Беларускую драўляную царкву прызналі лепшым будынкам свету

На цырымоніі ў Амстэрдаме 29 лістапада вызначылі пераможцаў Сусветнага архітэктурнага фестывалю — своеасаблівага архітэктурнага "Оскара"

 

Беларуская царква ў Лондане спраектаваны як энергаэфектыўны будынак. Фота: Joakim Borén

Беларуская царква на поўначы Лондана, збудаваная па праекце англійскага архітэктара кітайскага паходжання Цвай Со, перамагла ў намінацыі «Лепшы рэлігійны будынак», піша www.kp.by

Гэта быў першы выпадак, калі будынак, звязаны з Беларуссю, прадставілі на вышэйшую сусветную ўзнагароду ў дойлідстве. Прычым капліца была намінавана ў дзвюх катэгорыях фестывалю.

Царква святога Кірылы Тураўскага была пабудаваная каля Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане ў 2016 годзе. Гэта першы драўляны храм у Лондане з 1666 года. Пабудова царквы каштавала 364 000 фунтаў стэрлінгаў.

 

Так выглядае ўсярэдзіне лепшая, на думку архітэктараў, царква свету. Фота: Joakim Borén

Царква Кірылы Тураўскага — адзінае дзеючае сёння драўлянае культавае збудаванне Лондана — праектавалася як энергаэфектыўны будынак: драўлянае збудаванне паглынае вуглярод. А дызайн элементаў царквы, якая нагадвае пра Чарнобыль, увасабляе ідэі аднаўляльных матэрыялаў. Штучнае асвятленне і цеплаабменная ўстаноўка патрабуюць спажывання энергіі, але празрысты шкляны фасад павернуты на поўдзень, каб выкарыстаць невялікі кут зімовага сонца для абагравання.

 

Цвай Со падчас узвядзення капліцы. Фота: Саша Белавокая, прадастаўлена Цвай Со

Цвай Со ў свой час захапіўся беларускай драўлянай архітэктурай, знаёміўся з ёй у нашай краіне. Лонданскі архітэктар перакананы: нашы драўляныя цэрквы XVII – пачатку XX стагоддзя — здабытак чалавецтва і заслугоўваюць уключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. За праект капліцы Цвай Со ўзнагароджаны Каралеўскім інстытутам брытанскіх архітэктараў, а затым царква ўвайшла ў топ–50 любімых будынкаў лонданцаў мінулага года і выйграла Лонданскі фестываль архітэктуры ў 2017.

Таксама Цвай Со сёлета працаваў у Брусэлі над мемарыялам па матывах Хатыні ў памяць пра ахвяраў таталітарызму ў ХХ стагоддзі. У цэнтры яго праекта — лёсы арыштаваных і высланых з розных краін людзей, а галоўным сімвалам сталі павялічаныя лісты гнаных людзей.

Цяпер архітэктар, сярод іншага, заняты ў праекце рэстаўрацыі Вялікі сінагогі XVII стагоддзя ў Слоніме.

 

Паводле  www.kp.by, www.racyja.com

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!