Botanic project заклікаў калег-музыкаў праявіць салідарнасць

Музыкі вядучага рэгі-гурту краіны заклікаюць падпісаць калектыўны ліст у абарону свайго вакаліста Кліма Малажавага, якога асудзілі да 9 год строгага рэжыма.


У рэдакцыю Tuzin.fm звярнуўся вакаліст Botanic project Андрэй Багамолаў, які па просьбе адваката свайго сябры Кліма Малажавага, складае калектыўны ліст ад артыстаў і гуртоў з просьбай аб літасці суду пры вынясенні прысуду.

«Ёсць шанец зрабіць так, каб Клім выйшаў раней за 9 год, дзеля гэтага мы падаем апеляцыі ў вышэйстаячыя інстанцыі, — кажа Андрэй. — Абласны суд пакінуў прысуд без зменаў, цяпер абскарджваем у Вярхоўным судзе, дзе можа дапамагчы ў тым ліку і гэты ліст ад беларускіх музыкаў».

Фармальна гэты дакумент ня мае юрыдычнай сілы, але суд можа яго прыняць да ведама, як характарыстыку асобы, як сцвярджае адвакат музыкі. Шаблону запаўнення як такога няма. Ліст мае быць напісаны адвольна, сваімі словамі. Андрэй паказвае прыблізны прыклад, як гэта можа выглядаць:

«Я (мы), артыст (імя прозвішча або гурт, клюб, арганізацыя), (горад) даведаліся пра тое (стала вядома, скрайне здзіўленыя, шакаваныя, выказваем вялікую заклапочанасць), што саліст гурту Botanic project быў асуджаны да 9 год строгага рэжыму па арт.328 ч.3. Ведаем Кліма, як таленавітага музыку (паэта, арганізатара канцэртаў, удзельніка дабрачынных фэстываляў). Неаднойчы супрацоўнічалі (бралі ўдзел у запісе, гралі на адной сцэне…)  з Клімам (прыклады супрацы, назвы канцэртаў і фэстаў). З улікам унёску Кліма ў развіццё музычнай культуры Беларусі (развіцьці дабрачыннага фестывальнага руху, творчыя заслугі…) просім суд выказаць літасць пры вынясенні прысуду пры паўторных пераглядах справы ў вышэйшых інстанцыях. Імя, прозвішча, подпіс (імёны, прозвішчы і подпісы ўдзельнікаў гурту)».

Ліст можа выправіць у звычайнай капэрце па адрасе 222310, Мінская вобл., Маладзечна, вул. Багдана Хмяльніцкага, д.36, кв.15, Багамолаву Андрэю Аляксандравічу. Пажадана цягам двух тыдняў.

Нагадаем, саліста маладзечанскага рэгі-гурта Botanic Project Кліма Малажавага асудзілі на 9 гадоў зняволення за незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў. 32-гадовага музыку разам з калегамі затрымалі напрыканцы ліпеня. У маладых людзей міліцыянты забралі 40 грамаў гашышу і 17 грамаў высушанай марыхуаны. Другі вакаліст гурта Botanic Project Андрэй Багамолаў, які прысутнічаў на ўсіх шасці пасяджэннях суда, распавёў, што ўсё абвінавачанне будавалася на словах аднаго чалавека — вядомага беларускага клавішніка Канстанціна Гарачага.

Паводле tuzin.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: