БНР як кампраміс, альбо Ідэя «беларускага П’емонта»


Чаму дзеячы БНР актыўна супрацоўнічалі з краінамі-суседзямі і падзяляліся на «прапольскіх», «пралітоўскіх» і «прабальшавіцкіх»? Айцы-заснавальнікі, зразумеўшы ў пэўны момант, што з цалкам незалежнай дзяржавай пакуль «не свеціць», проста звярнуліся да ідэі тэрыторыі-касцяка, з якой рэспубліка абавязкова народзіцца, але… пазней.
Ідэя П’емонта – што гэта? Гэта ідэя часовага культурніцка-адміністрацыйнага цэнтра, які мае стаць узорам для іншых рэгіёнаў, каб пасля сабраць іх вакол сябе, аб’яднаць у адну дзяржаву. А яшчэ гэта ідэя кампрамісу: калі да рэальнай незалежнасці яшчэ далёка, лідары абіраюць сініцу ў руках замест жураўля ў аблоках. Сам жа тэрмін з’явіўся ў часы барацьбы Італіі за еднасць і незалежнасць: тады рэгіёнам-маяком для астатніх стаўся акурат П’емонт.

Пасьянс Пілсудскага

Пра «беларускі П’емонт» упершыню загаварыў Юзаф Пілсудскі. Пра гэта мы ведаем з ягонай гутаркі з Антонам Луцкевічам, а дакладней з пераказу апошнім зместу той сустрэчы ўвосень 1919-га. Пілсудскі як прагматык і аматар пасьянсаў выказаў Луцкевічу сухі цынічны расклад: беларусам з незалежнасцю пакуль “не свеціць”, тут і лёс Польшчы пакуль пад пытаннем, таму найлепшы варыянт – развіццё беларускай аўтаноміі пад крылом польскага арла.

У Пілсудскага былі моцныя аргументы. Па-першае, БНР так і не дабілася рэальнага прызнання за мяжой. Па-другое, беларускі рух не меў сур’ёзнага палітычнага і адміністрацыйнага заплечча, таму «П’емонт» мог стаць акурат інкубатарам новай Беларусі. Навошта тое было Пілсудскаму? Каб адсунуць ад кіраўніцтва ў беларускім руху радыкалаў-эсэраў і іншых «фантазёраў» за кошт цалкам рэалістычнага варыянту і – насаліць літоўцам.

На словах, паводле сваёй версіі той размовы, Луцкевіч сказаў «не». Але фактычна, калі прасачыць далейшы ягоны дрэйф, узнікаюць сумненні: стварэнне Найвышэйшай рады БНР, Беларускай вайсковай камісіі ды інш. – усё з арыентацыяй на Польшчу. Быў тут і яшчэ адзін цікавы «кейс»: “П’емонт” паводле Пілсудскага быў падрыхтаваны на Міншчыне і далей на ўсход, з варыянтам сталіцы ў Магілёве. Віленшчына і Гарадзеншчына, паводле схемы, – адназначна польскія. Запомнім гэта.

«Беларускі П’емонт» у Коўне і Дзвінску

Паралельна над ідэяй «П’емонта» працавалі і літоўцы. Гэта вылілася ў з’яўленне цэлага Міністэрства беларускіх справаў на чале з Язэпам Варонкам, які сумяшчаў гэтую працу з пасадай міністра ва ўрадзе БНР Ластоўскага. Тут акурат за беларусамі лічылася Гарадзеншчына, якая, аднак, так і не стала літоўскай тэрыторыяй. Частка беларускіх дзеячаў паверыла акурат літоўцам, а не палякам, бо сцэнар літуанізацыі беларускіх земляў лічылі нашмат больш фантастычным за паланізацыю. Чаго ж тады баяцца?

Супраца БНРаўцаў з Літвой была карысная хаця б з боку культурніцкай працы: у Коўне беларускія кніжкі не забараняліся і не канфіскоўваліся, як у Польшчы, а наадварот: афіцыйныя ўлады нават фінансавалі такі «дзвіж». Зрэшты, Літва мела цесныя стасункі і каардынавала свае дзеянні з Савецкім Саюзам, таму пра нейкую незалежнасць для беларусаў тут нават не ішлося…

Цікавым «кейсам» можна лічыць «беларускі П’емонт» на паўднёвым усходзе Латвіі – у ваколіцах Дзвінска. Менавіта тут у пачатку 1920-х быў сканцэнтраваны беларускі культурніцкі рух, а яго лідары, той жа Сахараў і Езавітаў, нават балатаваліся ва ўладныя структуры на выбарах. Зрэшты, латышы трывалі ўсё гэта да сярэдзіны 1920-х, пакуль актыўнасць беларусаў ім не надакучыла: скончылася ўсё традыцыйна – арыштамі.

Каму «П’емонт», а каму сусветная рэвалюцыя…

А што з усходнімі суседзямі? Пасля 25 сакавіка 1918-га айцы БНР маглі разглядаць для сябе тры сілы з боку Расіі: манархістаў, лібералаў і бальшавікоў. Для манархістаў беларусаў наогул не існавала – суцэльная сцяна. Лібералы не прагаворвалі беларускага пытання, а той жа Савінкаў пачаў супрацу з калябээнэраўскімі коламі толькі ў часы Палескага паходу Балаховіча ў 1920-м: было ўжо позна.

Найбольш таленавітымі аказаліся бальшавікі, якія на ўсё глядзелі максімальна прагматычна: каб перамагчы, трэба выкарыстаць чужы стартап, перакруціўшы яго на сваю карысць. Пасля падпісання Рыжскай дамовы Маскве трэба было нешта прыдумаць для беларусаў, а мясцовыя камуністы акурат падсунулі цікавую прапанову: стварыць «узорную савецкую рэспубліку», прыклад для іншых, пад лэйблам «Беларусь». Сказана – зроблена.

Што ў выніку? Выявілася, што “беларускі П’емонт” быў рэалізаваны акурат бальшавікамі, акурат у тых геаграфічных межах, якія некалі меў на ўвазе Пілсудскі: Беларусь на ўсход ад Мінска. Больш за тое, П’емонт у выглядзе БССР аказаўся не толькі аўтаноміяй, але і цэнтрам прыцягнення, які цягам наступнага дваццацігоддзя фармаваў настроі ў Заходняй Беларусі, дзе нацыянальны рух перарабіўся на «левы», арыентаваны на савецкі Мінск.

Для бальшавікоў такі кампраміс быў рэалізацыяй канцэпцыі сусветнай рэвалюцыі і адначасна забойствам ідэі БНР, у якой ужо «не было патрэбы». Для даверлівых беларусаў – шанцам паступова збудаваць сваю дзяржаву пад крылом моцнага суседа. Шанцам, які меў права на існаванне, але скончыўся крывёю, русіфікацыяй і… паўстаннем незалежнай Беларусі толькі ў 1991-м.

Паводле budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-06-14 14:37:49
"Пасля падпісання Рыжскай дамовы Маскве трэба было нешта прыдумаць для беларусаў, а мясцовыя камуністы акурат падсунулі цікавую прапанову: стварыць «узорную савецкую рэспубліку»..." Та ладна, пры чым тут да "прыдумкі" Рыжская дамова 1921 г.? Ідэя бел. савецкай рэспублікі з'явілася яшчэ ў 1918 годзе і была часткова рэалізаваная ў пачатку 1919-га, потым - улетку 1920 г. (ССРБ). Дый не ўсе такія ўжо наіўныя былі нацыянал-камуністы ў пачатку 1920-х гадоў - разумелі, што лепей сініца ў руках, чым... Супрацоўнічалі з Масквой перадусім з прагматычных меркаванняў.

Каментаваць