Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў (фота)

Беларусы Нью-Ёрку 2 снежня адсвяткавалі 98-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.

Імпрэза адбылася ў беларускім цэнтры пры саборы св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне і была зарганізавана Бруклінскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання.

Святкаванне пачалося з малебну ў памяць Слуцкіх герояў. Святочную імпрэзу адкрыў старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА Сяргей Кудзеліч, які выказаў словы ўдзячнасці героям-случчакам за іх смелы і самаахвярны подзвіг Потым было зачытана віншаванне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. У асноўнай частцы імпрэзы быў даклад “Слуцкі Збройны Чын. Як гэта было”, які зачытала сяброўка Бруклінскага аддзелу Таццяна Бурак. Пасля чаго прысутныя праглядзелі ўрывак з фільма “На чорных лядах”.

На святочную імпрэзу завітаў госць з Беларусі, беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук, які знаходзіўся ў Нью-Ёрку дзеля прэзентацыі сваёй кнігі. Спадар Алесь падзяліўся цікавосткамі са сваіх асабістых даследванняў, якія мелі дачынне да Слуцкага Збройнага Чыну, а таксама распавеў пра сваю новую кнігу «Раман Скірмунт (1868–1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю».

У працяг мемарыяльнай і культурна-асветніцкай імпрэзы адбылася прэзентацыя дзвюх апошніх кніг Зянона Пазьняка, выдадзеных у кастрычніку-лістападзе гэтага года — "Краявід перад нізінай" і "Цяжкі час, т.4".

Абедзве кнігі з’яўляюцца публіцыстычнымі творамі. Кніга "Краявід перад нізінай" прысвечаная асвятленню асноўных чыннікаў развіцця чалавечай цывілізацыі і небяспечных з'яваў у гэтым працэсе. "Цяжкі час, т.4" складаецца з выбраных артыкулаў і матэрыялаў спадара Зянона, якія даюць праекцыю на падзеі і змест 2011-2015 гадоў з пазіцыі нацыянальнага супрацьдзеяння і змагання за Беларусь. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!