Брэст\Берасце: рысы 1000-годдзя

Самы заходні і адначасова самы паўднёвы абласны цэнтр краіны 6–8 верасня афіцыйна адзначае свой Міленіум. З гэтай нагоды — некалькі рысак берасцейскага хранатопу.


Чаму Буг цячэ так, а не гэтак?

Месца пад горад было абранае невыпадкова — тут, ля ўпадзення ў Заходні Буг адразу некалькіх рэчак, зручна было мець як мінімум перавалачную базу для тавараў. Са старых часоў захаваліся толькі два рукавы Мухаўца, якія ўпадаюць у «негалоўны» Буг.

Чаму важную раку тут «разжалавалі»? Паводле патаемнага пратакола пакту Молатава–Рыбентропа аб падзеле Польшчы, у 1939 годзе па Бугу павінна была прайсці новая мяжа. Праз нейкі час пасля таго, як патаемныя планы часткова ўвасобіліся ў рэчаіснасць, у прыватнасці, пасля сумеснага параду ў Брэст-Літоўску вайскоўцаў генерала Гудэрыяна і камбрыга Крывашэіна, германцы і «чырвоныя» дамовіліся пра ўдакладненне межаў у горадзе і ваколіцах. Бальшавікі за ноч прысыпалі галоўнае рэчышча перад Брэсцкай крэпасцю — і Буг стаў цячы галоўнымі водамі па абводным, больш заходнім рэчышчы, ды пакінуў Тэрэспальскую выспу прыбышам з Усходу.

Гандаль гандлем, але часам малпа перамагае чалавека, апаноўвае жаданне прысабечыць чужое майно «за так», гвалтам — і развязваюцца войны. Менавіта такім планам без асаблівых ваганняў быў прынесены ў ахвяру старажытны горад Берасце: за тры гады, з 1833 па 1836, яго знеслі, «прызначыўшы» пад Брэст-Літоўск былыя ўсходнія прыгарады\слабодкі ў трох кіламетрах, а на яго месцы пабудавалі крэпасць, адну з некалькіх на «новоприобретенных» пасля падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыях. Цэнтральны востраў, дзе быў уласна Стары Горад з муніцыпальнымі (паводле Магдэбургскага права), дзяржаўнымі прысутнымі месцамі, дзясяткам храмаў розных веравызнанняў, некалькімі палацамі, аддалі пад Цытадэль. Яе абнеслі па перыметры двухпавярховай кальцавой казармай, а ў цэнтры на месцы Кляштара аўгусцінаў паставілі прыземістую (каб не арыентаваць артылерыю праціўніка) Гарнізонную царкву, якую чырвонаармейцы потым ператварылі ў клуб.


Балта-Чарнаморскі масток

Чатыры астравы крэпасці злучалі масты. Выява аднаго з іх, жалезабетоннага пад’ёмнага, вельмі дарэчы да 1000-годдзя горада вынырнула з архіўных глыбінь. Мясцовы сайт «Рэальны Брэст» апублікаваў яго фота да разбурэння з важным каментарам. Мост меў рухомую (падымалася сістэмай шасцерняў і тросаў з апорай на чатыры жалезныя пілоны) сярэднюю секцыю даўжынёй шэсць з паловай метраў.

Новую, 1911 года будовы, пераправу рускія сапёры ўзарвалі разам з парахавымі склепамі і іншымі аб’ектамі Брэсцкай крэпасці перад сваім адступленнем у Першую сусветную вайну. Палякі аднавілі мост, але разбурылі яго, калі адступалі пасля трохдзённай абароны горада ў 1939 годзе. Ад спаруды захаваліся рэшткі — два магутныя быкі, тры пілоны пад’ёму і такія-сякія элементы надбудовы. Гэта ўсё без праблем можна пабачыць там, дзе правы рукаў Мухаўца ўцякае ў Буг — пагатоў, апошнім часам улетку ўзровень Мухаўца (як і Буга) традыцыйна зусім нізкі.

Мост цераз правы рукаў Мухаўца ў спраўным стане. Фота з сайта «Рэальны Брэст» 

«Рэальны Брэст» цытуе словы будаўніка моста інжынера Івана Бялінскага — той тлумачыць, чаму мост меў асаблівую канструкцыю. Яго пад’ём «забяспечваў пропуск па рацэ караблёў, якія плылі па Дняпроўска-Бугскай сістэме, што звязвае Балтыйскае і Чорнае моры».

Мэта? Усё ж такі гандаль. Мост у Брэст-Літоўску, як і развадныя масты ў Пецярбургу, мусіў не разрываць водныя камунікацыі. Канструкцыю меў, як бачым, іншую, больш сціплую і адпаведную маштабам воднай артэрыі. Але са сваёй задачай у адведзены яму час, відаць, спраўляўся — прапускаў тавары на захад па Бугу і Вісле да Балтыйскага мора і ў другі бок, па Мухаўцы, Прыпяці і Дняпры да Чорнага мора.

Цяпер тыя тавары вадой не возяць, але… Напоўніцу абмяркоўваецца ўжо некалькі гадоў як запраектаванае аднаўленне воднага шляху Е40. Так па-сучаснаму называецца згаданы Бялінскім шлях з Балтыйскага ў Чорнае мора. Фігуруюць у абмеркаваннях і таннасць водных камунікацый, асабліва ў параўнанні з аўтамабільнымі перавозкамі, і большая тэхналагічнасць, і больш спрыяльны да прыроды, экалагічны характар такога спосабу транспарціроўкі. Апошняе аспрэчваецца найбольш. Недзяржаўныя беларускія актывісты ў пераважнай большасці ганяць ідэю, нягледзячы на два важкія аргументы: традыцыйнасць такога гандлёвага вектару і яго выратавальную інструментальнасць ва ўмовах звалакання нас за валасы ў «таежныя» нетры. Аргумент іх акурат экалагічны: маўляў, даб’ем і так напаўжывую Прыпяць ды запаведныя тэрыторыі вакол яе.

Сучасны стан моста.

Чамусьці па-за ўвагай застаецца тое, як без гвалту зрабілі суседзі-палякі. У іх жа Буг таксама працякае праз запаведную Белавежскую пушчу. Былі ўзятыя сродкі ад Еўрасаюза — і пракапаны канал у абход запаведнай зоны. Кропка. Дарэчы, шлюзавая інфраструктура старога воднага шляху на польскай тэрыторыі была (і гэта задакументавана) у нашмат горшым стане, чым беларуская. Так што старое фота не можа не штурхаць на роздумы і развагі пра выгаду «вадзянога» гандлю.

Былі аргументы і «за», і «супраць», каб да Міленіуму аднавіць пад’ёмны мост. Пакуль у актыве распрацаваны адмыслоўцамі праект аднаўлення. Лагічна думаць, што найбольш шанцаў на ажыццяўленне праект мае ў пакеце з аднаўленнем гандлёвага воднага шляху Е40.


Старое Берасце: навейшая праява

Напрыканцы бягучага лета Старое Берасце нечакана прыадчынілася людзям. Пры рэстаўрацыйна-кансервацыйных работах на руінах былога Калегіума езуітаў (часамі крэпасці — Інжынернае ўпраўленне) адкрыліся скляпенні. І ў сваёй кнізе «Подземелья Брестской крепости и…», і ў артыкулах я шматкроць пісаў: адтуль можа быць падземная камунікацыя з Гарнізоннай царквой (былым кляштарам аўгусцінаў). Спасылаўся я на сведчанне протаіерэя Ігара Умца, нядаўняга (да яго смерці) настаяцеля Гарнізоннай царквы, і на значна правалены ганак будынка.

Раскрытыя скляпенні былога Калегіума езуітаў.


Стан справы на канец жніўня — час напісання гэтага матэрыялу — такі: работы прыпыненыя. Стэнд інфармуе, што працу забяспечвае «бюджэт Саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі». Заканчэнне запланавана на 31 снежня бягучага года. Як паведаміла намеснік дырэктара Мемарыяла «Брэсцкая крэпасць» па навуковай частцы Ларыса Бібік, кіраўніцтвам рэстаўрацыйных работ было прынятае рашэнне спачатку ўмацаваць аслабленыя перакрыцці, «каб без лішняй патрэбы не падвяргаць небяспецы рэстаўратараў і даследчыкаў», а потым — «магчыма, ажыццявіць доступ у падземны гарызонт будынка адмыслоўцаў».

Умацаванае перакрыцце скляпенняў.

Фота фіксуе: сапраўды, такая праца зробленая. Ці даведаецца грамадскасць нешта новае пра падзямеллі да 6–8 верасня? Ці адкрыюць іх увогуле? Чакаем.

Фота з сайта «Рэальны Брэст» і аўтара



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!