Беларускія пісьменнікі заклікаюць кіраўнікоў і чыноўнікаў спыніць гвалт і прыняць волю народа

«Мы, беларускія літаратары, выказваем сур’ёзную занепакоенасць тым, што цягам апошніх 100 дзён у нашай краіне назіраецца пастаянная эскалацыя гвалтоўных дзеянняў з боку сілавых структур і адміністрацыйных прызначэнцаў да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту і салідарнасці», — гаворыцца ў адкрытым лісце пісьменніцкай супольнасці.


«Такіх маштабаў масавых рэпрэсій не зведвала больш за сорак гадоў ні адна з дзяржаваў Еўропы. За гэтыя 100 дзён арыштавана каля трыццаці тысяч чалавек, пакалечана больш за чатыры тысячы чалавек, заведзена каля тысячы нематываваных крымінальных справаў, загінула восем чалавек. У дзяржаве ігнаруюцца элементарныя правы чалавека. На вінаватых у забойствах і скалечваннях людзей не заводзяцца крымінальныя справы. Дапускаецца збіццё звязаных затрыманых, што забараняецца сусветнай юрыдычнай практыкай нават у адносінах да ваеннапалонных. З вуснаў кіраўніцтва краіны гучаць наўпроставыя ўказанні адлічваць студэнтаў з навучальных устаноў і звальняць з працы ўсіх супрацоўнікаў, якія не згодныя з дзяржаўнай палітыкай, што з’яўляецца непасрэдным парушэннем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — зазначаюць літаратары.

Эскалацыя гвалту, пашырэнне прасторы беспакаранасці, пазбаўленне беларусаў базавых канстытуцыйных правоў вядуць да глыбокага доўгатэрміновага нацыянальнага крызісу ва ўсіх сферах грамадскага жыцця: эканамічнага дэфолту, міжнароднай ізаляцыі, падзення Беларусі на самае дно цывілізацыйнага рэйтынгу, гаворыцца ў дакуменце.

«Мы схіляем галаву перад мужнасцю і настойлівасцю беларускага народа, выказваем спачуванне ўсім, хто пацярпеў і страціў родных, і звяртаемся да ўладаў, кіраўнікоў дзяржаўных структураў, чыноўнікаў, якія захавалі цвярозы розум, з патрабаваннем: пакуль вы не абрынулі краіну ў бездань гвалту і ўсеагульнага крызісу, — неадкладна спыніце масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць пераменаў, прызнайце сваю паразу і прыміце волю народа!», — заклікаюць пісьменнікі.

Пад лістом падапісаліся 72 чалавекі на чале з Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч. Сярод падпісантаў такія слынныя літаратары, як Уладзімір Арлоў, Вольга Бабкова, Раіса Баравікова, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Васіль Зуёнак, Віктар Казько, Віктар Марціновіч, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Аксана Спрынчан, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч і іншыя.

Пры гэтым ліст адкрыты да падпісання ўсімі літаратарамі. Да яго падапісання можна далучыцца ў каментарах, у сацыяльных сетках і праз электронную пошту sbp@lit-bel.org.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: