Дык чаму з «квітнеючай» і мірнай Беларусі людзі наважваюцца ехаць у паралізаваную вайной на ўсходзе, «збяднелую» Украіну? Дзе тут логіка?

Вадзім, мой добры сябра студэнцкіх часоў, з’ехаў у Кіеў яшчэ да Майдану і АТА. Што характэрна, пасля 2014-га ў Мінск не вярнуўся. Хаця і з працай, і з грашыма меў цяжкасці. На мінулым тыдні Instagram абмяркоўваў ад’езд у Кіеў Ромы Свечнікава — маладога беларуса, які напісаў найлепшую кнігу пра вандроўкі, якую мне давялося чытаць у маім жыцці. Рома з Барысам Нікалайчыкам толькі што скончылі празяваны буйнымі беларускімі парталамі ўдзел у Мангольскім ралі. Адпачыўшы, Рома вырушыў у Кіеў.

“Sad story for Minsk”, — зазначыў адзін з каментатараў гэтай навіны ў Facebook.

Дык чаму з “квітнеючай” і мірнай Беларусі людзі наважваюцца ехаць у паралізаваную вайной на ўсходзе, “збяднелую” Украіну? Дзе тут логіка? Бо бежанцы мусілі б цягнуцца ў адваротным напрамку!

Я правёў чатыры ночы ў Кіеве, спрабуючы зразумець, што можа вабіць у гэтай сталіцы чалавека, які прызвычаіўся прачынацца ў Мінску.

Тэрмінальная дэсаветызацыя

Каб вам распавесці пра стан адносін Кіева з савецкім мінулым, намалюю, як гэтымі днямі праходзіць экскурсія па музеі Другой сусветнай вайны ў Кіеве. Праз адсутнасць вялікіх сродкаў на культуру экспазіцыя ў музеі не мянялася, здаецца, з моманту яго заснавання. То ўвесь цяжар утварэння новых сэнсаў перакладзены на інтэрпрэтацыю.

У зробленай яшчэ за саветамі зале, прысвечанай падрыхтоўцы немцаў да вайны, экскурсавод — былы жаўнер — распавядае пра сяброўства Сталіна і Гітлера, пра пакт Молатава — Рыбентропа і сакрэтны пратакол да яго. У наступным холе, які савецкія музейшчыкі прысвяцілі зверствам фашыстаў над савецкімі ваеннапалоннымі, вы пачуеце пра дрэннага Сталіна, які прыраўняў усіх, хто здаўся ў палон, да ворагаў народа і здраднікаў, пра 227-ы прыказ. СССР не заступаўся за палонных, як гэта рабілі ўрады іншых краінаў — адсюль і зверствы. Вы пачуеце, як савецкія генералы збеглі падчас абароны Севастопаля, як тое самае адбылося і на Курскай бітве, як саветы пры адступленні ўзарвалі цэнтр Кіева, а пушкамі, якія былі на ўзбраенні, немагчыма было пашкодзіць нямецкія танкі. Партызаны памагалі Чырвонай арміі, а не людзям. Нямеччына прайграла таму, што не скарыстоўвала працу дзяцей. Пры вызваленні Кіева загінула ў 8 разоў больш савецкіх салдат, чым немцаў.

Праз 10 хвілін узнікае адчуванне, што музей той саветамі выбудаваны выключна для таго, каб засведчыць зламыснасць саветаў. Якая значна пераўзыходзіць зверствы нацыстаў. На нізе, у фае, ля прыступак музея, знаходзіцца вычарпальнае вытлумачэнне таго, чаму экскурсія тут менавіта такая. Тут выстаўленая форма, сцягі і асабістыя рэчы байцоў, што загінулі падчас АТА. У нейкім сэнсе вайна на ўсходзе Украіны — гэта высвятленне, хто з бакоў канфлікту сапраўдны “фашыст”: сепаратысты ці тыя, хто адстойвае еднасць краіны. А таму без дэсаветызацыі памяці пра Другую сусветную тут нікуды.

То калі ў вас моцна падгарае ад Ленінаў на кожным куце — трэба ехаць у Кіеў.

Варушняк

У гэтым горадзе віруе рушняк. Вас увесь час спрабуюць абмахлярыць, развесяліць, накарміць, напаіць і вывезці на экскурсію ў былую рэзідэнцыю Януковіча ў Межыгор’і. За той час, пакуль я іду ад Прэзідэнт-гатэля да Бесарабкі, у мяне тройчы пытаюцца, як прайсці на Крашчацік. Першыя два разы я падрабязна адказваю, трэці ўжо проста моўчкі прытрымліваю кішэні, бо, сустрэўшыся з чужой спрытнай далонню ў іх, разумею сэнс разводкі. Ля рынка вас цягнуць есці бараніну на вуглях, і каштуе гэта ўсяго тры даляры, і бараніна смачная. У пераходах нараслі сапраўдныя падземныя гарады з аўтлетамі, кавярнямі, майстэрнямі робатаў і сэкс-шопамі, дзе можна танна набыць сабе, напрыклад, касцюм Бэтмана. Ты стамляешся ад віравання, ты бярэш сябе смачнюткую каву і хаваешся на лавачцы ў скверыку на вул. Гарадзецкага. Але роўна праз 5 хвілін — максімальны час, на які тут можна застацца сам-насам з сабой — да цябе падыходзіць роставая фігура міньёна. “Чаго ты сумны?” — пытаецца міньён. “Я не сумны”, — шчыра адказваю ёй. “У Адэсе быў”? — не адліпае міньён. “Не быў”, — матляю галавой я. Тады міньён пачынае спяваць “Ля Чорнага мора”. У міньёна прыемны басок. У Мінску на сцэну даўно б ужо выйшаў АМАП. Тут — толькі міньён. Ён просіць на гарбату. За тое, што спяваў “Ля чорнага мора”. “Як прайсці на Крашчацік?” — пытаюся я ў яго, і ён знікае.

Час ідзе

Праз гэты варушняк, праз пенсіянераў, якія на кожным рагу піхаюць табе пад нос духмяныя самаробныя піражкі, праз ходнікавы гандаль, праз міньёнаў нарэшце — з’яўляецца адчуванне, што час у Кіеве не стаіць на месцы, як у Мінску. Тут хуценька разумееш, што час — субстанцыя, якую вытвараюць людзі, іх мітусня. Я доўга шукаю варэнічную на Сафійскай вуліцы, у якой ладна павячэраў аднойчы ў 2014-м. На яе месцы — “Ветэранская піца”: кавярня, адкрытая жаўнерамі, што вярнуліся з зоны АТА. Пра варэнічную з цяжкасцю згадвае адзін з наведнікаў. Так, яна была тут. Здаецца. Тры гады — гэта як у пазамінулае стагоддзе зазіраць для іх. Я зайздрошчу іх дачыненням з часам.

Культурка

Ну і пра культуру. Пакуль у нас вось так, у іх — вось так.

Можна

Праз няспынную барацьбу з карупцыяй (у якой, калі паслухаць мясцовых таксістаў, пакуль што перамагае карупцыя), а таксама праз паспяховы вопыт вулічнай змены ўлады чыноўнікі тут добра ведаюць сваё месца. Абмежаванняў прыватнай ініцыятывы няшмат. Тут амаль усё можна. Прыязджай, адкрывай бізнес, спрабуй, круціся, віруй. Так, краіна эканамічна саслабелая неабходнасцю весці АТА, грыўня ўпала, а ў кіёсках прадаюць цыгарэты паштучна. Але на ўваходзе ў інстанцыі цябе не чакае натоўп шэрых дзядзечак з застылымі вачыма, якія будуць абяцаць “разгледзець” тваё “пытанне” ў “вызначаны законам тэрмін”. Чыноўнікі тут выглядаюць жывымі людзьмі, дэпутаты не толькі віншуюць “шаноўных грамадзян” з “днём горада” ў метро. І вось гэтая сітуацыя, у якой сістэма хутчэй натхняе, а не забараняе, падштурхоўвае, а не спыняе твой рух, і вядзе, як мне падаецца, да таго, што ў Украіне, якая ваюе, бюджэтныя заробкі супастаўляльныя з шыкуючай на расійскай нафце Беларуссю.

І — нягледзячы на ўсё вышэйсказанае — я за тое, каб мілаваць наш уласны Кіеў. Бо калі ўсе жывыя з’едуць, час у Мінску так і будзе стаяць.

Віктар Марціновіч, budzma.by


Абмеркаванне:

  • Махно
  • 2017-10-12 09:47:38
Дякую дуже за оцінку Києву. Цікаво побачити себе збоку. Про шахраїв на Хрещатику мені нічого не відомо - мабуть, вони приїжджих бачать здалеку. Зате я радий, що в Білорусі є люди, які розуміють ідеологічні зміни в нашому житті. Хоча, повірте, "вати" вистачає і в нас. Треба нам усім розвиватися разом, і тоді ні російська пропаганда, ні "вата", ні держиморди нам не страшні, і втрачені регіони України повернуться без збройних зусиль.

Каментаваць