Берасцейская Біблія вярнулася на Радзіму

Факсімільнае выданне Берасцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі прэзентавалі ў Брэсце.



Мерапрыемства праходзіла ў адной з мясцовых бібліятэк пры ўдзеле беларускага культуролага, кнігазнаўцы, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці Алеся Сушы:

— Мы ўжо больш выдалі. Дзесяць было выпушчана пры фінансавай падтрымцы „Белнафтастраху” для горада Брэста — Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт замовіў. Рэальна ўжо гэтых экземпляраў больш. Напрыклад, мы сабе адзін у фонд зрабілі адзінаццаты і гэтак далей. Праца пайшла, ёсць ужо і камерцыйныя заказы, ад прыватных асобаў, ад арганізацый, якія захацелі гэтую кнігу займець. Мы шчаслівыя, што так ёсць. Без звышнакрутак, амаль што без прыбытку і дадаткаў па себекошце прадаём. Для нас гэта хутчэй іміджава важны культурны праект.

 

Берасцейская Біблія — помнік беларускага кнігадрукавання ХVI стагоддзя. Яе назва паходзіць ад месца выдання. Упершыню кніга выдавалася па загаду і на сродкі берасцейскага старасты і канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла „Чорнага”.

Каштоўнасць выдання падкрэслівае той факт, што Біблія неаднаразова перадрукоўвалася.

Гісторык, пісьменнік і аўтар артыкулаў і кніг па гісторыі Берасця Валерый Мароз кажа:

— Калі гаварыць пра гісторыю Берасцейскай Бібліі ў кантэксце менавіта гісторыі Берасця, то трэба сказаць, што наш горад, са знакамітай Радзівілаўскай Бібліяй, увайшоў у еўрапейскую культуру. Гэта найвялікшае дасягненне, гэты помнік з’яўляецца найвялікшым дасягненнем у сусветнай культуры, і ў прыватнасці ў рэнесанснай культуры Еўропы.

 

Арыгінальныя асобнікі Радзівілаўскай Бібліі знаходзяцца ў Вільні, Маскве, Кракаве, Мінску. 6 верасня 2019 года кіраўнік Беларусі, на ўрачыстасцях звязаных з 1000-годзем Брэста, паведаміў пра перадачу арыгінала Бібліі гораду. З факсімільным выданнем ужо можна пазнаёміцца ў бібліятэчных установах Брэста.

Арыгінал знаходзіцца ў метадычным сейфе музею гісторыі горада, каб яго выставіць на агляд, трэба вырабіць адмысловую вітрыну”, – паведаміла дырэктар установы Святлана Тамчук.

 

Таксама з 2017 года каля абласной бібліятэкі можна пабачыць помнік Берасцейскай Бібліі, а з 2019 прайсці турыстычным маршрутам “Берасце — горад Бібліі”.

 

Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!