Берасцейцы праспяваюць песні Пружанскага раёна

Народны фальклорны калектыў «Бабіна лета» з вёскі Аранчыцы Пружанскага раёна 25 лютага выступіць у Брэсце ў фармаце «спеўны сход».

Гэта азначае, што спяваць будуць не толькі бабулі, але і самі ўдзельнікі мерапрыемства. Пасля выступу гурта арганізатары раздадуць тэксты народных песень, і наведвальнікі змогуць заспяваць іх усе разам.

«Фармат «спеўны сход» накіраваны на тое, каб госці пераўтварыліся са слухачоў у актыўных удзельнікаў. Такім чынам, традыцыйная песенная спадчына пашырыць свой арэал: да аўтэнтыкі наўпрост далучацца ўсе жадаючыя. Хтосьці запомніць сюжэт, хтосьці мелодыю, а нехта зацікавіцца гэтай тэмай глыбей і працягне навучанне традыцыйным беларускім спевам, — кажа старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і вядучая мерапрыемства Ганна Сілівончык. — Акрамя таго, на «Берасцейскім спеўным сходзе» мы плануем прадставіць і вынікі мінулагодняй экспедыцыі СЭТ «Пружаны-Кобрын-2016».

Па словах аднаго з арганізатараў «Берасцейскага спеўнага сходу» Аляксея Чубата, нярэдка людзі не ведаюць, які культурны скарб захаваны ў іх або ў суседнім раёне. І калі мэтанакіравана не займацца расповедам пра гэта, можа стварыцца ўражанне, што ў нас небагатая культура. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць нам не толькі ўбачыць і зразумець сябе лепш, але і пракладваюць турыстычную сцежку для гасцей нашай краіны.

Прыходзьце 25 лютага а 14.00 па адрасе: Брэст, вул. Дзяржынскага, 14, Культурны цэнтр «Грунтоўня».

«Берасцейскі спеўны сход» у Facebook і ВКонтакце.

Уваход вольны! 




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!