Беларусізацыя 2.0

25 гадоў таму Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб мовах”, згодна з якім беларуская мова набыла статус адзінай дзяржаўнай. Гэтаму папярэднічала доўгая і цяжкая барацьба. Да Дня роднай мовы “Будзьма” прыгадвае гістарычныя моманты, які сталі перадпасылкай да беларусізацыі.



Фактычна, беларуская мова знаходзілася ў стане заняпаду з 30-х да 80-х гадоў. Камуністычная партыя, нягледзячы на дэклараваны ёй моўны і культурны плюралізм, з зайздроснай упартасцю праводзіла русіфікацыю на Беларусі. Час ад часу чуліся галасы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія звярталіся да ўладаў з просьбай аб захаванні і развіцці беларускай мовы. Напрыклад, можна згадаць артыкул вядомага беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі “Шанаваць родную мову”, які быў надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” ў снежні 1957 года. У ім аўтар, замест узнёслых хваласпеваў аб дасягненнях развіцця нацыянальнай культуры пры пабудове камунізму, гаварыў пра рэальнае становішча беларускай мовы. Былі аналагічныя артыкулы і звароты і пасля, не было рэакцыі зверху.

Змены адбыліся толькі падчас абвешчанай Гарбачовым “перабудовы”, калі пра многія праблемныя пытанні можна было гаварыць адкрыта. У снежні 1986 года на імя генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова быў накіраваны ліст з просьбай не даць загінуць беларускай культуры і мове. Яго падпісала ўсяго 28 чалавек, сярод якіх былі вядомыя беларускія гісторыкі, літаратары і дзеячы культуры. Рэспубліканскія ўлады не звярнулі ўвагі на гэты дакумент, таму ў чэрвені 1987 года быў складзены другі аналагічны ліст да генсека ЦК. Гэтым разам яго падпісала 134 чалавекі.

Пераломны момант наступіў у чэрвені 1989 года, калі былі заснаваныя дзве нацыянальныя арганізацыі – Беларускі Народны Фронт “Адраджэнне” на чале з Зянонам Пазняком і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны на чале з Нілам Гілевічам. Менавіта яны адыграюць важную ролю ў барацьбе за вяртанне беларускай мове належнага месца.

Пачалася складаная праца па выпрацоўцы нарматыўнай базы для будучага моўнага закона. Падчас яе беларускія грамадскія і палітычныя дзеячы вывучалі вопыт сваіх папярэднікаў, якія ў дваццатыя гады ў БССР паспяхова ажыццявілі беларусізацыю. Менавіта ў той перыяд былі распрацаваныя тэарэтычныя і практычныя асновы нацыянальна-культурнага Адраджэння беларускага народа, якое было згорнутае з усталяваннем у СССР сталінізму. Не варта таксама забывацца на тое, што ў БССР былі ажно чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, руская, польская ды ідыш. Усе яны мірна суіснавалі ў грамадстве і дзяржаве.

Законатворчая праца ішла надзвычай хутка, і ў студзені 1990 года быў прыняты згаданы закон, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у краіне. Ужо вясной, у траўні 1990 года, Таварыствам беларускай мовы разам з Міністэрствам народнай адукацыі БССР была праведзеная навукова-практычная канферэнцыя “Дзяржаўнасць беларускай мовы: праблемы і шляхі ажыццяўлення”. А ў верасні гэтага ж года была зацверджаная “Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР”, якая прадугледжвала правядзенне ў 1990—2000 гадах комплексу мерапрыемстваў, скіраваных на выкананне Закона. У краіне фактычна разгарнулася другая беларусізацыя, прычым не на словах ці паперы, а на справе. Пра ўсё гэта я добра памятаю і сам, таму магу згадаць колькі фактаў са свайго ўласнага жыцця.

Да беларушчыны я далучыўся ў вельмі пяшчотным узросце, калі маці аддала мяне ў беларускамоўны дзіцячы садок. Выбар быў абумоўлены не мовай, але месцам яго знаходжання – ён быў самым блізкім ад дома.

У садку спрабавалі выхоўваць сапраўдных беларусаў. Нас вучылі беларускай мове, нейкім элементам традыцыйнай культуры, найбольш важным момантам гісторыі.

Вучыць мову мне вельмі падабалася, кожны дзень я чуў нейкія новыя словы, якія ўсё больш узбагачалі мой слоўнікавы запас. Суседзі і сваякі раз-пораз чулі ад мяне “добрай раніцы”, “смачна есці”, “да пабачэння” ды іншыя выразы.

У садку я ўпершыню пачуў беларускую варыяцыю свайго імені – Кастусь. Пасля я буду неаднаразова яе чуць у школе, калі проста ці ўскосна будзе закранацца тэма Кастуся Каліноўскага ці галоўнага героя “Новай зямлі”. Там жа я ўпершыню пабачыў беларускія кніжкі для дзяцей: “Пра герб і сцяг”, “Дзікае паляванне” з малюнкамі Адама Глобуса і Уладзіміра Сцяпана ды іншыя, назовы якіх, на жаль, не адклаліся ў памяці.

Цяпер праціўнікі беларускай мовы пішуць пра тыя падзеі так, быццам беларушчына – гэта нейкая штучная з’ява, якую сілком насаджвалі зверху. Але насамрэч гэта было далёка не так. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова прыехаць у беларускую вёску, дзе мова дагэтуль гучыць не толькі ў школе, але і ў простым побыце. Асабіста я чуў яе кожнае лета, калі на вакацыі ехаў у госці да бабулі. Там жа я бачыў, як на беразе Нёмана святкуюць Купалле, скачуць праз вогнішча, спяваюць песні. Словы некаторых з іх я добра ведаў – відаць, заняткі ў садку не прайшлі дарэмна.

Пасля травеньскага рэферэндуму 1995 года, на якім расійская мова атрымала статус другой дзяржаўнай, палітыка беларусізацыі паступова згарнулася. А сама другая беларусізацыя, як і яе папярэдніца, па факце цягнулася ўсяго некалькі гадоў. Але і гэтага тэрміну было дастаткова для трывалага ўмацавання беларускай ідэнтычнасці ў маладых людзях, якія нарадзіліся пры канцы існавання Савецкага Саюза. Тыя некалькі гадоў задалі правільны імпульс.

Нездарма некаторыя беларускія гісторыкі мяркуюць, што больш патрэбнага закона для развіцця беларускай мовы і культуры, чым Закон “Аб мовах” 1990 года, не было за ўсё ХХ стагоддзе: ні да вайны, ні падчас вайны ні тым больш пасля яе.

Канстанцін Касяк, budzma.by

 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: