслядоўна адстойвае правы беларускага народа на сваю дзяржаву, мову, культуру і літаратуру, за што пацярпеў жорсткі пераслед. Наш Саюз гвалтоўна пазбавілі ўласнага памяшкання – Дома літаратара ў цэнтры Мінска – і асноўных літаратурных выданняў. З гэтай прычыны напрацягу многіх гадоў Саюз беларускіх пісьменнікаў працуе ў роднай краіне практычна ва ўмовах “унутранай эміграцыі”.

Нагадаем, што наш Саюз быў заснаваны ў 1934 годзе класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам, Якубам Коласам ды інш. Нягледзячы на стварэнне ў 2006 г. лаяльнага да ўладаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, у наш Саюз прынцыпова ўваходзілі ўсе Народныя пісьменнікі Беларусі, а таксама самыя вядомыя і папулярныя беларускія літаратары, у тым ліку і, падкрэслім яшчэ раз, Святлана Алексіевіч.

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў пасля чарговых выбараў Прэзідэнта адной з першых, ужо ранкам 10 жніўня, заявіла, што яна выступае за спыненне гвалту, вызваленне ўсіх палітзняволеных, адстаўку А. Лукашэнкі і правядзенне справядлівых і празрыстых выбараў Прэзідэнта з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўдзелам міжнародных назіральнікаў. Падзеі, што адбыліся пасля, масавыя мітынгі і дэманстрацыі пратэсту, якія праходзілі і праходзяць па ўсёй Беларусі вось ужо больш як 50 дзён і на якія толькі ў Мінску збіраецца ад 100 да 300 тысячаў жыхароў, а таксама жорсткія расправы ўладаў над дэманстрантамі, арышты і суды над імі, перакрыццё інтэрнэту ды інфармацыйных сайтаў, нематываваныя арышты больш за 15 тысячаў грамадзянаў Беларусі, толькі пацвердзілі справядлівасць гэтых патрабаванняў.

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў выказвае сваю падтрымку Каардынацыйнай радзе і асабіста Святлане Алексіевіч і прызнае Каардынацыйную раду паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа, які можа весці перамовы аб будучыні нашай краіны.

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў звяртаецца да кіраўнікоў дзяржаў-суседак Беларусі – Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны – не быць староннімі назіральнікамі за тым, што адбываецца ў нашай краіне, а зрабіць захады дзеля прымусу беларускіх уладаў да дыялогу з беларускім народам і ягоным прадстаўніком – Прэзідыумам Каардынацыйнай рады. Толькі дэмакратычная суверэнная Рэспубліка Беларусь можа быць паўнавартасным чальцом міжнароднай супольнасці.

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў яшчэ раз пацвярджае свае ранейшыя патрабаванні правядзення новых выбараў Прэзідэнта краіны, вызвалення ўсіх палітзняволеных і спынення гвалту сілавых структураў над сваім народам".


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: