Больш за 600 нумароў «Новага Часу» даступны анлайн!

Пра што пісаў "Новы Час" 18 гадоў таму? Даведацца зусім не цяжка: у інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org захоўваюцца больш за 600 нумароў НЧ, нават самыя першыя, з 2002 года. Мы пагарталі віртуальныя падшыўкі нашай газеты.
Першая паласа аднаго з архіўных нумароў НЧ

Першая паласа аднаго з архіўных нумароў НЧ


Архіўныя публікацыі вяртаюць нас да значных падзей: і тых, каму давялося стаць іх сведкам, і тых, хто ў свядомым узросце іх не застаў. Напрыклад, у чэрвені 2003 года НЧ распавядаў пра закрыццё Коласаўскага ліцэя ў Мінску. «Пачынаючы з 25 чэрвеня, калі Савет Міністраў выдаў Пастанову аб ліквідацыі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя, навучэнцы, бацькі выкладчыкі кожны дзень збіраюцца каля сваёй вучэльні». Фотаздымкі, меркаванні ўдзельнікаў пратэсту, адчай і адначасова спадзяванне на лепшае… Усё гэта можна пабачыць, калі прагартаць гэты нумар.

У 2007-м галоўны рэдактар НЧ Аляксей Кароль у рэдактарскай калонцы разважаў пра паходжанне і наступствы замацавання ў свеце свята 1 мая. У 1886 годзе забастоўка прайшла ў Чыкага, а ў 1889 1 мая ўжо стала міжнародным днём салідарнасці працоўных. «Рэвалюцыі – заўсёды вынік наспелых, але не здзейсненых рэформ», – пісаў Аляксей Кароль. Уласныя меркаванні журналіста, падмацаваныя гістарычнымі фактамі, у выніку, даюць добрую ежу для разважанняў. 

«Зламаныя рукі і ногі, выбітыя зубы і разбітыя галовы – такія вынікі разгону акцыі 19 снежня. Жорсткі працяг нападкаў удзельнікаў і пасля іх затрымання». Цэлы нумар газеты быў прысвечаны Плошчы 2010 года. Думаецца, чарговая прэзідэнцкая кампанія – нагода ўзгадаць тыя падзеі.

Перыядычна ў газеце «Новы Час» мастацтвазнаўца і гісторык Сяргей Гваздзёў публікаваў артыкулы пра выяўленчае мастацтва Заходняй Беларусі, пра якое мы ведаем зусім не шмат. Прапануем пачытаць адзін з іх

Пра Мікалая Статкевіча напісана шмат. Але не пра цёплыя сямейныя адносіны паміж ім і Марынай Адамовіч. Гэтае інтэрв’ю з сужонкі далі пасля вызвалення Статкевіча з-за кратаў. 

А вось гэты нумар «Новага Часу» – своеасаблівая даніна памяці былому галоўнаму рэдактару газеты Аляксею Каралю, які пайшоў з жыцця 12 верасня 2015 года. У ім сабраны ўспаміны калег і сяброў, інтэрв’ю, якое даў Аляксей перад сваёй смерцю, і яго ўласныя тэксты. 

Генадзь Бураўкін у інтэрв’ю Сяргею Шапрану сказаў: «Тры рэчы, якія я зрабіў, робяць мне гонар. Гэта тое, што я зрабіў нацыянальнае беларускае тэлебачанне; тое, што ўдзельнічаў у абароне Быкава; трэцяе — Кангрэс за незалежнасць». Шчырую і глыбокую размову з паэтам можна пачытаць тут

Яшчэ зусім нядаўна ў разгар эпідэміі ў Мінску прайшоў парад, прымеркаваны да Дня перамогі. Але яшчэ ў 2016 цяперашняя галоўная рэдактарка НЧ Аксана Колб разважала: «Амаль ні ў якой з краін-удзельніц Антыгітлераўскай кааліцыі не праводзяць пампезных парадаў». Як святкуюць 9 мая ў іншых краінах свету? І ў чым абсурднасць яго святкавання ў Беларусі? Тэкст Аксаны актуальны і сёння. 

Чым адрозніваецца віно, якое пілі ў Рэчы Паспалітай ад таго віна, якое ўжываем зараз? Пра віно і іншыя спіртавыя напоі, папулярныя ў Рэчы Паспалітай, распавядаў Алесь Кіркевіч. 

Не губляе актуальнасці серыя журналісцкіх расследаванняў, датычных сумна вядомай рэстарацыі «Поедем поедим», пабудаванай побач з месцам масавых расстрэлаў у Курапатах. Вось адзін з такіх матэрыялаўПрапануем вашай увазе адзін з гэтых матэрыялаў.

Вядомы майстар інтэрв’ю Сяргей Шапран пагутарыў са Святланай Алексіевіч. Нобелеўская лаўрэатка распавяла журналісту пра сваё дзяцінства і юнацтва, шлях да пісьменніцтва і пра тое, што выратавала яе падчас напісання кнігі «У вайны не жаночы твар». 

Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком – гэта тое, што можна прачытаць з цікавасцю ў любы час, незалежна ад таго, у якім годзе яно было зроблена. 

Запрашаем вас у інтэрнэт-бібліятэку і спадзяемся, што ў архіўных нумарах «Новага Часу» вы таксама знойдзеце шмат цікавага!

А каб не прапусціць свежыя артыкулы – раім аформіць падпіску на НЧ.

Гэта можна зрабіць праз інтэрнэт, у аддзяленнях «Белпошты», пры дапамозе плацёжна-даведачных тэрміналаў. Таксама можна зрабіць заяўку ў любым аддзяленні паштовай сувязі на афармленне падпіскі паштальёнам у вас дома на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Падпісны індэкс «Новага Часу» — 63279, кошт падпіскі: на 1 месяц — 3 рублі 83 капейкі, на адзін квартал — 11 рублёў 49 капеек, на паўгоддзе — 22 рублі 98 капеек. Падпішыцеся самі, прапануйце падпісацца суседзям і сябрам, бацькам!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: