
Вечарыны Дударскага клуба з учорашняха дня пераехалі з клуба «Бруге», дзе распачаўся сезон 2017-2018, у самы цэнтр Мінска — кавярню «Грай». Сутнасць канфлікту між этнаграфічнай і сярэднявечнай фракцыямі — у духу невырашальнай дылемы «Каго ты больш любіш, маму ці тату?».
Беларускае дударства не захавалася ў жывой народнай традыцыі, аднаўлялася гарадскімі аматарамі з 1980-х. Частка музыкаў шукала старыя запісы, выявы, апытвала ў экспедыцыях сведак грання на дудзе (саміх дудароў заспець не атрымалася). Паслядоўнікі гэтай плыні імкнуцца граць «этнаграфічна», маюць «народны» рэпертуар.

Другая плынь, «сярэднявечная», мае карані збольшага ў папулярнасці нямецкага гурта In Extremo. Самі дуды і мелодыі, што на іх выконваюцца, маюць больш «фэнтэзійны» характар. Не, нямецкі дудльзак, на ўзор якога робіцца большасць інструментаў гэтай плыні, таксама адноўлены па гістарычных крыніцах, а сярэднявечныя мелодыі існуюць у нотных запісах. Проста праз большы, у параўнанні з «этнаграфічнай» плынню, час між колішнім граннем і сённяшней рэканструкцыяй прастора для варыяцый таксама большая.

Як адрозніць «сярэднявечнага» дудара ад «этнаграфічнага»?
Шлях першы: магчыма, у першага бурдон ці бурдоны (трубка дуды, што стварае ніжні гук) будзе ляжаць на плячы. А ў другога боўтацца дзесьці ззаду з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Але гэта недакладна. Дудар з бурдонам, што боўтаецца, можа граць і «за сярэднявечча», як Мікола Столяр і Віктар Лагацкі на ўчорашняй вечарыне. А ў «этнаграфічнага» дудара бурдон можа і не боўтацца, а ляжаць на руцэ, як учора ў Віталя Воранава. Гэта шлях грання, быццам бы характэрны для яго родных мясцін, Глыбоччыны.
Чытайце таксама: куды ідзе дударскі рух Беларусі?
Дык як праходзіў і чым скончыўся батл?
Публіка «галасавала» рублём: можна было пакласці грошы «за фольк» у «этнаграфічны» бот, а «за медываль» — у рэканструкцыю сярэднявечнага. Спачатку планавалася, што танцоры будуць галасаваць нагамі, але праз складанасці методыкі падліку, дзеля забеспячэння празрыстасці «выбарчага працэсу» і якога-ніякога ганарару музыкам (уваход на вечарыны вольны) спыніліся на грашовым варыянце.
Дударскі клуб: жэняцца ўсе! (відэа)
Глядзіце таксама: танцы ў лесе пад дуду (фота, відэа)
Дударскі клуб — гэта нефармальнае аб’яднанне майстроў, што робяць дуды, музыкаў, якія на іх граюць, а таксама тых, хто гэтым майстрам і музыкам спачувае: танцораў, напрыклад. Персанажы «я не танчу, я толькі паслухаць» таксама сустракаюцца. Сёлета — восьмы зімовы танцавальны сезон. Улетку праходзяць танцы на вольным паветры, на так званым Карчы. Цяпер гэта пляцоўка ў лесе недалёка ад метро «Барысаўскі тракт». Дударскі клуб мае патрэбу ў сродках, каб уваход заставаўся вольным, а на вечарыны можна было запрашаць гурты з выступам (хаця прынцып «вольны мікрафон», як цяпер, — гэта таксама весела). Падтрымаць Дударскі клуб можна праз «Талаку».